На "базары" ёсць усё...

20.07.2005
"Звязда", 20 ліпеня 2005 г.


Вельмi цiкава, думаецца, паглядзець на "базар" вачамi звычайнага чалавека, а не разумнага i не вельмi журналiста. Ходзiш па "базару", слухаеш, назiраеш.

Вось жа пашанцавала!
У мiнулую нядзелю ў Вiцебску Сяргей Кухто правёў розыгрыш чарговага тыражу лато. Пераможца атрымае 185 мiльёнаў рублёў. Ён (яна?) жыве ў Дзяржынску.
Адразу пасля таго, як аб гэтым стала вядома, многiя сведкi суперрозыгрышу пачалi абмяркоўваць, на што б яны патрацiлi такiя вялiкiя грошы. Мы з калегай паклалi б палову сумы ў банк i жылi б на добрыя працэнты.
А можа грошы, тым больш раптоўныя, i сапраўды шчасця не прыносяць? Тым больш, улiчваючы высокi ўзровень злачыннасцi. Кухто, як сапраўдная "зорка" эстрады, даваў аўтографы i здымаўся з землякамi. У асноўным ён карыстаўся папулярнасцю ў жанчын ва ўзросце за 40...

Вось табе і грошы і відэакамера!
Ужо падведзены вынiкi дзiцячага "базарнага" конкурсу. Нагадаю, што яго пераможцам стала 10-гадовая юная Ксенiя Сiтнiк з Мазыра, якая атрымала 5000 долараў. Акрамя гэтага дзяўчынка стала ўладальнiцай лiчбавай вiдэакамеры, бо паводле вынiкаў тэлефоннага галасавання, якое праводзiлася 2 днi падчас прамога эфiру конкурсу на канале "Лад", менавiта яна больш за астатнiх спадабалася гледачам. Усяго патэлефанавалi i аддалi ёй свой голас больш за 7 тысяч чалавек! Як адзначылi арганiзатары тэлегаласавання, большасць з тых, хто тэлефанаваў - дзецi.
Дзень нараджэння ў Ксюшы - 15 мая. Яна - салiстка узорнай студыi эстрадных спеваў "ЮМЭ, С". Да "базару" была лаўрэатам польскага фестывалю "Вясеннi зоркапад"... На Мiжнародным фестывалi ў Санкт-Пецярбургу сёлета атрымала Залаты Кубак.
Юная прыгажуня марыць спець разам з Пятром Ялфiмавым. А яшчэ яна вельмi любiць Наталлю Падольскую. Адразу пасля перамогi пажадала шмат марожанага i "Кока-Колы", бо ў днi падрыхтоўкi да конкурсу i падчас яго нiчога такога сабе не дазваляла.

Аляксандр ПУКШАНСКI.