"Мы вместе" з Ксюшай Сiтнiк

19.11.2005
"Звязда", 19 лістапада 2005 г.


У нядзелю беларуская дэлегацыя накiруецца ў Хасельт (Бельгiя), дзе 26 лiстапада адбудзецца фiнал трэцяга дзiцячага конкурсу песнi "Еўрабачанне-2005". Нашу краiну, нагадаем, прадставiць з песняй "Мы вместе" 10-гадовая Ксенiя Сiтнiк з Мазыра, а на сцэне ёй дапамогуць юныя музыканты Васiль Раiнчык (гiтара) i Палiна Ждановiч (клавiшы).
Падтрымлiваць дзяцей непасрэдна ў Бельгii будуць мацi салiсткi Святлана Стацэнка, урач-фанiятар Жанна Раманава i прадстаўнiкi Белтэлерадыёкампанii. Гледачы ж змогуць убачыць шоу ў прамым эфiры 26 лiстапада ў 21.15 па беларускiм часе - на Першым нацыянальным тэлеканале i спадарожнiкавым канале "Беларусь-ТБ". Акрамя 16 краiн-удзельнiц, конкурс будуць транслiраваь таксама Кiпр (ён возьме ўдзел i ў галасаваннi), Фiнляндыя i Аўстралiя. Жыўцом на канцэрце ў зале "Эцiяс Арэна", як плануецца, змогуць прысутнiчаць 8,5 тысячы гледачоў.
Паводле слоў намеснiка старшынi Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii Аляксандра Мартыненкi, наступны тыдзень стане для беларускiх канкурсантаў насычаным: штодзённыя рэпетыцыi, запiс вiдэапаштовак, урокi сяброўства, дыска-вечар у "Еўраклубе" i, нарэшце, сам фiнальны канцэрт.
Дзецi, зрэшты, не перажываюць нi наконт апошняга стартавага нумара (Ксенiя Сiтнiк нават прызналася, што лiчыць яго шчаслiвым), нi наконт якасцi выступлення (самiм удзельнiкам нумар падабаецца, а паказаць яго на сцэне яны пастараюцца як мага лепш), нi наконт касцюмаў (iх шые Iван Айплатаў у задзiрыста-спартыўным стылi, якi павiнен чымсьцi пераклiкацца з "фiрменнай фiшкай" Ксенii - прычоскай з хвосцiкамi). Што датычыць касцюмаў, то еўрапейцы папрасiлi зняць з Ксюшы Сiтнiк высокiя батфорты i мiнi-топiк, каб дзяўчынка не выглядала занадта дарослай.
Невядома, якiя змены напаткаюць конкурс у будучынi, а сёлета важная для беларусаў навiна датычыцца галасавання. На працягу 10 хвiлiн можна будзе аддаць свой голас не толькi па стацыянарным тэлефоне, з дапамогай РУП "Белтэлекам" (кошт званка - 1000 рублёў), але i праз SMS-паведамленне (кошт для ўсiх аператараў - 1300 рублёў, нумары будуць вядомыя падчас трансляцыi конкурсу).

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.