Наперад, па натхненне!

03.10.2014
"Звязда", 3 кастычніка 2014 г.

 
Фальклорныя экспедыцыі здымачнай групы праграмы "Наперад у мінулае" працягваюцца. У першай палове кастрычніка гледачы тэлеканала "Беларусь 3" змогуць пазнаёміцца з фальклорным аўтэнтычным гуртом "Крынічка", пабываўшы ў вёсцы Пагародна Воранаўскага раёна, і завітаць у вёску Лобча Лунінецкага раёна на сустрэчу з фальклорным гуртом "Лабчанка".
Воранаўскі раён Гродзенскай вобласці вызначаецца сваёй культурай і песеннымі адметнасцямі. Гэта вельмі блізкая тэрыторыя да Літвы. Адзін час навукоўцы вызначалі гэты рэгіён як "Чорная Русь" - такі кавалачак славянскай зямлі на балцкіх тэрыторыях. Блізкасць да Літвы і літоўскай культуры (а ў нацыянальным складзе там усё ж больш польскага насельніцтва) у выніку стварае сімбіёз трох культур на славянскай аснове: польскай, літоўскай і беларускай.
- Агульныя рысы гэтых трох культур праяўляюцца тым, што была адна агульная дзяржава. Але ж у кожнага народа ёсць свае асаблівасці. Асаблівасці ў песенным выкананні, з-за гучання рытму мовы, таму ў песеннай культуры з'яўляюцца асаблівыя пункты, - расказвае этнограф Сяргей Выскварка. - Іх няўзброеным вокам не заўважыць, але спецыялісты ўсё роўна будуць адзначаць розныя словы, якія, можа, у іншых рэгіёнах не прысутнічаюць, а толькі ў гэтым. На песенную культуру ўплывае змена светапогляду народа. З кожным новым пакаленнем з'яўляюцца новыя рысы, але знікаюць нейкія са старых. Для рэгіёна Воранаўскага раёна характэрна шматгалоссе кантавага тыпу. Вельмі складанымі рысамі адзначаюцца нават калыханкі. Не проста ўнісонным гучаннем, а некалькімі дэтанічнымі рытмічнымі формамі гучання гэтых спеваў. Каляндарна-абрадавыя цыклы песеннай творчасці самыя старажытныя, архаічныя ва ўсёй славянскай культуры. Таму важна захаваць рэгіянальныя асаблівасці песеннай культуры гэтага рэгіёна, як і іншых у Беларусі. Бо спяваць так, як спяваюць старыя, сёння ўжо могуць не ўсе.
Калі жадаеце даведацца больш і пачуць непаўторны песенны матэрыял, то не прапусціце выпуск праграмы "Наперад у мінулае" 5 кастрычніка ў 11.10 (9 кастрычніка паўтор у 15.30) на тэлеканале "Беларусь 3". І зможаце не толькі даведацца пра гісторыю, легенды, традыцыі гэтага рэгіёна, але і пачуеце, якую песню ў новым гучанні для свайго рэпертуару абярэ госця праекта Ганна Благава.
Не менш захапляльная вандроўка адбудзецца і ў вёску Лобча Лунінецкага раёна. Калі 12 кастрычніка вы не прапусціце новы выпуск праграмы, то даведаецеся пра рэдкія паданні, абрады, а яшчэ пачуеце песні ў выкананні фальклорнага гурта "Лабчанка" і ў сучаснай апрацоўцы гасцей праграмы, удзельнікаў групы "Аўра".