На "Беларусь 1" стартуе другі сезон праекта "Трансфармацыя"

25.10.2016

"Звязда"

Як перабудаваць харчовыя звычкi, абудзiць сiлу волi, зацягнуць сябе ў спартзалу i перамагчы прыродную ляноту на шляху да iдэальнага i здаровага цела, у якiм, як вядома, здаровы дух? Адказ на гэта пытанне з дапамогай прафесiяналаў будуць шукаць удзельнiкi другога сезона папулярнага праекта "Трансфармацыя" на тэлеканале "Беларусь 1".

Удзельнiкамi праграмы сталi 9 герояў ва ўзросце ад 19 да 42 гадоў - чацвёра мужчын i пяцёра жанчын, якiх аб'ядноўвае адно: жаданне змянiць жыццё i "зляпiць" новых сябе. Ну, i галоўны прыз рэалiцi-шоу - таксама неблагая мэта. Для яе дасягнення ў герояў i тэлевядучага Арцёма Рыбакiна, якi пройдзе разам з iмi ўвесь комплекс трэнiровак, ёсць усяго тры месяцы. Гледачы ж змогуць у кожным суботнiм выпуску не толькi сачыць, як змяняюцца героi звонку i знутры, але i даведацца больш пра сiлавыя трэнiроўкi i скласцi з дапамогай дыетолага правiльнае меню. Цiкава, цi здолее нехта пабiць рэкорд першага пераможцы "Трансфармацыi" Уладзiмiра Казакевiча, якi за тры месяцы пазбавiўся 22 кiлаграмаў? Сачыце за эфiрам!

Вiкторыя ЗАХАРАВА.