На "Еўрабачанне" паедзе той, хто сам закажа музыку

05.10.2012
"Звязда", 5 кастрычніка 2012 г.


Днямі стартаваў беларускі нацыянальны адбор на міжнародны конкурс песні "Еўрабачанне-2013", што пройдзе налета ў Мальмё (Швецыя). Як і анансавалася, праводзіць яго сёлета будуць новыя людзі і па новых правілах.

Рамансы і фінансы

Бадай, галоўная навацыя ў іх датычыцца фінансавых стасункаў прэтэндэнтаў і арганізатара адбору. Белтэлерадыёкампанія аплоціць правядзенне і асвятленне праекта, а таксама ўнёсак у Еўрапейскі Вяшчальны Саюз, трансляцыю "Еўрабачання-2013" і ўласна ўдзел у конкурсе беларускай дэлегацыі. Усе іншыя выдаткі - напрыклад, на запіс фанаграмы і аранжыроўкі, пастаноўку нумара, стварэнне сцэнічных касцюмаў і прома - мусяць узяць на сябе самі артысты або прадзюсары. Ці многім беларускім выканаўцам таўшчыня кашалькоў дазволіць удзельнічаць у адборы на такіх умовах, прычым, заўважым, без аніякай гарантыі поспеху - пакуль невядома.

Чакаем легіянераў?

Затое вядома, што сёлета паспрабаваць свае сілы ў беларускім адборы змогуць не толькі нашы суайчыннікі, але і замежнікі, што значна пашырае кола прэтэндэнтаў. Галоўнае, каб ахвочым артыстам на момант падачы заяўкі ўжо было 16 гадоў, конкурсная песня не гучала, у тым ліку праз інтэрнэт, да 1 верасня бягучага года, а з падачай заявак кандыдаты справіліся да 22 кастрычніка - гэта апошні дзень іх прыёму. Адрас прыёму каштоўных бандэроляў ранейшы: 220807, г.Мінск, Белтэлерадыёкампанія, з паметкай "Адбор на "Еўрабачанне-2013".
Сёння, як паведамілі ў прэс-службе БТРК, на адрас аргкамітэта ў асноўным паступаюць не самі заяўкі, а папярэднія тэлефанаванні - прычым не толькі з Беларусі, але і, напрыклад, з Расіі і Румыніі.
Дарэчы, арганізатары могуць па ўласным жаданні запрасіць да ўдзелу ў адборы нават тых артыстаў і аўтараў песень, хто не падаў заяўкі на ўдзел.

Апошняе слова - за журы

У спадчыну ад "ЕўраФэсту" цяперашняму нацыянальнаму адбору - ён пакуль што безназоўны - засталася асноўная схема конкурсу: прыём заявак - папярэдняе праслухоўванне - паўфінал - фінал. Але тэрміны правядзення праекта значна сціснуліся. Так, адборачнае праслухоўванне прафесійнага журы (яго склад цяпер абмяркоўваецца) мусіць скончыцца ўжо да 31 кастрычніка. Па яго выніках ад 10 да 15 шчасліўцаў атрымаюць пуцёўкі ў паўфінал, запланаваны на 16 лістапада (з агаворкай: калі набярэцца менш як 10 выканаўцаў, паўфінал можа ўвогуле не адбыцца). Максімум 5 удзельнікаў па выніках галасавання журы змогуць трапіць у фінальны канцэрт, які адбудзецца на пачатку снежня. На ім па суме галасавання гледачоў і журы і будзе названа імя прадстаўніка Беларусі на "Еўрабачанні-2013", а таксама двух "рэзервістаў" - уладальнікаў 2 і 3 месцаў.

Бывай, "Еўрафэст"!

- Ці плануеце вы запрасіць у сваю каманду кагосьці з прадзюсараў "ЕўраФэсту", або гэтыя людзі не будуць мець ніякага дачынення да сёлетняга адбору? - пацікавілася "Звязда" ў арганізатараў.
-- Калі Белтэлерадыёкампанія прыме рашэнне заняцца прадзюсаваннем пэўнага выканаўцы - а мы, паводле палажэння, можам гэта рабіць, - тады неабходна будзе ствараць адмысловую прадзюсарскую групу і вырашаць, хто ўвойдзе ў яе склад. Але на сённяшні момант мы займаемся найперш арганізацыйнымі пытаннямі і тэлевізійнымі трансляцыямі цягам усяго праекта, - падкрэсліла кіраўнік нацыянальнага адбору, намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала "Беларусь 2" Вольга Шлягер. - Чаму мы не пакінулі ранейшую назву? Гэта ж неістотна. Мы працуем, вось што важна.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.