На танцавальнай сцэне - беларуская "Эсмеральда"

14.06.2013
"Звязда", 14 чэрвеня, 2013 г.


Сёння ў 21.00 тэлеканал "Беларусь 1" пачне прамую трансляцыю 15-га конкурсу маладых танцораў "Еўрабачанне-2013" (Еurоvіsіоn Yоung Dаnсеrs 2013) з Польшчы. Нашу краіну на конкурсе прадставіць 18-гадовая Яна Штангей, якая вучыцца на 3-м курсе Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа.
Па выніках жараб'ёўкі 14 чэрвеня на сцэне Балтыйскай дзяржаўнай оперы ў Гданьску наша канкурсантка выступіць пад другім нумарам. Першай будзе Арменія, а пасля свае нумары прадставяць яшчэ Нідэрланды, Швецыя, Украіна, Чэхія, Польшча, Нарвегія, Славенія і Германія. 
У першым туры кожны ўдзельнік будзе выконваць сольны нумар. Наша Яна выбрала варыяцыю Эсмеральды з аднайменнага балета па матывах рамана Віктара Гюго "Сабор Парыжскай Божай Маці" на музыку Цэзара Пуні - Рыкарда Дрыго. У праграме шоу таксама прэзентацыя аднолькавых групавых танцавальных нумароў, пастаноўку якіх ажыццяўляюць харэографы конкурсу - тандэм з Вялікабрытаніі BаllеtBоуz. Наша прадстаўніца выступіць з удзельнікамі з Нідэрландаў, Швецыі, Арменіі і Украіны.
Пасля прагляду прафесійным журы сольных і групавых танцаў у кожнай з груп будзе вызначана па два фіналісты. Яны працягнуць свой шлях да перамогі падчас выканання танца-"дуэлі", які ўключае ў сябе элементы сольнага і групавога нумароў. Гэты імправізаваны танец Яна рэпеціруе з канкурсантам з Нідэрландаў.
"У Яны дастаткова складаная праграма, бо, у адрозненне ад большасці ўдзельнікаў, якія танцуюць толькі мадэрн, яна танцуе і мадэрн, і класіку. Пачынаючы з 8 чэрвеня прайшоў ужо шэраг рэпетыцый сольных, групавых танцаў і імправізаваных танцаў-"дуэляў". Незалежна ад таго, хто пераможа, усе ўдзельнікі набудуць каштоўны вопыт працы на танцавальнай сцэне", - падзялілася ў эксклюзіўным тэлефонным інтэрв'ю кіраўнік беларускай дэлегацыі Людміла Барадзіна.
Пляцоўка для шоу, па задумцы дызайнера, будзе трансфармавана ў магічную сцэну. Падчас трансляцыі конкурсу на экране будуць паказаны візіткі кожнага ўдзельніка, а падчас выступленняў будзе выкарыстоўвацца графіка для стварэння больш яркага і відовішчнага тэлевізійнага шоу.
Нагадаем, права на паказ конкурсу маладых танцораў "Еўрабачанне-2013" належыць Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь як члену Еўрапейскага вяшчальнага саюза (ЕВС). Каментаваць прамую трансляцыю з Гданьска на тэлеканале "Беларусь-1" будзе Дзмітрый Карась.

Алена ДРАПКО.