"Наперад у мiнулае", ці За песнямі ў глыбінку

06.12.2012
"Белорусская нива", 6 декабря 2012 г.


Творчая група праекта "Наперад у мiнулае", што выходзіць на "Беларусь 2", у пошуках песеннай спадчыны аб'ехала шмат рэгіёнаў у кампаніі з беларускімі зоркамі эстрады. Выканаўцы - бабулі ў вёсках, носьбіты аўтэнтычнай культуры - даюць багаты матэрыял падарожнікам. У рэшце рэшт фіналам кожнай праграмы становіцца новая версія народнай песні ў выкананні сучасных артыстаў. "Паколькі матэрыял багаты, мы задумваем зрабіць сцэнарый мюзікла ці канцэрт, - распавяла Аксана Вечар, адна з вядучых праекта "Наперад у мінулае" і госця "Тэлетыдня "БН".

- Спачатку ў праекта была рабочая назва "За песнямі". А пасля мы ўсё-такі вырашылі пакрыятывіць і зыходзілі з таго, што рухаемся наперад і разам з тым адшукваем у мінулым нешта такое, што варта вярнуць у будучыню, у сапраўднасць і зрабіць гэта прыналежнасцю нашчадкаў. Апрача таго, нават у невялічкай вёсцы, у якую мы едзем, ёсць свая гісторыя, легенды, паданні, містыка, пра якія мы таксама расказваем. Хоць галоўнае для праграмы - песенная спадчына, распавясці пра асаблівасці, адметнасці канкрэтнай вёскі.

- Аксана, "Наперад у мінулае" - праект малады...
- Выйшлі ў эфір упершыню на Каляды - 7 студзеня гэтага года.

- Як выбіраюцца маршруты? Якія рэгіёны яшчэ не асвоеныя?
- У першы час ездзілі вакол Мінска, імкнуліся наладзіць нейкія сувязі. Гэта зараз нам дасылаюць лісты, тэлефануюць, запрашаюць. Па шчырасці, вакол сталіцы мала засталося ўжо аўтэнтычных песень, а мы хацелі, каб ў праекце была не самадзейнасць, а самабытныя беларускія песні. Пасля нам, напрыклад, Анатоль Ярмоленка казаў: "Едзьце туды, дзе былі "Песняры". Мы пабывалі на Любаншчыне, у Жыткавіцкім раёне. Там сапраўдная скарбніца! Вядома, не маглі не паехаць на Палессе, дзе своеасаблівая гаворка і спадчына даволі багатая.
У нас толькі Віцебкая вобласць неахопленая. Не былі яшчэ ні разу, ужо адтуль лісты дасылаюць, запрашаюць. Зараз мы ўжо другі раз наведаем Любань і Салігорск.
У Любанскі раён едзем таму, што там ёсць такі Сяргей Выскварка - чалавек, які займаецца тым, што захоўвае аўтэнтычнае мастацтва. І менавіта там мы запісалі некалькі калектываў, якія занесены ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА за аўтэнтычнасць, за ні на каго не падобны вакал.

- Якія артысты ўжо былі задзейнічаны ў праекце? І іх рэакцыя на ваша запрашэнне? Іх уражанні?
- Мы стараліся браць артыстаў з сабой, таму што калі прывозіш, напрыклад, Алесю ці Аляксея Хлястова ў вёску, гэта вялікая падзея для бабулек... Ездзілі Іскуі Абалян, Венера, Вікторыя Алешка і многія іншыя. Прасцей сказаць, з якімі артыстамі мы яшчэ не ездзілі. Здаецца, амаль усіх ужо нашых эстрадных зорак задзейнічалі. Асобна трэба адзначыць, што яны нам удзячныя, што мы іх звазілі ў вёскі. Таму што была магчымасць пагаварыць з бабулькамі, кабеткамі, якія там жывуць. Гэта ж зусім іншая культура, уменне сустракаць гасцей. Яны з адкрытай душой да нас ставяцца, проста як да родных. Алесю адправіў сам Анатоль Ярмоленка. Мы кажам: "Анатоль Іванавіч, далёка, Брэсцкая воблась..." А ён: "Хай сустракаецца са сваімі гледачамі-слухачамі, хай з імі пагаворыць".
Яшчэ не было такога артыста, які б паехаў з намі і застаўся незадаволены. Яны вярталіся і казалі: "Нізкі паклон вам за тое, што мы змаглі паўдзельнічаць у вашым праекце".

- Значыць, артыст толькі сам выбірае песню, якую потым будзе спяваць у фінале праграмы?
- Зрэшты, гэты вопыт заганны, скажам так. Чамусьці нашы артысты не заўсёды выбіраюць на самай справе самабытную, цікавую песню. Яны іх неяк так успрымаюць на слых, каб адразу была нейкая хітовасць у песні. Хаця ёсць настолькі многа цікавых і па тэксце, і па тэме, і па мелодыцы твораў. Таму ў апошні час мы запісваем, напрыклад, восем песень, а самі потым аддаём дзве артыстам. І з гэтых песень яны ўжо выбіраюць.

- А што найбольш натхніла саму Аксану Вечар падчас паездак?
- Мне заўсёды прыемна проста бачыць вочы вясковых людзей. Яны настолькі ўдзячныя, што мы прыязджаем, удзяляем ім увагу. Бо не так шмат праектаў на тэлебачанні, з якімі можна выехаць кудысьці ў глыбінку. А тое, што людзі там пры нашым складаным жыцці спяваюць і атрымліваюць ад гэтага асалоду - сапраўдны цуд.

- Ці былі вы са сваёй праграмай у Міры, дзе нарадзіліся?
- Калі мне было тры гады, мы пераехалі ў Карэлічы. І я там ужо гадавалася. Але мы пакуль туды не даехалі, хаця матуля мяне запрашала. Вядома, яшчэ з'ездзім.
Мае бацькі - культпрасветработнікі. Бацька ўсё жыццё на баяне іграе, і мама ў культуры працавала... Вядома, у мяне вясковыя карані. Маміны бацькі жылі на Навагрудчыне, на хутары. А таты - у Карэліцкім раёне... І, дарэчы, калі ў мяне пытаюцца, чаму я так добра размаўляю на беларускай мове, я кажу, што гэта генетычная памяць...

Вера ГНІЛАЗУБ, "БН".