На "Беларусь 1" - пяты паўфінал "Я магу!"

27.02.2015

"Звязда"

Народнае шоу талентаў "Я магу!" працягваецца. І ў гэтую суботу 28 лютага ў эфіры тэлеканала "Беларусь 1" убачым пяты паўфінал маштабнага праекта Белтэлерадыёкампаніі. У фінале засталося 16 вакантных месцаў, але ўжо зусім хутка іх стане менш, калі на суд тэлегледачоў і журы прадставяць свае нумары дзесяць удзельнікаў пятага паўфіналу.

У мінулую суботу былі вызначаны імёны ўдзельнікаў чацвёртага паўфіналу шоу. Імі сталі Аляксандр Якаўлеў з Гарадка Віцебскай вобласці Дзмітрый Іваненка з Маладзечна.

За права выйсці ў фінал народнага шоу "Я магу!" на гэты раз будуць змагацца: Вячаслаў Ушакоў (Мінск), Андрэй Спасеннікаў (Гомель), Ілья Данільчык (Баранавічы), ансамбль танца "Залаты ўзрост" (Мінск), Сяргей Ярук (в. Раеўшчына, Мінская вобласць), Патрыцыя Свеціна (п. Хацежына, Мінская вобласць), дуэт "RAZ2SO4" (Масква - Магілёў), Ларыса Дудко (Бабруйск), Дзяніс Валенцюкевіч (Жодзіна) і сямейны дуэт "Драйв" (Гомель). А ацэньваць іх таленты ў гэтым паўфінале будуць тэлевядучая Святлана Бароўская, спявачка Іна Афанасьева і драматург Аляксей Дудараў.

Складана сказаць, як сыдуцца зоркі для кожнага з канкурсантаў, аднак яны вартыя вашай увагі. І кожны спадзяецца на перамогу. Напрыклад, Ілью Данільчыка на шоу адпусцілі з ваеннай часці толькі пры ўмове, што ён пераможа. І ўзамен паабяцалі звальненне. А артысты ансамбля "Залаты ўзрост" упэўнены, што менавіта яны пасля фіналу стануць уладальнікамі аўтамабіля. На барацьбу яны настроены сур’ёзна. Калі Святлана Бароўская пасля выступлення зрабіла заўвагу, што ў калектыве не хапае мужчын, то ўдзельніцы не разгубіліся і прама на сцэне запрасілі да сябе ў каманду Аляксея Дударава.

Як складзецца лёс гэтых і іншых паўфіналістаў, вы зможаце даведацца 28 лютага ў 19.00 у эфіры тэлеканала "Беларусь 1".

Варта нагадаць, што па правілах шоу "Я магу!" у фінал праекта па выніках кожнага паўфіналу трапляюць толькі два ўдзельнікі, аднаго з якіх вызначае журы падчас здымак, а другога - тэлегледачы з дапамогай тэлефоннага і sms-галасавання адразу пасля выхаду праграмы ў эфір. Дарэчы, у афіцыйных групах праекта "Я магу!" у сацыяльнай сетцы "ВКонтакте" наглядна відаць, што армію сваіх прыхільнікаў удзельнікі маюць.

Дарэчы, вялікі фінал народнага шоу талентаў па рашэнні арганізатараў перанесены. І самага таленавітага беларуса ў прамым эфіры вызначаць тэлегледачы "Беларусь 1" 29 красавіка. Трыумфатар атрымае аўтамабіль і грашовы прыз.

Больш падрабязнасцяў аб праекце "Я магу!" можна знайсці на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі tvr.by і ў сацыяльных сетках.