На галоўнай плошчы з аркестрам

02.07.2004
“Звязда”, 2 ліпеня 2004 г.


Ёсць на карце пункты. I ёсць - месцы, вядомыя ўсім ад старога да малога. Гарады-героі. Брэсцкая крэпасць. Хатынь... Плочша Перамогі!
Калі ў беларускіх тэлевізійнікаў з Першага нацыянальнага ўзнікла ідэя размясціць на галоўнай плошчы краіны вялікі сімфанічны аркестр, а там і наогул зрабіць вялізную канцэртна-тэатральную праграму да Дня вызвалення рэспублікі, многія здзівіліся. Маўляў, спяваць і танцаваць на фоне ваеннай памяці гэтак жа непрыстойна, як гучна смяяцца на могілках... Пасля доўгіх кансультацый і перамоў аўтарам праекта "Плошча Перамогі" Надзеі Гаркуновай і Уладзіміру Ісату ўдалося пераканаць скептыкаў, што ствараецца не проста праграма "песні-танцы", а самая сапраўдная акцыя яднання пакалення XXI стагоддзя і пакалення, абпаленага вайной. I не рэкламная шуміха, і не ўсёабдымная масавасць важныя, а размова дзядоў і ўнукаў па душах: першым ёсць што расказаць, другім - пакуль яшчэ - ёсць каго слухаць...

- Атрымліваецца, праект заснаваны на чалавечых лёсах, гісторыях ваеннага часу, якія захоўваюцца ў кожным родзе? - цікаўлюся ў кінарэжысёра, аўтара ідэі і рэжысёра-пастаноўшчыка "Плошчы Перамогі" Надзеі ГАРКУНОВАЙ.
- Напэўна, пра гэта нават не трэба лішні раз гаварыць: няма сям'і ў Беларусі, якую б так ці інакш не закранула гэтая тэма, гэтая трагедыя, увесь гэты жах...

- Можа і ў вашай сям'і ёсць свая "ваенная" гісторыя, якую памятаюць і беражліва захоўваюць?
- Калі я была маленькая, нам мала расказвалі пра гэта, так мне, ва ўсякім разе, здавалася. А потым паступова я зразумела, што і маю ўласную сям'ю вайна непасрэдна закранула. Мой дзядуля, татаў бацька, якога я не ведала - Фёдар Рабаконь, - быў начальнікам 12-га пагранатрада ў г. Лібава (Ліепае). Ён загінуў роўна праз месяц пасля пачатку вайны, 22 ліпеня 1941 года. Потым, бабуля майго сына ўсю вайну была ў канцлагерах і цудам выжыла - за дзень да расправы іх вызвалілі. Бацька майго мужа ваяваў яшчэ ў фінскую, а ўсю Айчынную служыў на Паўночным флоце... I калі я цяпер, ужо дарослая, гляджу на тую адзіную фатаграфію дзядулі, якую бацька зрабіў для мяне з даўнейшага маленькага здымка, - я прысвячаю гэтай памяці тое, чым сёння займаюся.

- Сярод вялізнай колькасці ўдзельнікаў праекта даволі шмат моладзі - людзей, якія вайну "ў твар" не бачылі, ведаюць пра яе, можа, з фільмаў і кніг. Па-вашаму, маладыя людзі "ўжываюцца" ў пачуцці і падзеі Вялікай Айчыннай?
- Гэта якраз вельмі важна для нашай задумкі - звязаць пакаленні. Усё гэта і сёння блізка, і сучасныя трагедыі пераплятаюцца з тым, што перажылі нашы бацькі і дзяды. Боль заўсёды пафарбаваны ў адзін і той жа колер! Калі я размаўляю з маладымі акцёрамі, выканаўцамі, дык бачу жывы водгук і магу сказаць, што яны з поспехам спраўляюцца з задачай спачатку адчуць і зразумець, а потым выканаць. Ужо на першай рэпетыцыі ва ўнутраным дворыку Белтэлерадыёкампаніі я заўважыла: людзі паглядалі з вокнаў, нехта падтанцоўваў, нехта нават плакаў... Г. зн. у час рабочага, тэхнічнага прагону ўжо было зразумела, што мы на правільным шляху, таму што сэрцы чалавечыя - адгукаюцца. Калі гавораць, маўляў, моладзь не разумее мінулага - няпраўда! Маладыя людзі ўсё цудоўна разумеюць. Галоўнае - правільна растлумачыць, здолець зазірнуць чалавеку ў вочы, незалежна ад узросту, пасады, папулярнасці і іншае.

- Ці возьме ўдзел у праекце "Плошча Перамогі" хто-небудзь з расійскіх выканаўцаў?
- У нас у гасцях будзе Міхаіл Ножкін - папулярны артыст, сцэнарыст, паэт, выканаўца мноства песень (у тым ліку ўласнага сачынення), прысвечаных вайне...

- А як наконт артыстаў з іншых краін былога Савецкага Саюза - да вызвалення Беларусі мае дачыненне вялізная колькасць людзей розных нацыянальнасцяў?
- Спачатку была такая сцэнарная задумка - сабраць у канцэрце прадстаўнікоў розных краін: Беларусь вызвалялі ўсёй грамадой - і рускія, і казахі, і грузіны, і палякі, і ўзбекі. Але, на жаль, каб вытрымаць гэтую геаграфічную лінію, трэба было планаваць ідэю загадзя. Бо летні гастрольны графік у кожнага артыста свой. Давялося ад ідэі адмовіцца: ці гэта павінен быць вянок дружбы, ці - абыходзімся сваімі сіламі. Дарэчы, я не шкадую, што так атрымалася.

- У 2005 годзе адбудзецца 60-годдзе Перамогі. Ці думалі вы пра тое, які праект хочацца зрабіць да гэтай даты (магчыма, разам з расійскімі тэлевізійнікамі)?
- Было б грандыёзна і здорава аб'яднаць намаганн! калег. Але я думаю, што да гэтага трэба падыходзіць паступова. Цяпер на нас ляжыць вельмі вялікая адказнасць: трэба зрабіць праект, прааналізаваць, улічыць усе дасягненні і недапрацоўкі, ацаніць сваю працу па заслугах - як людзі прынялі гэты "прадукт". Так што давайце не будзем забягаць наперад.

Гутарыла Вікторыя ЗАХАРАВА.