Музыка з матэматыкай, або Нашы шанцы на “Еўрабачаннi”

14.01.2005
“Звязда” (дадатак - газета “Чырвоная Змена”), 14 студзеня 2005 г.


Мяркуючы па разнастайных водгуках, значная частка шаноўнай беларускай публiкi дагэтуль здзiўляецца, якiм чынам i чаму менавiта гэтыя людзi прайшлi праз чарговае “рэшата” Нацыянальнага адбору на конкурс песнi “Еўрабачанне-2005” у Кiеве. А здзiўляцца няма чаму! Проста Белтэлерадыёкампанii, мiнiстэрству культуры i членам прафесiянальнага журы нарэшце ўдалося скаардынаваць дзеяннi i стаць аднадумцамi, а таксама выпрацаваць агульныя крытэрыi ацэнкi канкурсантаў. Ва ўсякiм разе, менавiта так лiчыць старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампанii Уладзiмiр МАЦВЯЙЧУК.
Знайшоўся i адказ на пытанне, чаму так доўга журы вызначалася з удзельнiкамi другога тура: абяцалi “агучыць увесь спiс” яшчэ ў кастрычнiку, а дацягнулi да сярэдзiны снежня мiнулага года. Аказваецца, аргкамiтэт расперажываўся, што заявак на конкурс пададзена мала - i БТРК сумесна з мiнiстэрствам адукацыi, Мiнгарвыканкамам i аблвыканкамамi правяла дадатковае праслухоўванне прэтэндэнтаў ва ўсiх абласцях. А яшчэ кажуць, гара да Магамета не ходзiць... Знайшлi яшчэ 19 годных песень. Што адметна, нягледзячы на пазiтыўныя меркаваннi журы, быццам рэгiёны падышлi да адбору вельмi адказна, нiводная з гэтых песень у другi тур так i не трапiла. Затое ў апошнi момант у адыходзячы конкурсны цягнiк ускочыла спявачка Жанет (праўда, яе гэта таксама не выратавала). Канкурсантаў, калi памятаеце, стала 14. На аднаго менш, чым на аналагiчным этапе мiнулага года.
- Чаму? - задала я наiўнае пытанне членам аргкамiтэта.
- Пятнаццатага канкурсанта сярод кандыдатаў проста не аказалася, - растлумачыў Уладзiмiр Мацвяйчук. - Мы былi гатовы працаваць з любой колькасцю выканаўцаў, але атрымалася менавiта так.
- Можа, 1-2 чалавекi ў гэтым спiсе былi нават лiшнiмi! - шакiраваў старшыня журы маэстра Мiхаiл Фiнберг. - А вось да тройкi фiналiстаў я дадаў бы яшчэ Аляксандру Гайдук - на мой погляд, у яе была вельмi неблагая кампазiцыя. Аднак у цэлым меркаваннi журы i сiмпатыi гледачоў супалi.
Дарэчы, каго цiкавяць праславутыя крытэрыi ацэнкi выканаўцаў - мы дабiлiся раскрыцця гэтай “ваеннай тайны”. Па-першае, у кампазiцыi ацэньваўся элемент навiзны: калi спеваку не было чым здзiвiць слухачоў, яго “адсейвалi’. Па-другое, у песнi павiнны быў прысутнiчаць свой унiкальны вобраз, аура, калi хочаце. Далей крытычныя позiркi журы скiроўвалiся на тэкст, сцэнiчны выгляд выканаўцы, рэжысёрскае рашэнне канцэртнага нумара, дзеяннi групы падтрымкi i г.д. Адзiн - дакладней адна - з тройкi фiналiстаў будзе выбраны якраз па комплексу гэтых крытэрыяў. Адбыцца гэта павiнна арыенцiровачна 27 студзеня (ну, калi тыднем раней цi тыднем пазней - нам з вамi не прывыкаць). Пакуль жа ў дапамогу для далейшай падрыхтоўкi кожнай з фiналiстак выдзелена цэлая творчая група, так што ўмовы для спявачак створаны практычна роўныя (калi не ўлiчваць, натуральна, iх уласныя творчыя i фiнансавыя магчымасцi).
Пасля вызначэння прадстаўнiцы Беларусi ў Кiеве пачнецца сапраўды сур’ёзная работа: аранжыроўка, запiс, стварэнне сцэнiчнага вобраза, гастролi ў замежных краiнах (перш за ўсё гэта датычыцца 3-4 блiжэйшых суседзяў, на высокiя балы ад якiх мы можам разлiчваць пры галасаваннi), прома-кампанiя, абмен з iншымi краiнамi-ўдзельнiцамi аўдыё- i вiдэазапiсамi, распаўсюджванне рэкламнай прадукцыi ў выглядзе буклетаў, паштовак, каляндарыкаў i г.д. Ну, а 19 мая ў Кiеве адбудзецца паўфiнал “Еўрабачання”. Фiнал - 21 мая, але так далёка пакуль заглядваць не будзем...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.