Наперад - i з песняй!

04.05.2004
“Звязда”, 4 мая 2004 г.


Учора а сёмай гадзiне вечара на галоўным чыгуначным вакзале сталiцы адбылiся сiмвалiчныя, урачыстыя, так бы мовiць, “з аркестрам”, праводзiны дуэта “Аляксандра i Канстанцiн” у Стамбул, на мiжнародны конкурс “Еўрабачанне-2004”. (Насамрэч поезд давязе нашых артыстаў толькi да Масквы, а ўжо адтуль выканаўцы самалётам накiруюцца ў турэцкую сталiцу, дзе iх чакае больш як тыдзень напружаных рэпетыцый.)
Напярэдаднi ад’езду першых беларускiх удзельнiкаў на адзiн з самых прэстыжных песенных конкурсаў у свеце Белтэлерадыёкампанiя арганiзавала канцэрт у iх падтрымку. “Беларусь - 12 балаў!” - так называлася гэта акцыя, у якой узялi ўдзел знакамiтыя беларускiя артысты Iна Афанасьева, Аляксандр Саладуха, Аляксандр Цiхановiч i Ядвiга Паплаўская, Аляксандра Гайдук i ўдзельнiца мiнулагодняга дзiцячага конкурсу “Еўрабачанне” Оля Сацюк, а таксама вядомыя спартсмены Максiм Мiрны i Руслан Салей (апошнi падарыў выканаўцам майку з надпiсам “Беларусь” i нумарам 12 - менавiта такая колькасць балаў з’яўляецца найвышэйшай ацэнкай на “Еўрабачаннi”). Прыхiльнiкi i калегi па эстрадзе панадарылi Аляксандры Кiрсанавай i Канстанцiну Драпезу мноства сувенiраў-талiсманаў, а галоўнае - шчырую падтрымку. “Гэта абавязкова дапаможа артыстам атрымаць перамогу i годна прадставiць нашу краiну”, - лiчыць выканаўчы прадзюсар Першага нацыянальнага тэлеканала Сяргей Кухто.
Нагадаю: паўфiнал “Еўрабачання” адбудзецца 12 мая а 21 гадзiне па сярэднееўрапейскiм часе. Усяго ў iм выступяць канкурсанты з 22 краiн. Беларускiм выканаўцам, каб прайсцi ў фiнал, неабходна трапiць у лiк 10 лепшых удзельнiкаў. Пажадаем Аляксандры i Канстанцiну ўдачы!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.