На дыстанцыі эмоцый і рэйтынгаў

18.03.2014
"Звязда", 18 cакавіка 2014 г.


Тэлеканал "Беларусь 5" малады па мерках часу (пачаў афіцыйна сваё вяшчанне ў снежні мінулага года), але яго дэбют у эфіры суправаджаўся яркімі падзеямі. Напрыклад, нядаўняя Алімпіяда ў Сочы. За час яе правядзення рэйтынг канала ўзрос у шэсць разоў, а агульны час вяшчання дасягнуў 400 гадзін. Наперадзе не менш яркія падзеі - чэмпіянаты свету па хакеі, футболе - словам, зялёнае святло для творчасці і замацавання сваіх пазіцый на медыйнай прасторы... Пра спрыяльныя ўмовы, бліжэйшыя перспектывы эфіру і адметныя вынікі расказаў дырэктар тэлеканала "Беларусь 5" Павел Булацкі.

Алімпіяда: уражанні і вынікі

- Самае яскравае ўражанне - гэта, безумоўна, выступленне нашай нацыянальнай зборнай. Столькі медалёў і такой вартасці мы ні на адной з Алімпіяд яшчэ не заваёўвалі. Пяць залатых - гэта паказчык! Дзякуючы нашым спартсменам меркаванне пра нашу краіну вырасла ў разы. Але калі Першы канал паказваў усё самае топавае - фінал хакейнага турніру, адкрыццё і закрыццё Алімпійскіх гульняў, мы паказвалі практычна ўсю Алімпіяду. І што немалаважна - усе віды спорту ахапілі, у тым ліку і тыя, што развіваюцца. Таму магу годна заяўляць: каманда Белтэлерадыёкампаніі адпрацавала без заўваг, на "выдатна".
Нашы трансляцыі ў аб'ёме склалі каля 400 гадзін вяшчання, улічваючы і трансляцыю Алімпіяды, і інфармацыйныя сюжэты. Такіх лічбаў не было за ўсю гісторыю беларускага тэлебачання. Сёння на "Беларусь 5" ужо па завяршэнні Алімпіяды паказваем самыя цікавыя спартыўныя спаборніцтвы, бо не ўсе ж мелі магчымасць па буднях адсочваць сітуацыю. І нам тэлефануюць аматары спорту, якія з задавальненнем глядзяць медальныя гонкі, біятлон, фрыстайл. Калі ў нечым мы самыя моцныя, то, лічу, пра гэта трэба расказваць.

Перспектыва ў значных падзеях

- Калі гаварыць пра Паралімпійскія гульні, то мы не куплялі трансляцыі. Бясспрэчна, такія спаборніцтвы - гэта перамога людзей, іх сілы духу, але не кожны глядач здольны вытрымаць такое відовішча. Не ўсе ведаюць, як працуюць на вынік гэтыя людзі. Трэба паказваць, што яны працягваюць барацьбу і з'яўляюцца годным прыкладам для многіх. Іх імкненне патрабуе павагі, і пра іх павінны ведаць. Таму будзем рыхтаваць спецыяльныя праекты пра Паралімпіяду, але ў асноўным асвятленне яна атрымае ў інфармацыйных выпусках, як на пятым, так і на іншых каналах Белтэлерадыёкампаніі. Магчыма, нават у бліжэйшы час зладзім з нашым Паралімпійскім камітэтам сумесны праект пра паралімпійскі рух у нашай краіне.
Што датычыцца чэмпіянату свету па хакеі, то ён атрымае самае шырокае асвятленне. Пакажам усе матчы на "Беларусь 5" і на "Беларусь 2". А фінал - на "Беларусь 1".
Акрамя гэтага, з'явіцца спецыяльная праграма, прысвечаная чэмпіянату - журналісты будуць выходзіць з гасцямі ў эфір непасрэдна з месца падзей.
Плануецца поўнасцю паказаць чэмпіянат свету па футболе, які будзе праходзіць у Бразіліі і, варта заўважыць, параўнальны па рэйтынгах з Алімпіядай у Сочы.

Новыя галасы ў эфіры і першае "баявое хрышчэнне"

- Перад запускам тэлеканала мы праводзілі вялікі кастынг каментатараў і не будзем на гэтым спыняцца. Плануем перад чэмпіянатам свету па хакеі зладзіць яшчэ адзін. Хочацца, каб у эфіры гучалі новыя, маладыя галасы, што можа спрыяць і прыходу новай глядацкай аўдыторыі на канал.
На першым кастынгу мы адабралі 5 чалавек, і практычна ўсе яны атрымалі доступ да эфіру. Усім даём магчымасць практыкавацца. Тыя, хто пачаў раней выступаць (каментатары спаборніцтваў па тэнісе, біятлоне, футболе) - ужо ў пэўнай ступені паказалі сябе. Мы прыгледзеліся да людзей. Стала зразумела, каму і што бліжэй. Некаторых у бліжэйшы час будзем браць у штат.
Прапаноўваем усім ахвотным супрацоўнічаць з нашым тэлеканалам. Галоўнае ў нашай працы - любіць і паважаць спорт. Мае значэнне і адсутнасць у чалавека дэфектаў мовы. Павінна прысутнічаць жывая рэакцыя на тое, што адбываецца на экране. Каб зразумець, як кандыдат валодае матэрыялам, голасам і паводзіць сябе ў працэсе працы, просім дасылаць анкеты і відэазапіс з каментарыем таго ці іншага спаборніцтва, а потым адбіраем тых людзей, якіх запрашаем на праслухоўванне ў студыі.

Алена ДРАПКО.