На "Еўрабачаннi-2007" Беларусь прадставiць магiю i духаў

24.01.2007
"Звязда", 24 января 2007 г.


Прафесiйнае журы дало "зялёнае святло" Дзмiтрыю Калдуну.
Нам так доўга гаварылi, быццам беларусы не паказваюць у сваiх выступленнях шоу, што сёлета ўсе тры прэтэндэнты на пуцёўку ў Хельсiнкi расстаралiся па поўнай праграме. Нават тыя гледачы, якiя прыйшлi ў сталiчны Палац спорту выключна дзеля прыезджых "зорак" - шведкi Каролы, латышоў Мары Н i гурта "Космас" i, нарэшце, леташняга "пераможцы сярод людзей" Дзiмы Бiлана - не пашкадавалi, што цярплiва адседзелi апошнi канцэрт "ЕўраФэсту".
На "разагрэве" ў старэйшых калег па сцэне выступiлi юныя зорачкi, якiя са свайго боку маглi б павучыць дарослых, як штурмаваць "Еўрабачанне" - сёлетнi ўладальнiк другога месца Андрэй Кунец i леташняя трыумфатарка Ксенiя Сiтнiк. Потым, паводле сцэнарыя, пляцоўку аддалi сябрам-сапернiкам, якiя па чарзе i прадставiлi свае "заяўкi на перамогу".

Новенькае i яскравае
Найменшую перапрацоўку перажыў нумар Дзiяны Гурцкая - уласна песня "Hоw Lоng" увогуле была прызнана журы бездакорнай, спецыялiсты параiлi толькi змянiць сцэнiчную пастаноўку. Выразiлася гэта ў тым, што танцоры Дзiяны канчаткова ператварылiся ў анёлаў, прычапiўшы за спiнамi крылы, i, вiдаць, натхнiўшыся вобразам Калдуна ў паўфiнале, расфарбавалiся а-ля "iндзеец на шляху вайны". Зрэшты, нi шыкоўны вакал Дзiяны, нi ўражанне ад песнi ад перастаноўкi складовых не пацярпелi.
"Thе Рrоjесt", як i абяцалi, зрабiлi сваю пародыю на шоу-бiзнэс "S.U.Р.Е.R. S.T.А.R." не толькi дзвюхмоўнай, але i культурна-iнтэрнацыянальнай - да сола скрыпкi i балалайкi дадаўся этнiчны фрагмент. Менавiта пад гэту музыку адзiн з салiстаў, Жэня Чалышаў, нечакана... узляцеў. Але нават на сямiметровай вышынi артыст ухiтраўся нешта спяваць i заводзiць публiку. Гэтым ходам, дарэчы, "Thе Рrоjесt" забiлi адразу двух зайцоў: дадалi ў выступленне яшчэ адну "фiшку" i сарвалi гучныя апладысменты, а таксама пазбавiлi Дзiму Калдуна магчымасцi выкарыстаць падобны "каперфiльдаўскi" фокус.
Зрэшты, Дзмiтрый не сказаць каб разгубiўся. У плюс маладога спевака безумоўна залiчваецца тое, што ён умее вучыцца на памылках i прыслухоўваецца да меркаванняў прафесiяналаў. Ягоная "Wоrk Yоur Mаgiс" была насычаная спецэфектамi - феерверкi, вогненныя ўспышкi, знакi задыяка, нейкiя танцуючыя пачвары на заднiм плане - хiба што не палёт на мятле. Карацей, пачынаючы чараўнiк склiкаў пад свае сцягi розныя стыхii, i яны, падобна, адгукалiся. Праўда, iх усё адно заглушылi прыхiльнiкi сваiм дружным клiчам "Кал-дун, Кал-дун!".
- Сяргей, што гэта было? - злавiлi мы за кулiсамi харэографа Сяргея Епiхава, якi непасрэдна быў заняты ў нумары Дзiмы Калдуна.
- Гэта добры маг.
- Праўда? Цяжка тады ўявiць, як выглядае злы...
- Не, праўда добры. Нашы вобразы завязаныя на тэксце песнi. Дзiма нiбы заклiкае духаў Агню, Вады, знакi задыяка (там над сцэнай выявы Дзiмiнага знака, Кiркорава, Дробыша i майго) i ўвогуле ўсе стыхii, - а мы яму дапамагаем. Чаму я ўвогуле вырашыў падтрымаць Дзiму Калдуна? Бо ён мне давярае, i мы супрацоўнiчалi раней, перасякалiся на розных канцэртах. Але хачу сказаць, што гэта не канчатковая пастаноўка, i калi Дзiма пераможа, нумар будзе дапрацоўвацца, шоу памяняецца на 100 працэнтаў. Я сам увогуле заняты ў мюзiкле Алейнiкава, але курыраваць Дзiмiну падрыхтоўку буду.
Тым часам, пакуль прафесiйнае журы раiлася i вырашала, каму ж з канкурсантаў аддаць перавагу, на сцэне выступалi леташнiя ўдзельнiкi "Еўрабачання" ад Беларусi, Латвii, Швецыi i Расii. Усiх падмануў - у добрым сэнсе - Дзiма Бiлан, якi спачатку выпусцiў музыкантаў, потым падтанцоўку, i амаль незаўважна пад першыя акорды "Nеvеr Lеt Yоу Gо" выйшаў сам. Сцiплы "ўладальнiк першага месца сярод людзей" пажадаў усiм канкурсантам удачы i поспехаў, сказаўшы, што падтрымлiвае абсалютна ўсiх, а да "прыёмнай камiсii" звярнуўся з просьбай: "Давайце будзем глядзець у корань, у глыбiню - глыбiню вачэй, музыкi, творчасцi!". Акрамя сваёй пераможнай песнi, выканаўца падарыў мiнскай публiцы яшчэ дзве - "Гэта было каханне" i "Немагчымае магчыма". Асабiста я ведаю дакладна адно: калi б немагчымае насамрэч было магчыма, у гэты вечар ад Беларусi паехаў бы на "Еўрабачанне" Дзiма... Бiлан. Праўда, ходзяць упартыя чуткi, што спявак прадставiць сёлета Расiю, i гэта з пункту гледжання раскруткi - нечаканы i выйгрышны ход. Як быццам Дзiма нават павiнен быў вырашыць, цi падасць ён заяўку на ўнутраны расiйскi адбор, пасля ўчарашняга канцэрта ў Беларусi, - але сам выпускнiк Гнесiнкi захоўваў на гэты конт таямнiчае маўчанне, а на прэс-канферэнцыю на ўсякi выпадак не прыйшоў.

