Музычны кактэйль праз палітычную саломку

17.05.2016

"Звязда"

У ноч з мінулай суботы на нядзелю інтрыга вакол еўравізійнага алімпа перастала існаваць. На тытул пераможцы 61-га "Еўрабачання" і прызавы хрустальны мікрафон прэтэндавалі канкурсанты з 26 краін. Тыя заўзятары, хто паставіў на Украіну, выйгралі з каэфіцыентам прыкладна 9 да 1 - менавіта такія прагнозы рабілі вядучыя букмекерскія канторы наконт трыумфу спявачкі Джамалы (па-за сцэнай - Сусаны Джамаладзінавай). У выніку прадстаўніца Украіны па суме галасоў нацыянальных журы і гледачоў набрала 534 балы і абышла галоўных канкурэнтаў з Аўстраліі (511 балаў) і Расіі (491 бал).

Думаецца, пасля шоу мала хто застаўся ў палоне стэрэатыпа, быццам "Еўрабачанне" цікавіць найперш публіку нетрадыцыйнай арыентацыі. Мяркуючы па ходзе галасавання, самыя актыўныя ягоныя гледачы сёлета... вымушаныя мігранты? Альбо высокім ацэнкам паспрыяў скандальны арэол песні "1944", якую Джамала напісала паводле ўспамінаў сваёй прабабулі і прысвяціла дэпартацыі крымскіх татар (меркавалася нават, што песню могуць дыскваліфікаваць па палітычных матывах, аднак не, арганізатары кампазіцыю прапусцілі без цэнзуры). Альбо Еўропу зачапіў уласна творчы складнік нумара - музыка, выканальніцкае майстэрства артысткі, нацыянальны каларыт... Ці такім чынам прадстаўнікі розных краін не столькі падтрымалі аднаго ўдзельніка, колькі выступілі супраць іншых лідараў. Альбо ўсё гэта разам. Можна доўга агучваць здагадкі і ні разу не ўгадаць - "Еўрабачанне" заўжды адметнае сваёй супярэчлівасцю і непрадказальнасцю. Таму давайце пра ўсё па парадку.

Лічбы і факты

Нагадаем, сёлета ўпершыню пераможцу конкурсу вызначалі па новай схеме. Галасы прафесійных журы і тэлегледачоў, трансфармаваныя ў балы ад 1 да 12, не суміраваліся ў суадносінах 50/50, а падлічваліся паасобку. Такім чынам у першую пяцёрку паводле версіі нацыянальных журы ўвайшлі (па ўзрастанні) Расія, Мальта, Францыя, Украіна і Аўстралія. Тэлевізійная аўдыторыя з 42 краін-удзельніц расставіла акцэнты крыху інакш, і лідарамі ў гледачоў сталі адпаведна Балгарыя, Аўстралія, Польшча (між іншым, у журы польскі Араміс стаў толькі 25-м!), Украіна і Расія. Як той казаў, адчуйце розніцу. А галоўнае, паспрабуйце вось так адразу зразумець, чаму суддзі аддалі "золата" Аўстраліі, гледачы - Расіі, а перамагла Украіна.

Затое гэтая схема падліку галасоў практычна нівеліравала так званы "добрасуседскі прынцып", і сёлета многія краіны не абменьваліся найвышэйшымі ацэнкамі з геаграфічна блізкімі дзяржавамі, а рабілі кожная свой выбар, часам нават нечаканы. Беларусь, зрэшты, на абодвух франтах традыцыйна падтрымала перадусім Расію, якой і наша журы, і гледачы аддалі 12 балаў. Іншыя ацэнкі разышліся. Беларускія суддзі паставілі 10 балаў Літве, 8 - Швецыі, 7 - Украіне, 6 - Аўстраліі, 5 - Мальце, 4 - Бельгіі, 3 - Арменіі, 2 - Азербайджану, 1 - Балгарыі; рэйтынг гледачоў выглядаў інакш: 10 - Украіна, 8 - Азербайджан, 7 - Арменія, 6 - Польшча, 5 - Латвія, 4 - Балгарыя, 3 - Венгрыя, 2 - Швецыя, 1 - Аўстралія.

У любым выпадку, новая схема галасавання пацвердзіла, што мае права на жыццё: па-першае, яна дазволіла скараціць зацягнуты працэс абвяшчэння балаў, а па-другое, правяла тоўстую дэмаркацыйную лінію паміж поглядамі афіцыйных экспертаў і простых гледачоў.

Дарэчы

Кожны ахвотны можа зазірнуць на афіцыйную старонку конкурсу www.eurovіsіon.tv і ўбачыць поўную раскладку галасавання ў абодвух паўфіналах і фінале "Еўрабачання-2016". Са зводнай табліцы відаць, чаму беларус ІVAN не трапіў у фінальнае шоу: артыст заняў толькі 12-е месца ў паўфінале з 84 баламі: 52 ад гледачоў і 32 ад журы, у тым ліку 6 ад Аўстраліі і Балгарыі, 5 ад Украіны, 4 ад Польшчы, 3 ад Вялікабрытаніі, 2 ад Германіі, Ірландыі і Славеніі і па 1 ад Латвіі і Швейцарыі.

