Моцны грэцкi арэшак i iншыя "фрукты"

24.05.2005
"Звязда", 24 мая 2005 г.


"Еўрабачанне-2005". Вынікі
I хто гэта назваў конкурс "Еўрабачанне" самым непрадказальным? Слухайце, людзi, букмекераў, яны ведаюць, што кажуць. Прадстаўнiца Грэцыi Хелена Папарызу была фаварыткай задоўга да фiналу. Забаўна, але знешне Хелена вельмi падобна на Анжэлiку, у сэнсе - цяперашнюю, пафарбаваную ў светлы колер i апранутую ў залацiсты ўбор...
Лiчыць грачанку Аленай Чароўнай альбо траянскiм канём "Еўрабачання" - няхай кожны вырашае для сябе сам. Мая справа - паведамiць, што пераможцай сёлета стала менавiта Папарызу, якая набрала 230 балаў па вынiках галасавання 39 краiн, апярэдзiўшы блiжэйшых сапернiкаў на 38 балаў. Найвышэйшую адзнаку, 12 балаў, грэчаская кампазiцыя (а хутчэй нават шоу) атрымала ад Бельгii, Балгарыi, Кiпра, Венгрыi, Турцыi, Германii, Сербii i Чарнагорыi, Вялiкабрытанii i Швецыi. Сiмвалiчная дэталь: конкурсная песня Хелены называлася "My Number One" ("Мой нумар адзiн"). Ну што ж, напрарочыла. Гэта перамога стала для Грэцыi першай, хоць у "Еўрабачаннi" краiна бярэ ўдзел з 1974 года. Уяўляеце сабе радасць усёй грэчаскай дэлегацыi? Хоць не, уявiць гэта мала, трэба было бачыць, як прэзiдэнт Украiны Вiктар Юшчанка ўручаў Хелене спецыяльны прыз "Залатая пектараль", як пераможцу шыкоўны белы лiмузiн вёз на прэс-канферэнцыю (200 метраў ад Палаца спорту), як яго абступiлi журналiсты з розных краiн, як лёгка i з гумарам Хелена адказвала на пытаннi i запрашала ўсiх прысутных на "Еўрабачанне-2006" у Грэцыю. "Пасля правядзення Алiмпiйскiх гульняў летась наша краiна больш чым гатовая да прыёму "Еўрабачання", - з упэўненасцю заявiў кiраўнiк грэчаскай дэлегацыi. Прысутныя на прэс-канферэнцыi на запрашэнне рэагавалi з вялiкiм энтузiязмам: у Грэцыi ж, кажуць, ёсць усё! Ва ўсякiм разе, там цёплае мора, вечнае сонца, легенды i мiфы, а яшчэ надзвычай смачнае вiно...
Пасля афiцыйнай "справаздачы" перад журналiстамi да Хелены з вiншаваннямi прыехала на iмянным джыпе беларуска Анжэлiка Агурбаш (яе, мiж iншым, грачанка называла вельмi моцнай канкурэнткай). А пасля ўсе фiналiсты i госцi накiравалiся на грандыёзную вечарынку ў забаўляльны комплекс "Арэна" (ён належыць, мiж iншым, братам Клiчко, якiя таксама былi задзейнiчаны ў фiнальным шоу "Еўрабачання-2005"). Пераможцы i прайграўшыя аднолькава шчыра танчылi, весялiлiся, раздавалi жадаючым аўтографы. Спецыяльна для нарвежскай каманды ды-джэi ўключылi на дыскатэцы некалькi цяжкiх рок-кампазiцый... Не пытайце мяне, а якой гадзiне вечарынка скончылася: прыстойныя людзi ў такi час ужо збiраюцца на работу.

