На дзіцячым "Еўрабачанні" беларус выступіць першым

17.10.2012
"Звязда", 17 октября 2012 г.


Днямі ў Амстэрдаме (Нідэрланды), дзе ў першы дзень зімы пройдзе міжнародны дзіцячы песенны конкурс, адбылося лёсаванне ўдзельнікаў. Адкрываць шоу выпала прадстаўніку Беларусі Ягору Жэшку з песняй "А мора-мора...". Дарэчы, за 10 гадоў удзелу Беларусі ў дзіцячым "Еўрабачанні" 1-ы стартавы нумар нашай краіне дастаўся ўпершыню.
Агульны парадак выступленняў юных канкурсантаў з 12 краін выглядае наступным чынам: Беларусь, Швецыя, Азербайджан, Бельгія, Расія, Ізраіль, Албанія, Арменія, Украіна, Грузія, Малдова, Нідэрланды. Для трох краін - Азербайджана, Албаніі і Ізраіля - удзел у дзіцячым "Еўрабачанні" стане дэбютным.
Дарэчы, абедзвюх нашых суседак на конкурсе прадставяць дзяўчаты: Расію - масквічка Валерыя Янгалычава, якая летась прадстаўляла на гэтым жа конкурсе Малдову, а Украіну - Насця Петрык, старэйшая сястра якой, Віка, прывезла 2-е месца з дзіцячага "Еўрабачання-2008".
Як расказала кіраўнік рэспубліканскага дзіцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання", прадзюсар тэлеканала "Беларусь-2" Людміла Барадзіна, сёлета дзіцячае "Еўрабачанне" пройдзе пад заклікам "Разбі лёд" - поўная супрацьлегласць леташняму "Запалі агонь". Адпаведна, прыгожыя "ледзяныя" элементы плануецца выкарыстаць у афармленні сцэны. Увогуле, арганізатары абяцаюць "з невялікай дапамогай маці-прыроды ператварыць увесь Амстэрдам у адну вялікую зімовую казачную краіну", а на юбілейнае, дзясятае, шоу запрасіць спецыяльных гасцей.
Ці растопіць песня беларускага ўдзельніка Ягора Жэшкі "А мора-мора..." зімовы лёд, даведаемся крыху менш як праз 1,5 месяца.