"Музыка роднай краiны" на "Беларусь 3"

24.06.2016

"Звязда"

У студыi Белтэлерадыёкампанii адбылiся здымкi канцэрта "Музыка роднай краiны", дзе тэлегледачы-меламаны змогуць пачуць некалi папулярныя, але забытыя мелодыi 70-80-х гадоў. У эфiры тэлеканала "Беларусь 3" праект з'явiцца 3 лiпеня, у Дзень незалежнасцi Рэспублiкi Беларусь.

Канцэрт пачнецца з "Сiмфанiеты" заснавальнiка беларускай сiмфанiчнай музыкi Мiкалая Чуркiна. Прагучаць таксама творы Яўгена Глебава, Рыгора Суруса, Дзмiтрыя Смольскага, Сяргея Картэса, Валерыя Iванова i iншых. Пачуем i шмат музыкi з кiнафiльмаў, напрыклад, са стужкi "Апошняе лета дзяцiнства", на якой вырасла не адно пакаленне юнакоў.

Варта адзначыць, што на "Беларусь 3" папулярызацыя якаснай беларускай музыкi занесена ў лiк самых сур'ёзных задач. Таму 3 лiпеня "Музыка роднай краiны" пойдзе ў эфiр цалкам, а ўжо з наступнага дня, як разлiчваюць кiраўнiкi канала, кожны эфiр будзе адкрывацца адным з эпiзодаў канцэрта. Не прапусцiце ўнiкальны музычны праект у 11:55.

Алена ДРАПКО.