Надзея Цімафеева: "На ўласнае вяселле хачу белую сукенку і фотасесію"

07.02.2014
"Звязда", 7 лютага 2014 г.

 
Да жыцця ў свеце камер і сафітаў гэтай дзяўчыне не прывыкаць. Яна - паспяховая фотамадэль, вядучая "Добрай раніцы, Беларусь" на тэлеканале "Беларусь 1". Надзея доўга не магла вызначыцца з выбарам будучай прафесіі. Думала стаць і юрыстам, і ўрачом, і актрысай, потым паступіла ў педагагічны, а ў выніку працуе на тэлебачанні. Марыць весці ўласнае ток-шоу для дзяцей, зняцца ў кіно і стварыць сям'ю. Пакуль жа набіраецца вопыту ў прафесіяналаў, "выхоўвае" ката Чываса і адкрывае новыя таленты ў сабе.

- У вас педагагічная адукацыя. Як апынуліся на тэлебачанні?
- Падчас навучання ў педагагічным універсітэце я актыўна наведвала розныя кастынгі, курсы, здымкі. Былі і курсы пры Белтэлерадыёкампаніі, дзе нас вучылі правільна гаварыць, будаваць свае думкі, правільна сябе падаваць і шэрагу іншых карысных рэчаў. Таму на тэлебачанні я пачала працаваць пасля доўгага шляху. Не было такога, што "дзяўчынка з вуліцы пастукалася" і яе адразу ўзялі на праграму. Пяць гадоў ішла да сваёй мэты. 

- Складана было сумяшчаць вучобу і кастынгі?
- Усё адбывалася паралельна. У мяне так склалася, што да 11 класа я наогул не магла вызначыцца, кім хачу стаць. Неяк завяла з бацькамі размову пра паступленне на тэатральны, на што маці мне адказала: "Выбірай іншую прафесію!" А паколькі я была гуманітарыем, то вырашыла пайсці ў педагагічны. І зараз зусім не шкадую. Я мела магчымасць спрабаваць сябе ўсюды, калі ўзнікаў інтарэс да нейкай дзейнасці. Мне давалі, можна сказаць, свабоду дзеянняў у тым, да чаго ляжала душа. Робячы даклад, магла паказаць цэлы спектакль. Там я і раскрылася. А дзякуючы адміністрацыі, якая заўсёды з разуменнем ставілася да маіх здымак, кастынгаў, відаць, усё і атрымалася.

- Калі прыйшлі на кастынг у Белтэлерадыёкампанію, як удалося абаяць прадзюсараў?
- Існуе меркаванне, быццам усе прадзюсары і рэжысёры - мужчыны. А там былі і жанчыны, прычым вельмі строгія і сур'ёзныя. Але гэта ніяк не перашкодзіла мне прыйсці і прадэманстраваць сябе. Праўда, калі мне патэлефанавалі, каб запрасіць на кастынг, то я думала, што гэта жарт і спачатку не збіралася нават ісці. У выніку ўсё ж вырашыла паспытаць удачу. На кастынгу трапіла ў сяброўскую атмасферу і не адчувала ніякага дыскамфорту. Ведаючы пра адсутнасць у мяне вопыту працы на тэлебачанні, падказвалі, куды глядзець, як гаварыць. Не ведаю, ці адразу ім спадабалася, бо пра сваё рашэнне мне паведамілі недзе толькі праз месяцы тры. Аднак і да сёння ў нас захаваліся цёплыя адносіны.

