На Мальце прагучыць беларуская мова

02.09.2014
"Звязда", 2 верасня 2014 г.


Спяваць на ёй будзе прадстаўніца нашай краіны на дзіцячым "Еўрабачанні"
14?гадовая мінчанка Надзея Місякова перамагла ў нацыянальным адборачным туры - рэспубліканскім конкурсе "Песня для "Еўрабачання". Менавіта яе прызналі лепшай з 10 фіналістаў, якія прадставілі свае выступленні 29 жніўня ў прамым эфіры "Беларусь 1".
Хоць, варта зазначыць, лёгкім і адназначным гэта рашэнне не было. Кожны з 11 канкурсантаў (9 салістаў і адзін дуэт) па-свойму вылучаўся і меў сваю запамінальную "фішку" ў выступленні. Аднак паводле сістэмы галасавання 50/50 на канчатковы вынік уплываюць і гледачы, і прафесійнае журы, таму разыходжанні ў ацэнках часам былі вельмі значнымі. Так, лідара глядацкага галасавання Уладзіславу Дарашэвіч (юная спявачка набрала больш за 5 тысяч галасоў, якія трансфармаваліся ў 12 балаў) суддзі ацанілі ўсяго 1 балам, затое Алену Цітову і Надзею Місякову, якім гледачы паставілі толькі 4 і 3 адпаведна, журы адзначыла высокімі баламі - 10 і 12.
Пасля выстаўлення ацэнак нічога не праяснілася, затое хваляванне канкурсантаў дасягнула апагею, бо аднолькавую колькасць сукупных балаў набралі адразу некалькі фіналістаў - Ганна Зайцава, Павел і Ксенія Лашчэўскія і Надзея Місякова. "Якая знаёмая сітуацыя! - не стрымаў здзіўлення і адзін з вядучых шоу, удзельнік "Еўрабачання?2014" Тэа.?- Як тут не хвалявацца!" Паводле правілаў конкурсу, у такім выпадку, калі два і больш удзельнікі набіраюць роўныя балы, суддзі дадатковым адкрытым галасаваннем вызначаюць пераможцу. І толькі пасля гэтага непрацяглага падліку выявілася, што найбольш моцнай журы палічыла беларускамоўную песню "Сокал" - менавіта яна прынесла Надзеі Місяковай шчаслівы білецік на Мальту.
Да слова, нашы ўдзельнікі дзіцячага "Еўрабачання" неаднаразова прадстаўлялі на міжнародным конкурсе менавіта беларускамоўныя песні (у адрозненне ад дарослага шоу, дзе песня на беларускай мове яшчэ не гучала ніводнага разу). Вось і Надзея, прыслухаўшыся да меркавання прафесіяналаў, пераклала першапачаткова рускамоўную песню на родную мову - і не памылілася. Нумар юнай артысткі, да таго ж, зроблены ў стылізаваных "пад фольк" строях і з выкарыстаннем адмысловых інструментаў - чымсьці гэтая пастаноўка нагадвае пераможны нумар украінкі Русланы на дарослым "Еўрабачанні" дзесяцігадовай даўніны. Словы і музыку конкурснай песні дзяўчына напісала сама, а сучасную аранжыроўку кампазіцыі дапамог зрабіць беларускі артыст Uzarі.
Сама Надзея - таксама не навічок, а ўжо вопытны і загартаваны "баец" сцэны. У свае 14 гадоў дзяўчына мае ў скарбонцы дасягненняў шэраг перамог на конкурсах "Зямля пад белымі крыламі", "Маладзічок", "Крымскія хвалі", "Новыя імёны", "Кубак Еўропы", паспяхова выступіла ў рэспубліканскім радыёконкурсе "Маладыя таленты Беларусі" і тэлепраекце "Я спяваю". Вакалам Надзея Місякова займаецца ў ансамблі "Заранак" (Нацыянальны цэнтр музычнага мастацтва імя У.Мулявіна, эстрадная майстэрня Васіля Сянькова). Дарога ж на дзіцячае "Еўрабачанне" перад юнай спявачкай адкрылася з трэцяй спробы - у 2012 годзе ў складзе вакальнага гурта, а летась сольна Надзя таксама даходзіла да фіналу нацыянальнага адбору, але высокага месца не заняла.
Нагадаем, сёлета дзіцячы конкурс песні "Еўрабачанне" ўпершыню пройдзе на Мальце, на пляцоўцы былога суднабудаўнічага завода Malta Shіpbuіldіng у горадзе Марса, пад дэвізам #together - "Разам". Акрамя нашай краіны, удзел у ім на гэты момант пацвердзілі ўжо Арменія, Грузія, Нідэрланды, Расія, Украіна, Швецыя і ўласна Мальта. Таксама пасля перапынку абвясцілі аб сваім вяртанні Балгарыя, Партугалія і Сербія.
Беларусь, дарэчы, удзельнічае ў конкурсе з моманту яго заснавання ў 2003 годзе, здабыўшы за гэты час дзве перамогі, адно другое і два трэція месцы. Нездарма афіцыйны сайт міжнароднага конкурсу junіoreurovіsіon.tv (які, між іншым, сёлета ўпершыню вёў прамую трансляцыю беларускага адбору) суправаджае свежыя навіны пра нашу краіну пытаннем: "Беларусь выйгравала дзіцячае "Еўрабачанне" ўжо двойчы. Ці зможа яна зрабіць гэта яшчэ раз сёлета?"

Хто судзіў удзельнікаў?

У склад журы сёлета ўвайшлі: кампазітар Генадзь Маркевіч; заслужаная артыстка Беларусі, спявачка Ірына Дарафеева; кансультант упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Таццяна Пархамовіч; выканаўчы прадзюсар тэлеканала "Беларусь 1" Людміла Барадзіна; дырэктар Нацыянальнага цэнтра масацкай творчасці дзяцей і моладзі Надзея Васільчанка; кампазітар, салістка ансамбля "Камерата" Вольга Вараб'ёва; загадчык аддзела музычных праграм Першага канала Беларускага радыё Таццяна Якушава; дырэктар радыёстанцыі "Радыус-FM" Алена Трашчынская; народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Зарыцкі (старшыня журы).

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.