На дзіцячае "Еўрабачанне" паедзе школьнік з Жабінкі

14.09.2010
"Звязда", 14 сентября 2010 г.


Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2010" прадставіць 13-гадовы Данііл Казлоў з песняй "Музыкі свет". У фінальным туры нацыянальнага адбору школьнік з Жабінкі абышоў сваіх канкурэнтаў, набраўшы 24 балы. Другое месца заняла мінчанка
Эвеліна Лашук з песняй "Дзядулеў хіт", на трэцім радку - мазырчанка Кацярына Атрошчанка і яе песня "Купала".
Данііл Казлоў вучыцца ў восьмым класе СШ № 1 г. Жабінка. З дзевяці гадоў займаецца ў школе мастацтваў па класе скрыпкі, удзельнік дзіцячага эстраднага калектыву "Алегра-Нова" пад кіраўніцтвам Нэлі Дуколі.
У творчым багажы хлопчыка - Гран-пры конкурсу "Залатая пчолка" (2009), перамога ў рэспубліканскім конкурсе "Юныя таленты Беларусі" ў лагеры "Зубраня", першае месца на конкурсе "Рытмы маладосці" ў Брэсце (2010).
Данііл - шостае дзіця ў сям'і, яго тата - пастыр царквы евангельскіх хрысціян-баптыстаў.
- Я прысвячаю сваю перамогу ўсім сваім родным і Богу, - сказаў пасля свайго выступлення хлопчык.
Тлумачачы творчую канцэпцыю песні, Данііл адзначыў: "Музыка - гэта ўсё, што нас акружае. Выконваючы песню, я думаў, што музыка дадзеная нам звыш".

Ілья ЛАПАТО.