- На праграме "Добрай раніцы, Беларусь!" вы працавалі ў пары з Алегам Цітковым. Чаму навучыліся ў яго?
- Спачатку было вельмі складана, доўга прыціраліся адно да аднаго. У Алега дзесяцігадовы стаж працы ў прамым эфіры на радыё і тэлебачанні, таму ён імкнуўся ўкласці нешта ў маю галаву. Улічваючы мой юнацкі максімалізм, я не заўсёды згаджалася і бунтавала: "Буду рабіць, як я хачу!" І вялікая ўдача, што ў той перыяд гэты чалавек прысутнічаў побач. Нягледзячы на нашы невялікія канфлікты, ён вельмі дапамог мне. Калі калега звяртаў маю ўвагу на інтанацыі, на пабудову нейкіх абаротаў, я прыслухоўвалася да яго і займалася самаадукацыяй. Падчас сумесных эфіраў Алег падказваў, як сябе трымаць, дзе варта прытрымаць уласныя эмоцыі.
...Прамы эфір - нешта неверагоднае. Здарыцца можа самае непрадбачанае, а паводзіць сябе трэба так, быццам нічога не здарылася. Ёсць пастаяннае адчуванне драйву і разуменне, што нельга памыліцца, - яны трымаюць у тонусе. Безумоўна, ужо праглядаючы потым выпуск, разумееш, дзе трэба было па-іншаму спрацаваць. Бываюць моманты, калі застаешся і цалкам задаволенай. Але варта мне заўважыць свой выразны мінус, я адразу пачынаю корпацца ў сабе. Калі нешта не атрымліваецца доўгі час выправіць, то звяртаюся да калег. Нядаўна была ў адпачынку і тады зразумела, як мне не хапае гэтых эмоцый.

- Стылістам і візажыстам лёгка давяраецеся?
- Кожны раз раблю гэта з насцярожанасцю, бо часам мяне пераацэньваюць. Кажуць, што я і так прыгожая, таму можна проста крыху падфарбаваць - і гатова. Як правіла, такое "крыху падфарбаваць" стварае праблемы. Калі бачу, што ўсё як след, то нічога не скажу, толькі падзякую, а заўважаючы недахопы, імкнуся звярнуць на іх увагу альбо асабіста выправіць становішча. Важу з сабой касметыку. Зразумела, на вынік працуюць і фатограф, і стыліст, і я ў тым ліку, але без добрага макіяжу ўся калектыўная праца можа быць перакрэслена. З грымёрамі на "Добрай раніцы, Беларусь!" мы добра разумеем адно аднаго, а вось на новых праектах часта без хвалявання не абыходзіцца.

- Драйв, экстрым вам патрэбны толькі на працы ці і ў адпачынку?
- Калі ў жыцці здараюцца перыяды зацішша, то пачынаю думаць: ці не адбылося нешта? А для адпачынку мне дастаткова сонца і мора. Проста я Рыба па гараскопе, таму спакойна адчуваю сябе бліжэй да вады. Неверагоднае задавальненне атрымліваю, назіраючы за жыццём падводнага свету. Пры жаданні адпачыць актыўна на дапамогу заўсёды прыходзяць сяброўкі. У бліжэйшы час яны плануюць скакаць з парашутам, я ж пакуль яшчэ не дала згоды. Аднак варта нам сустрэцца, і мы абавязкова знойдзем сабе прыгоды. З імі можна ажыццявіць любую фантазію.

- Акрамя працы тэлевядучай і фотамадэлі, вы яшчэ і вясельны рэгістратар. Даўно прымяраеце такое амплуа?
- Ідэя нарадзілася таксама сумесна з сябрамі. У адной маёй сяброўкі ёсць вясельнае агенцтва, і неяк яна мне тэлефануе і кажа, што ў іх запланавана выязная рэгістрацыя, а няма чалавека, які яе правядзе. Вырашылі паспрабаваць мяне ў гэтай ролі. З таго часу вось ужо два гады займаюся гэтым. Заўсёды столькі пазітыву атрымліваю ад працэсу падрыхтоўкі: трэба ж прадумаць тэкст, падабраць музыку, абгаварыць дэталі з нявестай. А яны, варта сказаць, вельмі патрабавальныя. І мне падабаецца мець дачыненне да тых, хто стварае ім свята. Калі потым нехта падыходзіць, каб падзякаваць, такія моманты бясцэнныя.

- Сваё вяселле якім уяўляеце?
- Чужыя вяселлі для мяне нагода задумацца, як будзе праходзіць уласнае. Нейкія дэталі падмячаеш. Але, мне зусім не хочацца ладзіць вяселле з такім размахам, які часта сустракаю. Няхай будзе простая цырымонія для мяне і майго каханага, а потым можна на мора - у адпачынак. Адзінае пажаданне - белая сукенка і фотасесія, каб дзецям успаміны засталіся. У астатнім я за свята для дваіх.

Алена ДРАПКО.