Музыка непаўторнасці, або Радасць і гонар. За Беларусь

09.09.2005
"Літаратура і мастацтва", 9 верасня 2005 г.


XXVI Міжнародны фестываль фальклору, арганізаваны Еўрапейскім вяшчальным саюзам, прайшоў у Гданьску. Беларусь, якая ўваходзіць у ЕВС і ўдзельнічала ў такім форуме народнай творчасці не ўпершыню, была прадстаўлена мастацтвам этнатрыо "Троіца". Знаную суполку ў складзе Івана Кірчука, Юрыя Дзмітрыева ды Юрыя Паўлоўскага для ўдзелу ў фестывалі прапанаваў радыёканал "Культура". Пабывала ў Гданьску і спецыяльны карэспандэнт Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі музыказнаўца Таццяна Песнякевіч. 3 ёю пагутарыў карэспандэнт "ЛіМа".

- Пра існаванне "Еўрабачання" ў нас ведаюць, здаецца, усе. А пра такую прыгожую і значную традыцыю Еўрапейскага вяшчальнага саюза, як правядаенне міжнародных фальклорных святаў, большасць нашых суайчыннікаў, на жаль, нават не мае ўяўлення. Запачаткаваны 25 га-доў таму, гэты фестываль музычнай творчасці народаў Еўропы зрабіўся адной з найболын яскравых і палулярных імпрэз. Колькі слоў, калі ласка, пра сёлетні.
- Еўрапейскі вяшчальны саюз ладкуе такія фестывалі ўлетку, у турыстычных цэнтрах і прымяркоўвае да тых імпрэз, якія там праходзяць акурат у гэты час. Правядзенне чарговага фэсту адбылося ў Гданьску падчас маляўнічага Дамініканскага кірмашу. I яшчэ адно супадзенне: Польскае радыё, якое таксама было арганізатарам сёлетняга свята фальклору, адзначае сваё 80-годдзе. Гэтаму юбілею і прысвячалася падзея. Сабрала яна прадстаўнікоў 15-ці краін, у тым ліку Беларусі, Бельгіі, Венгрыі, Германіі, Даніі, Нарвегіі, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, Фінляндыі, Чэхіі, Швейцарыі... Выступалі музыканты на сцэне, абсталяванай на галоўнай вуліцы ў старажьпнай частцы горада, фестывальныя канцэрты былі таксама ў памяшканні касцёла святога Яна.

- Як паказаліся беларускія музыканты?
- Нашу "Троіцу" выклікалі на "біс"! I ўсё гэтаму, здаецца, спрыяла. Быў першы фестывальны дзень, цудоўнае надвор'е (назаўтра ўжо на Гданьск абрынулася залева), ля адкрытай фестывальнай пляцоўкі сабралася шмат стракатага і цікаўнага люду. Калі пасля праграмы харватаў было абвешчана, што праз пяціхвілінную паузу пачнецца выступленне калектыву з Беларусі, публіка нібыта насцярожылася. Але потым... Які гарачы прыём! Нашы музыканты добра гралі ды спявалі, яшчэ і яшчэ; штосьці - з папулярнага свайго рэпертуару, штосьці прадставілі новае. Між іншым, вялася трансляцыя канцэрта ў жывым радыёэфіры, здымала Польскае тэлебачанне. Іх не хацелі адпускаць са сцэны (дый пасля выступлення падыходзілі ўзрушаныя, радасныя гледачы), але ж ёсць рэгламент: следам ішлі нарвежцы, якіх, на жаль, прынялі вельмі стрымана, халодна. Падчас выступлення "Троіцы" мне было не проста радасна - я ганарылася (і ганаруся!), што ў нас ёсць такія, сапраўды непаўторныя ўзоры народнай творчасці, самабытныя і самаадданыя музыкі, што я - з Беларусі. Асабліва прыемна і важна было гэта ўсвядоміць у міжнародным асяроддзі, у стасунках з іншаземнымі калегамі.

