Мы не "Фабрыка зорак",

15.08.2003
"Звязда", 15 жніўня 2003 г.


...Неяк я выпадкова ўключыла правадное радыё ў пошуку прогнозу надвор'я і... пачула нешта надзвычай цікавае і незвычайнае. У прамым эфіры слухачы знаёміліся з не вельмі пакуль вядомымі музычнымі гуртамі - сталічнымі і рэгіянальнымі - галасавалі, выказвалі свае крытычныя заўвагі і ўхвалы.

Аказалася, на Беларускім радыё стартаваў новы маладзёжны проект, які адразу ж стаў сярод слухачоў надзвычай популярным: праграма "Адкрытая пляцоўка" - своеасаблівы порт, з якога пачаткоўцы мелі магчымасць выплыць у вялізны акіян музычнай культуры.
Праграма працавала з 15 красавіка да сярэдзіны чэрвеня, і ўвесь тэты час праслухоўванне - і прагназіраванне ўзлётаў ці падзенняў гуртоў - было амаль што захапляльным спортам. На першы - завочны - тур падалі заяўкі і дэма-запісы 25 маладых каманд з Мінска, Ліды, Узды, Светлагорска, Бабруйска, Ашмян, Слуцка, Віцебска, Гомеля, г.п. Свіцязь. У другі тур пад назвай "Выпрабаванне эфірам" прайшлі ўсяго дзесяць гуртоў - прадстаўнікі Мінска, Ліды, Светлагорска і Гомеля. Кожны слухач меў магчымасць патэлефанаваць падчас эфіру ў студыю, задаць любое правакацыйнае пытанне і паставіць выступоўцам адзнаку - ад 1 да 5 балаў. А потым зрабілася яшчэ цікавей: конкурс дайшоў да лагічнага фіналу "Старт-пляцоўка", калі прафесіянальнае журы павінна было выбраць у вочнай форме, падчас жывога канцэрта, "самых-самых" з шасцёркі фіналістаў. І не проста выбраць, а яшчэ і ўзнагароду адпаведную ўручыць, каштоўную, трэба адзначыць, не толькі для маладых музыкаў: хто ж адмовіцца ад запісу ўласнага альбома ў студыі Беларускага радыё, на прафесіянальнай апаратуры і з дапамогай лепшых гукарэжысёраў?
...Фінальны конкурсны канцэрт прайшоў на нечакана высокім узроўні. Чаму "нечакана"? Бо мерапрыемства было з пачатку да канца арганізаванае "за так", без адзінага рубля і практычна за "дзякуй". Нават зоркі беларускай эстрады (Карыяна, Альберт Скараход, гурты "Любоў і спорт" і "Механіка", Яна, Сяргей Сухамлін) выступал! бясплатна. Уваход для гледачоў быў таксама вольны. Звычайна на конкурсах "важкія" падарункі атрымліваюць не толькі канкурсанты, але і журы, тым больш яго старшыня. Дык вось - хочаце верце, хочаце не - старшыня журы "Старт-пляцоўкі", лідар гурта "Палац" Алег Хаменка працаваў таксама бясплатна, "за ідэю", гэтак жа як і астатнія члены журы. Стваралася ўражанне, што тут не конкурс праходзіць, а творчы педсавет: да таго мякка гучала крытыка, да таго шчыра выказвалі "мэтры" маладым падзякі за стылёвыя знаходкі і адметныя "фішкі", да таго яскрава і жвава адбываўся сам конкурс.
"Канешне, трэці тур, выпрабаванне сцэнай, самы складаны, - падзялілася ўражаннямі кіраўнік праекта "Адкрытая пляцоўка" Ала Грыгаровіч, якая, здаецца, перажывала нават больш, чым самі канкурсанты. - Тут многае залежыць і ад гукарэжысёраў, і ад агульнай танальнасці канцэрта. Але нашы канкурсанты трымаліся вельмі годна. Было вялікай нечаканасцю, калі гурт з Узды "Дзі-АС", які раней даслаў нам меладычныя кампазіцыі ў стылі рока-попс, зайграў сапраудны хардрок, а мінчане з "Авесты" з неперадавальным каўбойска-індзейскім гучаннем дадалі ў сваю музыку крышку экстрыму!".
Карацей, на працягу некалькіх гадзін канкурсанты выкладваліся на сто працэнтаў, балельшчыкі ў зале падтрымлівалі сваіх улюбёнцаў, а журы ў разгубленасці разумела, што трэба ж некага і лепшым прызнаць... У выніку галоўны прыз падзялілі напалам. Сталічны гурт "Still out" будзе запісваць свой альбом у студыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, а каманда "Вірус Ліха" (зноў жа Мінск) прэзентуе сябе на нацыянальным тэлефестывалі сучаснай эстраднай песні "На скрыжаваннях Еўропы". Справа ў тым, патлумачыў старшыня журы, што першы гурт пакуль амаль нідзе не "раскручаны", яму трэба дапамагчы з афармленнем музычнага матэрыялу, а "Вірус Ліха" ўжо вядомы ў клубных колах, прычым не толькі ў Беларусі, але і ў Маскве. Астатнія фіналісты атрымалі прызы ад арганізатараў і спонсараў конкурсу (кампаніі "Відэа-хіт" і ЦК ГА "БРСМ").

