На "Тэлевяршыні-2013" будзе горача

19.04.2013
"Звязда", 19 красавіка 2013 г.


Сёння адбудзецца падвядзенне вынікаў ІХ Нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Телэвяршыня". "Зоркі" беларускага тэлебачання збяруцца ў чарговы раз, каб пачуць імёны лепшых. Сёлета намінантамі сталі 72 з прапанаваных на разгляд камісіі 209 праектаў. 108 заявак паступіла ад рэгіянальных тэлекампаній. Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення электронных СМІ Міністэрства інфармацыі Уладзімір Ядранцаў на сустрэчы з журналістамі ў прэс-цэнтры Дома прэсы.
Тое, што сярод усіх заяўленых праектаў у гэтым годзе больш за пяцьдзясят працэнтаў прадстаўлены рэгіянальнымі тэлекампаніямі, не можа не радаваць. "Гэты факт гаворыць пра многае. Сёлета адчувальны якасны скачок і назіралася жорсткая канкурэнцыя. Разнапланавасць тэм, іх глыбокае прачытанне, наяўнасць тэлевізійнай драматургіі выклікалі мноства спрэчак наконт таго, хто ж лепшы" - падзялілася сваімі ўражаннямі Галіна Злабенка, сцэнарыст, член праўлення Саюза кінематаграфістаў Беларусі.
Сярод рэгіянальных тэлеканалаў лідарамі сталі Ліда, Маладзечна, Пінск, Брэст. Тэлекампанія "Магілёў" прадставіла свае праекты ў 20 намінацыях з 24. Што гаворыць пра жаданне працаваць, узровень і магчымасці.
Таксама сёння можна смела гаварыць пра тое, што на беларускім тэлебачанні ёсць "Тэлевізійны дакументальны фільм". Сёлета ў гэтай намінацыі было прадстаўлена 18 заявак. А вось з дзіцячым тэлебачаннем сітуацыя сумная. Як лічыць спадарыня Злабенка, у нас яго амаль не існуе. Між тым менавіта "яно - гэта першая прыступка ў выхаванні сапраўднага грамадзяніна і патрыёта". Не лішнім было б, каб з'явілася намінацыя "Дэбют", дзе маглі б прадставіць вынікі сваёй працы маладыя і таленавітыя людзі, якія працуюць на тэлебачанні каля года, але паспелі заявіць пра сябе.
У сваю чаргу, Вячаслаў Булацкі, загадчык кафедры тэлебачання і радыёвяшчання Інстытута журналістыкі БДУ, вылучыў шэраг тэндэнцый сучаснага беларускага тэлебачання і падзяліўся сваімі меркаваннямі. "Па-першае, гэта дастаткова высокі ўзровень працы рэпарцёраў, вядучых шэрагу прадстаўленых праектаў. Па-другое, парадавала тое, што ў тэлевізійнай журналістыцы назіраецца змена пакаленняў. З'явілася шмат маладых, таленавітых журналістаў, якія імкнуцца зарэкамендаваць сябе. І тым самым не дазваляюць разняволіцца вопытным калегам, што сабраліся "спачываць на лаўрах". Калі казаць пра рэгіянальныя тэлеканалы, то тут тэлевізійная журналістыка ёсць, але прафесіяналізм не заўсёды на патрэбным узроўні. І гэта часта абумоўлена адсутнасцю прафесійнай адукацыі".
Пакуль жа пытанні чакаюць свайго вырашэння, творчая тэлевізійная грамадскасць збярэцца сёння на чырвонай дарожцы Палаца рэспублікі, каб авацыямі вітаць сваіх пераможцаў. Сёлета арганізацыяй цырымоніі конкурсу займаецца канал "Сталічнае тэлебачанне".
- Не буду раскрываць тое, што мы падрыхтавалі, але магу сказаць дакладна: будуць нечаканасці і цікавыя знаходкі. Так, вядучымі будуць прадстаўнікі трох нацыянальных тэлеканалаў, - крыху прыадкрыла таямніцу намеснік дырэктара "Сталічнага тэлебачання" Людміла Кавалёва. - Тэлеверсію цырымоніі на нашым канале можна будзе ўбачыць у суботу ў 20:10.

Алена ДРАПКО.