Звычайны цуд
Пяць хвiлiн да канца шоу. Старшыня журы, прафесар Мiхаiл Фiнберг, бярэ слова ў прамым уключэннi са студыi:
- Мы сардэчна вiншуем усiх пераможцаў, i называем чалавека, якi паедзе на "Еўрабачанне". Дзмiтрый... Калдун!
Незразумела, чаму ў абвяшчэннi была зроблена паўза - iншых Дзмiтрыяў сярод канкурсантаў усё адно не было. Магчыма, публiцы проста далi час, каб набраць паветра ў лёгкiя i... Ад такога крыку серабрыстыя дажджынкi, якiя сыпалiся на гледачоў падчас шоу, здаецца, сарвалiся ў зваротным накiрунку - уверх. А Дзiма практычна без паўзы пасля абвяшчэння вынiкаў выканаў на "бiс" сваю пераможную песню - i частка публiкi нават вярнулася на танцпляцоўку, каб паапладзiраваць гэтаму таленавiтаму i мэтанакiраванаму хлопцу - новаму паслу ў Еўропу ад Беларусi.
…Напэўна, калi звяртаць увагу на выпадковасцi i бачыць у iх знакi звыш, вынiк фiнальнага канцэрта "Дарога на Еўрабачанне" быў прадказальны. Па вынках жараб'ёўкi Дзiму дастаўся апошнi, трэцi нумар выступлення (а яшчэ Шцiрлiц заўважыў, што запамiнаюцца апошнiя словы). Аўтары ягонай песнi "Wоrk Yоur Mаgiс" Фiлiп Кiркораў i Карэн Кавалеран сядзелi ў ложы акурат насупраць сцэны i адзiныя з ганаровых гасцей былi прадстаўлены публiцы. Нарэшце, нават урывак з рэкламы "Ты проста чараўнiк!" мiстычным чынам прагучаў адначасова з пытаннем вядучага "Так хто сёння лепшы?"... Зрэшты, разважаць на гэты конт можна многа, беручы да ўвагi i талент, i сувязi, i яшчэ нейкiя патаемныя меркаваннi. Лепш дамо слова асобам, больш аўтарытэтным у шоу-бiзнэсе ўвогуле i ў адборы на "Еўрабачанне" ў прыватнасцi...
Фiлiп Кiркораў, аўтар музыкi: "Я пiсаў гэту музыку ад усёй душы. I я шчаслiвы, што яе выконвае дастойны выканаўца, i што гэты дастойны выканаўца - з Беларусi".
Карэн Кавалеран, аўтар слоў песень Дзмiтрыя Калдуна, Дзiяны Гурцкая, Дзiмы Бiлана: "З першых акордаў было адназначна зразумела, што Дзiма блiскуча выконвае гэту песню. Вiншую!"
Аляксандр Цiхановiч, кiраўнiк праекта "ЕўраФэст": "Цi супала маё асабiстае меркаванне з рашэннем журы? Пасля таго, як Дзiма памяняў конкурсную песню - безумоўна. Я быў вельмi насцярожаны, пакуль не пачуў замененую песню. Усе былi вартыя, канкурэнцыя была вельмi моцная, але па трох крытэрыях - песня, выкананне i знешнi выгляд - Дзмiтрый Калдун знаходзiўся крыху вышэй iншых. Гэта цалкам фармат "Еўрабачання", а як мы яго прадставiм, залежыць ад нас. I калi кажуць, што нумар падобны да Дзiмы Бiлана - гэта не горшае параўнанне".
- Дзiма, як ты сам зараз сябе адчуваеш? - сустрэлi мы спевака адразу пасля шоу на прэс-канферэнцыi.
- Добра адчуваю. Песня выдатная, i я вельмi рады, што ўсё атрымалася менавiта так - я спяваў яе на адным дыханнi. Падабралася цудоўная каманда, якой я вельмi ўдзячны; а Фiлiп Кiркораў i Карэн Кавалеран - гэта ўвогуле грымучая сумесь. Хоць мы i рабiлi ўсё ў спешцы, i многае магло не атрымацца, але, я лiчу, справiлiся. Нават нягледзячы на тое, што былi пэўныя цяжкасцi ў пачатку - вось, гурт "Thе Рrоjесt" можа пацвердзiць, нечакана адключылiся манiторы (Яўген Чалышаў сапраўды пагадзiўся, што тэхнiчныя праблемы дабавiлi выканаўцам адрэналiну i адказнасцi на сцэне. - Аўт.). Што атрымалася, вы ўсе пачулi i ацанiлi сёння. Дзякуй.
- Ну, ты скажы прама - узялi, адключылi запасныя манiторы. Але чувак усё адно выйшаў, злавiў кураж i праспяваў. Бо ў яго школа выдатная, - дадаў Кiркораў.
Дарэчы, як расказаў Фiлiп, выступленне Дзiмы Калдуна - першае прадстаўленне публiцы Кiркорава ў якасцi кампазiтара. У сэнсе, пiсаў ён даўно, але напярэдаднi свайго 40-годдзя вырашыў раскрыцца i паглядзець, як на гэта адрэагуюць. Рэакцыя беларускай публiкi, прызнаўся, парадавала. Але гэта толькi першы крок - мала стаць запатрабаваным у сваёй краiне. Так што наперадзе ў каманды Калдуна (так, у яго пацiху набiраецца творчая каманда) - прома-тур па краiнах Еўропы, дапрацоўка нумара, каб скласцi канкурэнцыю iншым моцным выканаўцам i ўвогуле вялiкая праца. "Нiхто не кажа, што мы паедзем i пераможам, трэба яшчэ многа рыхтавацца, - разважаў Кiркораў. - Мы будзем старацца, запросiм спонсараў да супрацоўнiцтва, улiчым памылкi мiнулых гадоў. Але многае залежыць i ад вас. Калi вы будзеце настройвацца на пройгрыш, канешне, нiчога не атрымаецца. А калi падорыце пазiтыўную энергетыку, падумаеце i пажадаеце Дзiму перамогi - вось убачыце, якiм будзе вынiк. Наша ж задача - пакарыць Еўропу. Не перамагчы, а менавiта пакарыць, бо ўсе артысты едуць да слухачоў з любоўю".
Прадзюсар Дзiмы Вiктар Дробыш не прысутнiчаў у зале i, здаецца, нават не бачыў тэлеверсii выступлення свайго падапечнага - i нават не мог патэлефанаваць Дзiму, бо ва ўсхваляванага спевака быў выключаны i адкладзены як мага далей тэлефон. Але ён усё ж павiншаваў выпускнiка "Фабрыкi зорак-6" з чарговай перамогай - патэлефанаваў Аляксандру Цiхановiчу, а той ужо выклiкаў да трубкi Дзiму. Крыху пахвалiў, але асаблiва расслабiцца не даў - сказаў, што трэба працаваць далей.

