Нараджэнне, вянчанне i агульнае свята

18.05.2005
"Звязда", 18 мая 2005 г.


Дзённікі конкурсу
Позна ўвечары 16 мая ў Кiеве, на плошчы перад Марыiнскiм палацам, афiцыйна быў адкрыты юбiлейны - 50-ы - мiжнародны конкурс песнi "Еўрабачанне-2005". Толькi прадстаўнiкоў афiцыйных дэлегацый i VIP-асоб на плошчы сабралася каля 2 тысяч (усяго ж, па разлiках кiеўскiх уладаў, на конкурс прыбудуць 30-40 тысяч турыстаў). Паводле слоў вiцэ-прэм’ера Украiны па гуманiтарнай i сацыяльнай палiтыцы Мiкалая Таменкi, якi адкрываў цырымонiю, "конкурс у Кiеве будзе самым маштабным i самым яркiм за ўсю гiсторыю свайго iснавання". Сiмвал сёлетняга фестывалю - папараць-кветка, паводле задумы арганiзатараў, павiнен аб’яднаць не толькi Украiну, але i ўсю Еўропу.
Нягледзячы на даволi значныя "праколы" ў падрыхтоўцы, у прыватнасцi, несвоечасовы запуск у продаж бiлетаў на генеральныя рэпетыцыi, паўфiнал i фiнал "Еўрабачання", еўрапейскi аргкамiтэт прызнаў, што Кiеў падышоў да сваёй задачы вельмi сур’ёзна. Узяць хоць бы пытанне аховы парадку: да яго забеспячэння прыцягнуты 4 тысячы супрацоўнiкаў мiлiцыi i ваеннаслужачых унутраных войскаў; цэнтр горада разбiты на 8 сектараў, у кожным з якiх пастаянна нясуць службу каля 50 чалавек. Паблiзу Палаца спорту, дзе адбудуцца канцэрты, мiлiцэйскiя нарады ўзмоцненыя. Наведвальнiкаў самiх канцэртаў просяць не прыносiць с сабой алкагольных напояў, а таксама нiякай тары (шкляной, металiчнай, пластыкавай) для патэнцыяльнага распiцця любых напояў, пiратэхнiкi, фотаапаратаў i вiдэакамер. Усе гэтыя папярэджаннi надрукаваныя на зваротным баку бiлетаў. Дадаткова на ўваходах у Палац спорту пастаўлены металашукальнiкi, сканеры для праверкi багажу, а таксама ахоўнiкi, форма якiх выканана ў асноўным колеры "Еўрабачання" - зялёным.
Учора беларуская канкурсантка Анжэлiка Агурбаш дазволiла сабе маленькую перадышку ў падрыхтоўцы. I то з выключнай нагоды - святкавання ўласнага 35-годдзя. Па чутках, у гэты ж дзень у Кiеў прыбыла Ала Пугачова. I таксама не проста так, а каб адзначыць 11-ю гадавiну вянчання з Фiлiпам Кiркоравым. (Сам ён, паколькi займаецца прадзюсiраваннем беларускай удзельнiцы, з Кiева нi нагой.) Так што два святы аб’ядналiся ў адно. Зрэшты, на падрыхтоўцы Анжэлiкi адступленне ад графiка не павiнна адбiцца: усё ж у камандзе спявачкi 26 прафесiяналаў (яшчэ адзiн рэкорд "Еўрабачання"), i ўсе працуюць з ранку да ночы. I Фiлiп, i Бедрас Кiркораў, якi таксама прыехаў падтрымаць Анжэлiку, высока ацэньваюць шанцы канкурсанткi на выхад у фiнал. Ва ўсякiм разе, пасля дэманстрацыi "ў дзеяннi" на сцэне касцюма-трансформера ад Валянцiна Юдашкiна рэйтынг Анжэлiкi ў букмекераў рэзка вырас.
Сёння ў Кiеве павiнны адначасова адкрыцца тры канцэртныя пляцоўкi, якiя прапануюць жыхарам i гасцям горада блокi класiчнай, народнай i сучаснай музыкi. "Мы хочам прадэманстраваць усю разнастайнасць украiнскай культуры", - тлумачыць начальнiк Галоўнага ўпраўлення культуры, мастацтваў i аховы культурнага набытку Аляксандр Быструшкiн. У фiнальнай частцы шоу збiраецца выступiць Руслана з новай песняй, напiсанай спецыяльна для "Еўрабачання". Увечары ж на майдане Незалежнасцi засвецiцца "сэрца фестывалю" - адмысловая iлюмiнацыя. Аналагiчныя канцэрты запланаваныя яшчэ ў шасцi гарадах Украiны. Там зараз шукаюць дзяўчат з iмем Руслана, якiя будуць спяваць тую ж песню, што i мiнулагодняя пераможца конкурсу.
Нагадаю, што прадстаўнiца Беларусi Анжэлiка Агурбаш выступiць 19 мая пад 8-м нумарам у паўфiнале. Паводле правiлаў конкурсу, галасаваць за сваю ўдзельнiцу беларусы не змогуць, аднак яе абяцалi падтрымаць жыхары як мiнiмум 26 краiн, дзе спявачка пабывала з прома-турам. Змогуць прагаласаваць i беларусы, што жывуць ва Украiне (кошт званка складзе прыблiзна 3 грыўнi за хвiлiну). А мы - пахварэем...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.