На "Беларусь 2" стартуе тэлемарафон "Самы лепшы дзень на "Двойцы"

29.01.2016

"Звязда"

Ужо 2 лютага пройдзе тэлемарафон пад назвай "Самы лепшы дзень на "Двойцы".

Скончыліся зімнія канікулы, але самае цікавае толькі пачынаецца. З наступнага месяца ў эфіры тэлеканала "Беларусь 2" нас чакае шэраг перамен і прыемных сюрпрызаў. Ужо 2 лютага пройдзе тэлемарафон пад назвай "Самы лепшы дзень на "Двойцы". Пачнецца ўсё з "Тэлераніцы", дзе кожны глядач, выканаўшы заданне, атрымае прыз ад "зорнага" госця. Усяго на працягу дня ў эфіры тэлеканала будуць зададзены тры простыя задачы, рашэнні якіх трэба будзе размясціць у інтэрнэце з хэштэгам #двойкаэтокруто. Сачыце за эфірам, выконвайце заданні і выйгравайце.

Яшчэ адно новаўвядзенне чарговага семестра "Двойкі": з 2 лютага інтэрактыўны маладзёжны праект "ПІН_КОД" будзе выходзіць у прамым эфіры, так што магчымасцяў для зносін стане больш. Таксама тэлеаўдыторыю чакае прэм'ера расійскага рэаліці-шоу "Вайна нявест" (першы выпуск - 1 лютага ў 17.25).

Кожны тыдзень у студыі праграмы "Вайна нявест" чатыры дзяўчыны будуць расказваць пра сябе, будучыя вяселлі і жаданыя вобразы (якой павінна быць нявеста ў гэты дзень). Свае дзверы для іх адчыняюць вясельныя салоны: нявесты выберуць прыдатныя ўборы і паўстануць у іх перад журы - вядучым і галоўным экспертам па стылі Сяргеем Зверавым і яго асістэнтамі.

Удзельніца шоу, якую суддзі прызнаюць самай стыльнай, зможа атрымаць асалоду ад трыумфу не толькі на самім праекце "Вайна нявест", але і на чырвонай дарожцы ЗАГСа ў падоранай ёй сукенцы мары!

Акрамя гэтага, прафесійнае журы праекта будзе даваць парады яшчэ і тэлегледачам: які фасон вясельнага ўбору выбраць дзяўчатам з пышнымі формамі, а які падыдзе стройным нявестам, што падабраць з незлічонага мноства аксесуараў і як усё гэта правільна паднесці ў агульным стылі цырымоніі.

Адзначым таксама, што ў новым телесеместры прысутнасць тэлеканала "Беларусь 2" узмоцніцца і ў сеціве: інтэрнэт-платформа стане шырэйшай, а праекты "Двойкі" - яшчэ больш інтэрактыўнымі. Цяпер аказваць уплыў на эфір тэлеканала можна будзе ў адзін клік! На сайце "Беларусь 2" - www.belarus2.by з'явіцца кнопка "Інтэрактыў", дзякуючы якой можна будзе адправіць ролік у праграму "Кіпень", выбраць "Фільм тыдня", паведаміць аб сваёй праблеме карэспандэнтам праграмы "Рэпарцёр", падзяліцца ўласным відэасюжэтам з праграмай "ПІН_КОД" альбо паспрабаваць самому трапіць на тэлеэкран, пакінуўшы заяўку на ўдзел у праекце "Хачу ў тэлевізар!"