На хвалі радасці і настальгіі

13.11.2015

"Рэспублiка"

У пакоях фанатэкі Белтэлерадыёкампаніі

Гэтае памяшканне нагадвае бібліятэку: даўжэзныя стэлажы стаяць у некалькі радоў. Толькі на паліцах зусім не кніжкі, да таго ж там холадна і бязлюдна. І бязлюдна не таму, што холадна, а таму, што староннім сюды ўваход забаронены, а 15-18 градусаў - гэта якраз норма для захоўвання плёнак. Для карэспандэнта "Р" напярэдадні 90-годдзя Беларускага радыё зрабілі выключэнне і правялі па пакоях фанатэкі Белтэлерадыёкампаніі.

- Каля 124 тысяч адзінак (арыгіналы і дублі), што складае прыкладна 15 тысяч гадзін гучання, - рапартуе загадчыца фанатэкай Людміла Папова.

Лічбы сапраўды ўнушальныя, але гэта той выпадак, калі цікава не колькі захоўваецца, а што захоў-ваецца. Вершы, канцэрты, радыё-спектаклі… Не ўсё запар, што некалі гучала ў эфіры, а толькі самае каштоўнае. Фанатэка была створана ў 1950-я гады. Тады, дарэчы, як і цяпер, існаваў мастацкі савет, які і вырашаў, што патрэбна пакінуць нашчадкам. Да таго ж у савецкія часы з цэнтральнага радыё з Масквы ў Мінск дасылалі дублі плёнак з цікавымі гукавымі матэрыяламі. Так у нас з’яві-ліся вершы ў выкананні Сяргея Ясеніна, Ганны Ахматавай, Аляксандра Блока і іншых вядомых літаратараў. Ёсць запісы Юрыя Гагарына перад палётам у космас, а таксама незабыўны голас Юрыя Левітана. Пагадзіцеся, сапраўдныя каштоўнасці.

Але ўнікальнымі трэба лічыць менавіта запісы выбітных дзеячаў Беларусі. Колас, Купала, Броўка, Законнікаў - сёння гэтыя галасы рэстаўраваны, аблічбаваны і запі-саны на электронныя носьбіты. А што калі б не рэстаўрацыя? Людміла Сцяпанаўна не схільная драматызаваць сітуацыю. Трафейная нямецкая плёнка, якой карысталіся яшчэ доўгі час пасля вайны, дагэтуль у добрым стане. У невялічкай студыі, якая знаходзіцца побач, адразу знаходзім пацверджанне гэтым словам. У руках гукарэжысёра Наталлі Тышкавец бабіна з адным з першых набыткаў фанатэкі - свае вершы чытае Максім Танк. Спецыяліст запраўляе ленту ў нямецкі магнітафон Studer, і адтуль чысценька, без усялякіх шумоў, льецца голас паэта. Здаецца, хоць зараз папаўняй ім залатую калекцыю. Але Наталля Вячаславаўна не пагаджаецца: крыху прыйдзецца пачысціць запіс на камп’ютары.

Дарэчы, пра залатую калекцыю. Ці ведалі вы, што называецца яна так не толькі таму, што галасы нашых дзеячаў там нібыта каштоўны метал, а таму, што запісваюцца яны на дыскі з залатым напыленнем? Іх адрозненне ад звычайных CD-R не толькі ў колеры, але і ў таўшчыні, адпаведна, і ў надзейнасці. Вытворцы сцвярджаюць, што тэрмін іх жыцця да ста гадоў. А там, спадзяецца Наталля Тышкавец, прыдумаюць што-небудзь больш прагрэсіўнае.

Але вернемся непасрэдна да рэстаўрацыі. Выпадак з тым самым дыскам Максіма Танка, на шчасце, тыповы і не патрабуе шмат працы. Бываюць жа такія экзэмпляры плёнкі, што рассыпаюцца прама ў магнітафоне, добра, калі гэта адбываецца пасля таго, як прайшлі галоўку, якая счытвае гукі. Калі ж не, то тут і пачынаецца тая самая ювелірная работа, здараецца, словы прыходзіцца склейваць па адным гуку, а то і па палове яго. Бывае, над адной плёнкай чаруюць цэлы тыдзень. Дастаткова складана прыбіраць і староннія шумы, напрыклад, калі запіс ажыццяўляўся з грамафона. Такі "трэск", узгадваюць спецыялісты, прыйшлося нядаўна вычышчаць на запісах народнай артысткі СССР Ларысы Александроўскай 1964 года. Там было ледзь чуваць голас вядомай спявачкі, прыйшлося яго сур’ёзна "выцягваць".

- Дык гэта ж ужо будзе не сапраўдная Александроўская, такім чынам атрымліваецца падман нашчадкаў! - шукаю падводныя камяні такой работы.

- Памыляецеся. Мы вельмі клапатліва адносімся да такіх галасоў, дзейнічаем па прынцыпе "Лепш недаціснуць, чым пераціснуць". Часам, каб захаваць унікальнасць матэрыялу, нават пакідаем староннія шумы, - такі быў адказ.

Словам, усе галасы ў фанатэцы сапраўдныя. На апошнім дыску з серыі "Зоркі беларускай сцэны" адразу пазнаецца звонкае сапрана Тамары Ніжнікавай, якая нядаўна справіла 90-годдзе. У першай радыёпастаноўцы "Паўлінкі" 1952 года ні з чым не пераблытаеш галасы Лідзіі Ржэцкай, Глеба Глебава, Барыса Платонава. Усё па-чэснаму ў анталогіях "Песняроў", "Сяброў" і "Верасоў" - Наталля Вячаславаўна з гонарам дэманструе запісы, якія ўжо адрэстаўраваны і аблічбаваны. Усяго залаты фонд налічвае 3700 дыскаў. Ёсць сярод іх матэрыял, які Белтэлерадыёкампаніі падарылі нашчадкі вядомых артыстаў і літаратараў.

Хаця ў апошні час назіраецца адваротны працэс: родныя памерлых дзеячаў просяць для сябе рарытэтныя экзэмпляры, але, вядома ж, ніхто іх не аддае. На жаль, распаўсюджваннем і продажам дыскаў радыё не займаецца, бо не мае на гэта правоў. Таму нам толькі і застаецца што "лавіць" цудоўныя мелодыі і галасы ў прыёмніку. Супрацоўнікам фанатэкі ў гэтым сэнсе пашчасціла значна больш: яны штодзённа могуць слухаць скарбы зямлі беларускай.

- Патрапіла сюды выпадкова роўна дваццаць гадоў таму і ніколі не была заўзятай прыхільніцай беларускага мастацтва, - узгадвае Людміла Сцяпанаўна. - Але з часам паглядзела на яго зусім іншымі вачыма. Калі нарадзіўся ўнук, з замілаваннем стала слухаць казкі, якія чытаў Глебаў, у мяне дасюль гучыць у галаве інтанацыя, з якой ён прамаўляў: "А сейчас, дружок, ты послушаешь сказку". Потым з цікавасцю слухала першую радыёпастаноўку "Паўлінкi" і ўяўляла, што сяджу ў Купалаўскім тэатры, сумавала, што не паспела пабачыць гэтых артыстаў. Потым палюбіла класічную музыку, знайшла ў ёй зачараванне. А што робіцца ў маім сэрцы, калі чую, як Гагарын збіраецца ў палёт! Вяртаюся ў дзяцінства, узгадваю родных, якіх ужо няма побач. Заклікаю і ўсіх вашых чытачоў слухаць радыё, яно дорыць імгненні радасці і настальгіі.

Наталья СТЕПУРО.