Мы вам пяём...

03.01.2015

"Звязда", 3 студзеня 2015 г.

52 выпускі складзенага гледачамі народнага хіт-парада папулярных выканаўцаў, або 22 гадзіны, напоўненыя музыкай і пазітыўным настроем, 350 старонак сцэнарыя, а таксама безліч агучаных у эфіры разнастайных музычных навін, ад лакальных да сусветных - такія вынікі працы ў 2014-м інфармацыйна-забаўляльнага праекта тэлеканала "Беларусь 2" "Вышэй за дах".

Нагадаем, арыгінальная праграма і яе нязменны вядучы Віталь Карпанаў штотыднёва выносяць на суд публікі 11 кліпаў беларускіх выканаўцаў. Відэаролік, які цягам месяца трымаецца на першым радку, аўтаматычна пераходзіць у своеасаблівую "Галерэю славы", а з яе напрыканцы года складаецца нетыповая для музычных хіт-парадаў "Найвышэйшая адзінаццатка".

Напрыклад, па выніках мінулага года ганаровае месца ў "Галерэі славы" занялі Яўген Літвінковіч з кампазіцыяй "Да цябе", Аляксандр Кавалёў з песняй "Не гульня", Mіsha FM і яго "Не скажу" і Святаслаў Пазняк з кампазіцыяй "Nіght Trafіc".

- У новым годзе мы зноў парадуем гледачоў гарачай барацьбой выканаўцаў і падрыхтуем для аўдыторыі "Вышэй за дах" выдатныя кліпы, забаўныя сюрпрызы, весялосць і ўсеагульную эйфарыю! - абяцае Віталь Карпанаў. - Са свайго боку, заклікаем гледачоў быць не проста сведкамі, а саўдзельнікамі гэтага свята жыцця - толькі ад вас залежыць, хто забярэцца на Алімп, а хто пойдзе на другі круг.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.