- У вас была магчымасць абмеркаваць і канцэртныя праграмы, і прафесійныя праблемы за "круглым сталом"?
- Вядома! Падчас такіх фестываляў абавязкова праходзяць нарады, канферэнцыі прадзюсераў і рэдактараў радыё тых краін, што ўваходзяць у Еўрапейскі вяшчальны саюз. I замежныя спецыялісты звярнулі ўвагу на выступленне "Троіцы" як на самае моцнае ўражанне ў кантэксце этнамузыкі, фальклору, прадстаўленых на сёлетнім фестывалі. Мастацтва "Троіцы" адлюстроўвае і глыбіні багатай даўняй беларускай культуры, і тыя працэсы, у якія гэтая спадчына ўлучаецца, і перспекгыўнасць такой творчасці. Адзначалася, што ў Еўропе носьбітаў традыцыйнай, этнічнай музычнай культуры практычна не засталося, яна існуе або, скажам так, на паліцах у занатоўках, або ў надта перапрацаваным выглядзе. Арганізатары, праслухоўваючы загадзя дасланыя запісы з розных краін, так падбіралі ўдзельнікаў для запрашэння ў Гданьск, каб наўмысна надаць фестывалю хаатычную стылістыку і праз яе адлюстраваць сённяшнюю парадаксальную сітуацыю ў музычнай этнакультуры. Былі нават прадстаўлены няўцямныя фолк-эксперыменты на аснове джаза, гучалі даволі банальныя песні прафесійных сучасных аўтараў. За такімі пошукамі губляецца фальклор... Да гонару гаспадароў, палякі выступілі вельмі моцна, яскрава. А вось гурт з Германіі здзівіў тым, што спяваў балканскі, арабскі, турэцкі фальклор. Для нямецкай традыцыйнай культуры гэта трывожны знак.
- А, можа, гэта знак непазбежнага лёсу традыцый кожнага з карэнных народаў, што стагоддзямі фарміравалі культуру нашай бабулькі-Еўропы? Таццяна, вы даўно займаецеся на Беларускім радыё праблематыкай музычнага фальклору, ведаеце сітуацыю ў іншых еўрапейскіх краінах. Наколыа актуальная гэтая праблематыка, наколькі запатрабаваны ў сучасным грамадстве гэты пласт культуры, ці перспектыўная справа - займацца фальклорам?
- Пра многае, напэўна, гаворыць тое, што ў новым вяшчальным сезоне, які пачаўся 1 верасня, на галоўным, першым Нацыянальным канале Беларускага радыё захавалася невялікая суботняя ранішняя перадача "Галасы стагоддзяў" - з удзелам аўтэнтычных выканаўцаў і даследчыкаў, з выкарыстаннем запісаў, зробленых падчас ужо сённяшніх этнаграфічных экспедыцый па Беларусі. А на радыёканале "Культура", таксама раз на тыдзень, рыхтуецца праграма "Гасцінец". Гэта жывая сустрэча ў эфіры: на працягу гадзіны і музыка гучыць, і ладзяцца гутаркі з гасцямі, і падтрымліваецца тэлефонная сувязь студыі са слухачамі, а пасля яшчэ дадаецца канцэрт на 45 хвілін: падборка разнастайных узораў беларускай народнай творчасці, у розных аранжыроўках, у тым ліку ў сучасных стылях. I прысутнасць у студыі людзей, у тым ліку маладых, якія аддаюць фальклору вольны час ці займаюцца ім прафесійна; і лісты слухачоў, і тэлефанаванні; і просьбы дапамагчы набыць запісы выканаўцаў беларускага фальклору, - усё гэта сведчьшь пра жыццяздольнасць традыцыйнай народнай творчасці, пра яе запатрабаванасць. Нездарма ў нас ёсць студэнцкае этнаграфічнае таварыства, чыннікі якога знаходзяць носьбітаў фальклору і паводле запісаў аднаўляюць гэты пласт культуры ў актыўным ужытку. У нас ёсць што запісваць, вывучаць, творча засвойваць, выконваць і слухаць...

