На тэлеканале "Беларусь 1" пачнецца міжнародны турыстычны праект

07.10.2016

"Звязда"

Двое тэлевядучых будуць адкрываць для сябе і гледачоў дзіўныя месцы

8 кастрычніка на тэлеканале "Беларусь 1" пачнецца міжнародны турыстычны праект - вялікая вандроўка па розных краінах у кампаніі папулярных тэлевядучых. Ды не проста паездка з аглядам стандартных турыстычных мясцін, а "Вялікі сэлфі-тур".

Сутнасць ідэі ў тым, што двое тэлевядучых - загартаваны падарожнік Уладзімір Богдан, які ўжо аб'ехаў на матацыкле ці не ўсю нашу краіну, і "сталічная штучка" і тусоўшчыца Надзея Цімафеева, якая практычна не была па-за МКАДам, будуць адкрываць для сябе і, адпаведна, для гледачоў дзіўныя месцы, а таксама пазнаёмяцца з цікавымі людзьмі самых неверагодных прафесій. Уладзімір Богдан гэтым разам вандруе па замежных краінах, а Надзея Цімафеева зазірне ў далёкія і блізкія куткі Беларусі. У першым выпуску адзін з іх адкрые для сябе Каталонію, а другая паспрабуе на смак адпачынак у аграсядзібе за 300 км ад Мінска.

Акрамя таго, вядучыя зладзілі сэлфі-спаборніцтва: у кожным з новых месцаў яны робяць смелыя і незвычайныя фотаздымкі - і той з аўтараў, чыё сэлфі набярэ найбольшую колькасць галасоў у сацыяльных сетках, стане пераможцам чарговага выпуску праграмы. "Вялікі сэлфі-тур" будзе выходзіць па суботах у дзённым эфіры.

Вікторыя ЗАХАРАВА.