На дзіцячым конкурсе “Еўрабачанне-2004” выступіць мазыранін Ягор Ваўчок.

23.09.2004
"Рэспубліка", 23 верасня 2004 г.


У аўторак позна ўвечары пасля трансляцыi гала-канцэрта фiналiстаў нацыянальнага адборачнага тура “Песня для Еўрабачання” стала вядома iмя юнага прадстаўнiка ад Беларусi, якi 20 лiстапада будзе ўдзельнiчаць у сёлетнiм дзiцячым конкурсе “Еўрабачанне” ў Лiлехамеры. Сярод дзевяцi прэтэндэнтаў iм стаў 12-гадовы Ягор Ваўчок з песняй “Спявайце са мной!”.
Пераможцу вызначыла сума балаў, якая складалася з максiмальнай колькасцi галасоў, аддадзеных яму членамi прафесiйнага журы, i максiмальнай колькасцi званкоў тэлегледачоў, якiя паступiлi ў ходзе iнтэрактыўнага тэлефоннага галасавання.
Праўда, вынiк апошняга для самiх тэлегледачоў застаўся загадкай. Як растлумачылi “Р” арганiзатары конкурсу з Белтэлерадыёкампанii, рэйтынгi глядацкага галасавання не выносiлiся на экран дзеля захавання этычных нормаў, прасцей кажучы, каб не крыўдзiць юных выканаўцаў, якiя не сталi лiдэрамi. “Мы лiчым, што ўсе яны занялi чацвёртае месца”, - паведамiлi “Р” арганiзатары конкурсу. А тройка мацнейшых выканаўцаў, паводле глядацкага галасавання, выглядала так: Ягор Ваўчок, Iра Кулагiна i Галя Клабукова.
Як галасавала журы, “Р” папрасiла расказаць аднаго з яго ўдзельнiкаў, мастацкага кiраўнiка Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” Вячаслава Шарапава. Паводле яго слоў, вялiкiх спрэчак сярод прафесiяналаў наконт пераможцы не было. Ён сам галасаваў менавiта за Ягора Ваўчка, хаця, як прызнаўся, вельмi спадабалася яму i песня Iры Кулагiнай з Лепеля. Але перавагу аддаў усё ж Ягору, зыходзячы з неабходных для будучага канкурсанта крытэрыяў стабiльнасцi i прадказальнасцi.
- Ягор, як правiла, добра, чыста спяваў i на рэпетыцыях, i на неаднаразовых папярэднiх праслухоўваннях, дый на сцэне трымаўся дастаткова ўпэўнена i артыстычна, - патлумачыў музыкант.
Са сваёй песняй Ягор набраў найбольшую сярод усiх удзельнiкаў колькасць балаў, выстаўленых журы. Паводле даных арганiзатараў конкурсу, 76 з магчымых 80, а значыць, меркаваннi прафесiяналаў i гледачоў наконт пераможцы супалi.
Такiм чынам, знаёмцеся з iм блiжэй. Ягор Ваўчок нарадзiўся i жыве ў Мазыры, вучыцца ў сёмым класе i займаецца ў вакальнай студыi гарадскога Палаца культуры пад кiраўнiцтвам выдатнага педагога i спявачкi Святланы Стацэнка. Юны выканаўца прымаў удзел у фестывалях “Зямля пад белымi крыламi”, “Восеньскi зарапад” (Польшча), нацыянальным тэлефестывалi “Сузор’е надзей”. Як гаворыць сам, любiць iграць на кларнеце, катацца на ролiках, гуляць у футбол, глядзець фiльмы пра Гары Потэра, марыць стаць сапраўдным спеваком i... выступiць на адной сцэце з пераможцай сёлетняга дарослага конкурсу “Еўрабачанне” ўкраiнкай Русланай.
Пакуль жа Ягору давядзецца шмат працаваць. За два месяцы, якiя засталiся да пачатку Мiжнароднага дзiцячага конкурсу ў Нарвегii, яго канцэртны нумар павiнен гучаць i выглядаць бездакорна.

Iрына СВIРКО, “Р”.