На "Беларусь 3" - новы "Дабраранак"

12.02.2016

"Звязда"

15 лютага маленькіх гледачоў канала "Беларусь 3" і іх бацькоў чакае сустрэча з новым "Дабраранкам". Да знакамітага мядзведзіка Топы далучаецца кампанія вясёлых сонечных зайчыкаў - Кася, Лесік і Ясік. І гэта яшчэ не ўсе сюрпрызы, падрыхтаваныя культуралагічным каналам.

Праграма "Дабраранак" папоўніцца новымі рубрыкамі. Напрыклад, "Будзілка" дапаможа хлопчыкам і дзяўчынкам прачнуцца, далучыўшыся да музычнай энергічнай танцавальна-спартыўнай размінкі. Рубрыка "Мульціварка" рыхтуе цікавыя мультпрыгоды. "Дапамагайка" дасць карысныя парады і навучыць, як дзейнічаць у любой няпростай сітуацыі. Абаяльны беларускамоўны доктар Андрэй Вітушка падкажа, як заставацца здаровым і ніколі не губляць аптымізму. І нават строгія прадстаўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, Дзяржаўнай аўтаінспекцыі і Міністэрства ўнутраных спраў зробяць для маленькіх гледачоў выключэнне: сур'ёзныя парады загучаць не ў павучальнай, а ў забаўляльнай форме.

Культуралагічны канал запрашае прачынацца разам з "Дабраранкам" па буднях а 7.20.