- Ала, - пацікавілася я пасля завяршэння святочнай часткі, - ты лічыш сваё "дзіця" беларускай "Фабрыкай зорак", альтэрнатывай конкурсу "Але, мы шукаем таленты!" ці нечым яшчэ?

- Наш конкурс - не модная сёлета "Фабрыка зорак", мы ж не вучым гурты і выканаўцаў, як трэба правільна спяваць, рухацца на сцэне (хаця ў фінале і прагучала шмат карысных рэкамендацый з боку журы). Мы даём старт не творчасці, а раскрутцы: магчымасць трапіць у радыёэфір, паразмаўляць са слухачамі, можа, нават сустрэць першых фэнаў, а то і знайсці прадзюсара. Вельмі часта для развіцця маладога гурта менавіта гэтага і не хапае, хаця добрых песень у іх дастаткова. Яны заявілі аб сабе, сабраліся разам - а гэта галоўнае. Тым больш, мы на радыё заўсёды возьмем у ратацыю іх новыя песні.

- Падчас вядзення праграмы ў цябе з'явіліся нейкія асабістыя прыхільнасці (зараз ужо можна раскрыць сакрэт)?

- Вельмі спадабалася ў стасунках мінская каманда "Кіці-Кэт" - людзі з вялікім творчым патэнцыялам, вельмі завадныя і надзвычай цікавыя суразмоўцы ў параўнанні з многімі іншымі. У эфіры спадабаліся і "Стылаўты", якія потым сталі пераможцамі: хаця, па шчырасці, выбар журы быў для мяне абсалютнай нечаканасцю. Па музыцы - захапілася гомельскім гуртом "Вруцэлета" (ёсць кампазіцыі, якія я праслухоўваю па некалькі разоў запар і не стамляюся).

- Конкурс завершаны. А што далей: "другая серыя" ці нейкі абсалютна новы праект?

- Пра новы конкурс мы пакуль што нават не думаем, хаця прыносяць мноства дыскаў і па тэлефоне часта пытаюцца, калі будзе наступны? Думаем асэнсаваць зроблены праект, паразважаць, адпачыць, нарэшце. Бо арганізацыйная работа вельмі складаная, страшэнна стамляе. А увогуле я пакуль што ў водпуску. А вось з восені ў нас новы вяшчальны сезон - там і паглядзім, што далей...

Гучыць амаль як абяцанне. У любым выпадку тое, што ўжо адбылося, не прайшло бескарысна: ні для слухачоў, ні для выканаўцаў, ні, дарэчы, для чараўнікоў эфіру - ды-джэяў (пераканаліся, што ёсць, ёсць каго паслухаць з беларусаў!). Я асабіста для сябе лігаральна адкрыла новую старонку ў нотным сшытку - раней нават не ўяўляла, што ў Беларусі столькі выдатных, цікавых, непаўторных маладых гуртоў! А значыць, патрэбны яшчэ адзін фестываль. I яшчэ раз. І яшчэ многа-многа разоў...

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.