На "Беларусь 2" адбудзецца прэм'ера новага праекта "Lаdу Блог"

18.03.2016

"Звяда"

20 сакавіка на тэлеканале "Беларусь 2" у 11.50 прэм'ера новага тэлевізійнага і інтэрнэт-праекта "Lаdу Блог". Дзе пра ўсё, што цікавіць сучасных дзяўчат і жанчын - моду, здароўе, конкурсы, культурныя агляды і многае іншае, будуць расказваць розныя вядучыя влогеры (не блытаць з блогерамі), якія "спецыялізуюцца" менавіта на відэазапісах.

Асновай влога-формы з'яўляюцца запісы, дзе спалучаюцца відэа з падтрымкай тэксту, малюнкаў і іншых даных. Яны могуць быць зроблены ў выглядзе аднаго блока ці складацца з некалькіх частак. Такія ролікі вельмі папулярныя ў інтэрнэце, бо з дапамогай влогаў гледача падпускаюць на блізкую адлегласць да аўтара. Пасля прагляду аўдыторыя літаральна адчувае, што аўтар для іх як сябар.

Вядучымі влогерамі праекта "Lаdу Блог" выступілі ўжо вядомыя і папулярныя блогеры, модныя журналісты. У першых выпусках у якасці вядучых можна ўбачыць лідараў інстаграм, беларускую Барбі Кацярыну Кобу, дызайнера і мадэль Інэсу Кунцэвіч і многіх іншых. Таксама ў ролі вядучых влогаў выступілі вядомыя артысткі - Ніна Кароль, Улада, Галіна Шышкова, Леся Кодуш, Наталі Рашэ... У рамках праекта стартаваў конкурс сярод паспяховых 18 відэаблогераў Беларусі. У відэамайстэрстве пазмагаюцца найлепшыя майстры блогасферы нашай краіны. Візітоўкі ўдзельніц можна будзе кожны тыдзень убачыць у эфіры, а найлепшая стане вядучай "Lаdу Блог". Усе выпускі праекта глядзіце кожную нядзелю ў эфіры тэлеканала "Беларусь 2".

Алена ДРАПКО.