На дзіцячым "Еўрабачанні" беларус спяе пра мора

02.10.2012
"Звязда", 2 кастрычніка 2012 г.


12-гадовы мінчанін Ягор Жэшка з песняй "А мора-мора..." стаў абраннікам лёсу, публікі і прафесіяналаў музычнай галіны на Рэспубліканскім дзіцячым конкурсе "Песня для "Еўрабачання". У творчым спаборніцтве спявак, набраўшы больш за ўсіх балаў па суме галасоў тэлегледачоў і журы, абышоў 9 канкурэнтаў - артыстаў і калектываў з Мінска, Гомеля, Магілёва, Маладзечна, Светлагорска і Мазыра.
Што адметна - прафесійна вакалам юны артыст займаецца ўсяго два гады, у эстрадна-вакальнай студыі прадзюсарскага цэнтра "Залатыя галасы" пры арт-групе "Беларусы". Але ўжо летась творчы кіраўнік Ягора Валерый Шмат не пабаяўся выставіць свайго выхаванца на нацыянальны адбор дзіцячага "Еўрабачання". І яшчэ ўчора нікому не вядомы хлопец, між іншым, заняў другое месца ў фінале! А з другой спробы ўвогуле перамог - прычым, падаецца, зрабіў гэта без напружання, нібыта гуляючы.
Хоць творчы "стаж" у сёлетняга беларускага дэлегата на дзіцячым "Еўрабачанні" яшчэ невялікі, але за плячыма ў Ягора ўжо ёсць вопыт удзелу ў некалькіх рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах. Юны артыст вучыцца ў 7 класе адной са сталічных гімназій, асаблівую ўвагу надае рускай літаратуры і гісторыі, з задавальненнем слухае Мікалая Баскава і Рыкі Марціна і лічыць вялікім кампліментам, калі яго самога параўноўваюць з Раберціна Ларэці.
Такім чынам, на міжнародным дзіцячым конкурсе "Еўрабачанне-2012", што адбудзецца 1 снежня ў Амстэрдаме, Беларусь прадставіць песня "А мора-мора...". На жаль, рускамоўная - але гэта ўжо зусім іншая гісторыя, з поспехамі ці няўдачамі нашых артыстаў на "Еўрабачанні" мала звязаная...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.