На Зорных танцах - новы персанаж

19.02.2010
"Звязда", 19 лютага 2010 г.


Забаўляльны праект Першага канала, якi распачаўся на мiнулым тыднi, набудзе новага ўдзельнiка. Дакладней, удзельнiцу. Прадзюсары шоу палiчылi, што трэцi сезон запар проста глядзець на тое, як папулярныя асобы ў пары з прафесiйнымi танцорамi асвойваюць новыя рухi i рытмы, гледачам будзе не надта цiкава, i вырашылi ўвесцi ў праект прынцыпова новага персанажа.
Цяпер да дзвюх вядучых мужчынскага танцавальнага сезона Вольгi Курышка i Алiны Краўцовай далучыцца загадкавая паненка - "культурная сцерва", як вызначылi яе амплуа стваральнiкi. Яе роля заключаецца ў тым, каб расказваць i па магчымасцi паказваць закулiснае жыццё праекта: няўдачы на трэнiроўках, iнтрыгi, рамантычныя стасункi памiж удзельнiкамi i г.д. Першы такi дзённiк "Зорных танцаў" мае выйсцi ўжо ў гэту суботу, а далей яго плануецца паказваць штодня да заканчэння сезона.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.