Хочаце ведаць, хто з беларускіх артыстаў, прадзюсараў і прадстаўнікоў медыясферы ўваходзіў сёлета ў журы? Калі ласка: спявак Тэа, кіраўнік тэлеканала "БелМузТБ" Аляксандр Капёнкін, кампазітар Генадзь Маркевіч, спявачка Вольга Плотнікава і педагог па вакале Вольга Драздова. Паводле правілаў, цяпер кожны з іх зможа ўзяць удзел у нацыянальным журы не раней чым праз 3 гады.

Эмоцыі і ўражанні

Цяжка паспрачацца, што ў мелодыі сёлетняга шоу гучалі не толькі музычныя, але і палітычныя ноткі. Адразу некалькі краін выбралі востраактуальныя тэмы для сваіх творчых пасланняў. Грэчаскі гурт "Арго" расказаў пра цяжкасці, з якімі сутыкаюцца бежанцы на шляху да лепшай долі. Боснія і Герцагавіна спалучылі ў выступленні калючы дрот і заклік да любові і даравання, "бо гэта тое, што трэба нашай краіне пасля ўсіх войнаў, якія тут адбываліся". Прыкладна на тую ж тэму, але ў пазітыўным ключы выступіла спявачка з Італіі, чыя песня "імкнецца знішчыць усе геаграфічныя і культурныя адрозненні паміж людзьмі і нарэшце аб'яднацца". Дый, уласна кажучы, у песні-пераможцы конкурсу можна пачуць не столькі цытаты з гісторыі, колькі водгукі сучасных рэалій усіх ваенных канфліктаў...

Магчыма, таму шэраг заходніх СМІ з асцярожнасцю каментуе вынікі "Еўрабачання". "Гэты конкурс ніколі не павінен рабіцца палітычнай платформай, - думка музычнага гісторыка Джона Кенэдзі О'Конара, - бо гэта парушае ўстаноўленыя правілы". Старшыня брытанскага фан-клуба ОГАЕ Аластэр Рэндал адзначае: "Рэакцыя на перамогу Украіны неадназначная. Многія заўзятары конкурсу, з аднаго боку, захапляюцца магутным голасам Джамалы, яе энергетыкай і ўражлівымі візуальнымі эфектамі шоу, а з другога, зазначаюць, што перамогу ёй прынёс выразны палітычны пасыл песні, а не яе музычная якасць".

На гэтым фоне рызыкуюць быць незаўважанымі іншыя трэнды сёлетняга шоу. Адзначым перадусім усё меншую касцюмаванасць (дзе тыя ўборы-трансформеры ўсіх колераў вясёлкі, што радавалі вока гледачоў да крызісу?) і ўсё большую тэхналагічнасць (навошта патрэбны грувасткія дэкарацыі, калі іх можа замяніць LED-экран і камп'ютарныя спецэфекты?). Асабліва вызначыліся ў гэтым сэнсе Расія з яе падарожжам скрозь прорвы да зорак, Аўстралія з ажыўшымі сацыяльнымі сеткамі, Арменія з кіберсексуальнымі копіямі прыгажуні-спявачкі і, не будзем залішне сціплымі, Беларусь з галаграфічным відэа пра ваўкоў і іншых.

У тэхналагічнасці і відовішчнасці недахопу не было, а вось з эмоцыямі, здаецца, ёсць нюанс. У параўнанні з леташнім і ранейшымі шоу кідалася ў вочы практычна поўная адсутнасць фрыкаў. Ні вам індыка з мікрафонам, ні барадатай жанчыны, ні эпатажнай правадніцы з/на зоркай у галаве, ні рокераў у вобразах пачвар... Каго запомняць гледачы на "Еўрабачанні-2016", акрамя 2-3 персанальных улюбёнцаў - хіба малдаўскага астранаўта, дзяўчынку-Мальвінку са Швейцарыі, жывую ляльку-аніме з Германіі? Дык тое не факт. А хто з цяперашніх удзельнікаў выклікаў у вас рогат, абурэнне, шок? Ніхто? Гэта і сумна.

Планы і перспектывы

Як бы мы да яго ні ставіліся, але "Еўрабачанне-2016" стала гісторыяй, і дзесьці на гарызонце маячыць наступны конкурс. Калі канкрэтна ён пройдзе, арганізатары вызначаць у найбліжэйшы час. Дзе адбудзецца шоу, вырашае краіна-пераможца, хоць тут ёсць пэўныя складанасці - многія засцерагаюцца ехаць у краіну, дзе дагэтуль захоўваецца надзвычай напружаная палітычная сітуацыя, хоць прадзюсар шоу Ян Ола Санд і запэўніў, што Украіна гарантуе парадак і бяспеку для ўсіх удзельнікаў. Застаецца спадзявацца, што спалучэнне здаровага сэнсу, эканамічнага складніка і творчай зацікаўленасці супольна пераадолеюць усе штучныя перашкоды ў арганізацыі 62-га песеннага конкурсу. Цікава, якім ён будзе? Рабіце вашы стаўкі, спадарства!

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.