- ... здзіўляючы і захапляючы гэтым увесь вялікі цывілізаваны свет, дзе ўжо ёсць краіны, у якіх аўтэнтычны фальклор не захаваўся?
- Так-так! Таму, дарэчы, на сёлетнім фестывалі падчас нарады спецыялістаў гаварылася, што беларусам, якія маюць сапраўды унікальны фальклорны скарб, варта больш уважліва і дбайна ставіцца да свайго багацця. Калегі прыводзілі прыклады з практыкі радыёвяшчання сваіх краін, дзе традыцыйная нацыянальная музыка - не так званая "папса" - гучыць штодня на кожным канале. Калі пару гадзін, калі 15 хвілін - але штодзённа. Мяне ўразіў і такі факт: у школах Даніі кожны новы дзень пачынаецца са спявання ўсім класам адной са сваіх народных песень. Вось - прыклад патрыятычнага выхавання!

- Сёлета Польскаму радыё, гэтаксама як Беларускаму, - 80. Цікава, наколькі значнае месца займае фальклор у вяшчанні нашых суседзяў?
- Настолькі значнае, што радыё гэтай краіны ўзяло ўдзел у арганізацыі фестывалю. Калі ж гаварыць пра будні вяшчання, дык варта звярнуць увагу на існаванне спецыялізаванага Цэнтра народнай культуры, супрацоўнікі якога штодзень рыхтуюць у эфір пяць адпаведных праграм: па праграме на кожны з пяці радыёканалаў. Такія перадачы могуць розніцца сваёй працягласцю, формай падачы і да т.п. Але музычны фальклор Польшчы гучыць на ўсіх дзяржаўных каналах штодня.

- А як бы вы патлумачылі такую ўстойлівую цікавасць да фальклору ў прагматычным еўрапейскім свеце?
- Штосьці ў гэтым хуткаплынным і крохкім жыцці мусіць быць стабільнае. Традыцыя - вось што надае адчуванне стабільнасці. Традыцыя застаецца нязменнаю, да яе можна дакрануцца і натхніцца на далейшы шлях, на пошук. Менавіта фальклор сваёй зямлі спрыяе захаванню самаідэнтыфікацыі чалавека, усёй нацыі, робіцца тым духоўным прытулкам, куды кожны мае патрэбу вяртацца, як да бацькоўскай хаты, да роднай мясціны. За "круглым сталом" фестывалю пра гэта разважалі шмат. Хтосьці заўважыў, што ўвесь свет робіцца глабальнай вёскай, але ў гэтай вёсцы ніхго не хоча быць падобны да суседа, кожны хоча адрознівацца. I найперш менавіта музычная традыцыя дазваляе народам і краінам не выглядаць "створанымі на адзін капыл", не быць аднолькавымі. Я ведаю сучасную, адукаваную, інтэлектуальную беларускую моладзь, якая надзвычай трапятліва ставіцца да фальклору. Калі гэтыя дзяўчаты і хлопцы апранаюць нацыянальныя строі, знаходзяць і рыхтуюць малавядомыя старадаўнія песні, едуць на фестываль, напрыклад, у Прыбалтыку, з годнасцю вылучаюцца там як прадстаўнікі сваёй краіны, яны спазнаюць шчырае пачуццё патрыятычнага гонару за Беларусь. За яе непаўторнасць, адлюстраваную ў спрадвечнай спеўнай і моўнай інтанацыі. Так што ў нашага фалыслору ёсць аптымістычная перспектыва.
- А якая перспектыва ў яго стасунках з Еўрапейскім вяшчальным саюзам?
- Беларускі фальклор будзе прадстаўлены, і ўжо не ўпершыню, у традыцыйных праектах ЕВС, прымеркаваных да галоўных хрысціянскіх святаў. Для гэтага ў вызначаны тэрмін мы (у ліку радыёстанцый еўрапейскіх краін) выберам і дашлём запісы адпаведных песень у каардынацыйны цэнтр. Там скампануюць гадзінныя міжнародныя святочныя праграмы "Каляды-2005" і "Вялікдзень-2006", якія ў свой час будуць трансліравацца і ўсімі станцыямі, і па спадарожнікавым канале. Гэта ў планах.

- А ў марах?
- А ў марах - Усебеларускі фестываль музычнага фальклору, аналагічны еўрапейскаму, які зрабіўся б традыцыйным. Ён узбагаціў бы наша жыццё, умацаваў патрыятычны дух усіх пакаленняў і надаў бы нашай краіне асаблівую годнасць, узняў яе прэстыж у вачах гасцей. А з часам зрабіўся б і міжнародным.

С. БЕРАСЦЕНЬ.