Як гэта было

Ад самога шоу, якое мы зноў назiралi на экране, уражаннi дваiстыя. З аднаго боку, вельмi прыгожа i якасна. (Сцэна, якая пастаянна мяняецца, падымаецца i апускаецца, то ўпрыгожваецца люстэркамi, то iмiтуе зорнае неба - на вышэйшым узроўнi). З другога - Украiна вiдавочна больш любiла сябе на "Еўрабачаннi", чым "Еўрабачанне" ў сябе. Такое ўражанне, што гэта не Кiеву пашанцавала прымаць буйнейшы музычны фэст у Еўропе, а конкурсу неверагодна "падфарцiла" прыехаць у Кiеў... Яшчэ адна лыжка дзёгцю - тэхнiчныя збоi. (Падчас галасавання самой Украiны нешта такое здарылася з апаратурай, што давялося перагаласоўваць "на бiс". Плюс перыядычныя праблемы з мiкрафонамi: то бэк-вакал заглушаў некаторых канкурсантаў, то яны самi перакрыквалi музыку. I гэта нягледзячы на мноства папярэднiх рэпетыцый! Недапрацовачка-с...).
Паколькi генеральную рэпетыцыю фiналу мы бачылi жыўцом (арганiзатары выдалi пэўную колькасць запрашальных бiлетаў - 350 грыўняў штучка), па другому разу за выступленнямi назiраць было не вельмi цiкава. Чакалi галасавання, гадаючы, цi спрацуе праславуты геапалiтычны прынцып. А хто б сумняваўся!
У фаварытах па чарзе былi Швейцарыя, Латвiя i Грэцыя. Дзесьцi на сярэдзiне галасавання з першым месцам усё стала зразумела, сачылi толькi за ператасоўкамi ў першай пяцёрцы. Боекамплект з Грэцыi, Румынii, Мальты, Латвii, Iзраiля ўтрымлiваўся ў лiдарах. Практычна ў такiм жа складзе i фiнiшавалi: 230 - у Грэцыi, 192 - у Мальты (зноў К’яра спынiлася за паўкроку ад п’едэстала), 158 - у Румынii (Люмiнiта i "Сiстэм" здзiвiлi сваiм уменнем практычна на ўсiх падручных прадметах), 154 - у Iзраiля (а яшчэ кажуць, маўляў, шоу тыпу "Фабрыкi зорак" не выпускаюць якаснай прадукцыi), 153 - у Латвii (хлапцоў мы памятаем яшчэ з ансамбля Райманда Паулса "Зязюлечка"). Мае персанальныя фаварыты - малдаване "Здоб шы здуб" - аказалiся на 6-м месцы са 148 баламi. Эпатажных нарвежцаў, здаецца, падвёў аранжавы сцяг - зала стаяла на вушах, але ж галасавалi тэлегледачы з усёй Еўропы... У вынiку толькi 9-е месца i 125 балаў. Аднак усё адно першай дзесятцы, куды ўвайшлi таксама Сербiя i Чарнагорыя (галасiстыя гэтыя балканцы!), Швейцарыя (так я i не зразумела прыгажосцi гламурнага дзявочага рока) i Данiя (вучнi хварэлi за Якаба Свейструпа ўсiм класам), гарантаваны ўдзел у фiнале "Еўрабачання-2006". Краiны "вялiкай чацвёркi", якiя аўтаматычна трапляюць у фiнал - Iспанiя, Вялiкабрытанiя, Францыя i Германiя, - занялi апошнiя чатыры месцы ў вынiковай таблiцы. Але для iх, думаю, гэта не вельмi iстотна.

Браты - славяне

...Вы не ведаеце, якая сувязь памiж бензiнам i музыкай? Я таксама. А Украiна i Расiя - ведаюць напэўна. Вось i "абмянялiся камплiментамi", паставiўшы адна адной 4 i 2 балы адпаведна. "Грынджолi" са сваёй аранжава-рэвалюцыйнай песняй апусцiлiся на 20-ы радок (30 балаў), Наташа Падольская заняла 15-ы (57 балаў). А значыць, Расiя ў наступны год пачне барацьбу з паўфiналу. Хоць Наташынай вiны тут няма - што б нi казалi "крытыкi", якiя любяць памахаць кулакамi пасля бойкi i не ўмеюць прайграваць. Магчыма, песня была не зусiм фарматная для "Еўрабачання". Аднак i спявачка, i гурт адпрацавалi чыста. I ўвогуле, што ў нас за звычка лаяць сваiх прадстаўнiкоў, зларадна хiхiкаючы "так iм i трэба"?! Няўжо вы не перажываеце за сваю любiмую футбольную каманду, за нашых спартсменаў на розных чэмпiянатах? Дык "Еўрабачанне" па сутнасцi такi ж чэмпiянат. I паўторны ўдзел у iм нiкому не забаронены - паглядзiце на прыклад мальтыйкi К’яры, якая заняла ў 1998 годзе 3-е месца, а зараз - ужо 2-е. А яшчэ праз год, магчыма, збярэцца ды выйграе...
Але нас цiкавiць у першую чаргу лёс Беларусi на конкурсе. Чуткi пра магчымую дысквалiфiкацыю краiны, якая дврйчы запар не праходзiць у фiнал, нас, шчыра кажучы, напалохалi. Вырашылi звярнуцца да кампетэнтных спецыялiстаў.
- Нiчога падобнага! - абверг чуткi Аляксей Калеснiкаў з дырэкцыi мiжнародных сувязяў Белтэлерадыёкампанii. - Я ўважлiва перачытваў правiлы - там няма такога пункта. Так што на наступны год Беларусь можа ўзяць удзел у "Еўрабачаннi". Калi пажадае, зразумела...
Заспакоеныя i крыху стомленыя ад вiру конкурсных падзей, пакiдаем украiнскую сталiцу. "Робiм ручкай" плакатам з надпiсам "Eurovision Song Contest. Kyiv 2005". Бывай, "Еўрабачанне"! А можа... да сустрэчы?

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК, Кiеў - Мiнск.

P.S. Пасля няўдачы ў паўфiнале беларуская канкурсантка Анжэлiка Агурбаш склiкала спецыяльную прэс-канферэнцыю, пра якую мы раскажам у адным з блiжэйшых нумароў.