Што трэба ўлiчыць?
Паводле меркавання Аляксандра Цiхановiча, "трэба менш пантоў i больш сур'ёзнай падрыхтоўкi. Трэба прадумаць рэжысёрскую пастаноўку, "разынку" ў нумары. А добрае нахабства, iмкненне да мэты i харызма ў Дзiмы ёсць".
Харэограф Сяргей Епiхаў параiў Дзiму павучыцца ўчэпiстасцi ў Палiны Смолавай i паспрабаваць спалучаць "рэальную", насычаную харэаграфiю з такiм жа вакалам.
Астатнiя ўдзельнiкi ад прагнозаў i парад устрымалiся. Ну, можа, i правiльна - раiць збоку справа няўдзячная... Тым больш, ад нас з вамi, шаноўныя чытачы, зараз залежыць толькi падтрымка або iгнараванне беларускага канкурсанта. Што выбiраем?

Р.S. На дадзены момант таксама вызначылiся са сваiмi прадстаўнiкамi на "Еўрабачанне-2007" наступныя краiны: Боснiя (Марыя Сесцiч), Iрландыя (гурт "Дэрвiш"), Турцыя (спявак Кенан Догулу), Швейцарыя (раскручаны Дзi-джэй Бобо), Малдова (Наталля Барбу), Iзраiль (гурт "Tеараks"), Албанiя (Фрэдэрык Н-Дочы i Аiда), Нiдэрланды (спявачка Э.Ромблi), Андора (трыо "Аnоnуmоs") i Грузiя (Софа Хальвашы). У хуткiм часе вызначацца Эстонiя, Польшча, Славенiя, Мальта i г.д. Нагадаем, конкурс сёлета адбудзецца ў Фiнляндыi 10-12 мая. Наша мэта-мiнiмум... не забыцца ўключыць тэлевiзар.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.