"Модна i годна", - так ацанiла выступленне сваёй каманды на "Еўрабачаннi-2006" Палiна Смолава

26.05.2006
"Звязда", 26 мая 2006 г.


Па гарачых слядах
Афiцыйныя вынiкi мiжнароднага конкурсу песнi "Еўрабачанне" сёлета не радуюць: перадапошняе месца ў паўфiнале. Аднак крытыкаваць збоку i "заднiм розумам" заўжды лёгка. Сама ж прадстаўнiца Беларусi, Палiна Смолава, сваё выступленне няўдачай не лiчыць i сцвярджае: "Мы выглядалi стыльна, модна i годна". Пра асабiстыя ўражаннi ад "Еўрабачання-2006" i творчыя планы спявачка расказала ўчора на брыфiнгу журналiстам.
- Я рада, што паехала прадстаўляць краiну менавiта ў гэтым годзе, бо летась, магчыма, была не зусiм гатовая да такога кроку. Магу сказаць, што сваiм выступленнем, а таксама працай усёй маёй каманды, ад стылiста да бэк-вакалу, ад дызайнера да падтанцоўкi, я задаволена, - адзначае Палiна. А няўдача - гэта калi ты апынуўся ў дзесятцы, i нiхто не можа зразумець, што ты там робiш. Вось у фiнаў класная была песня, так? А хто-небудзь зможа зараз напець?
Нагадаем, у склад беларускай дэлегацыi ўваходзiла 13 чалавек - у параўнаннi нават з блiжэйшымi суседкамi Расiяй i Украiнай гэта вельмi сцiплая лiчба. Дый тое не абышлося без арганiзацыйных накладак: напрыклад, стылiст Лалiта Угуран-Тумiловiч спала на раскладушцы ў пакоi падтанцоўкi (больш не знайшлося месцаў), а апошнюю ноч беларусы ўвогуле правялi на лавачках у аэрапорце. Пасля вяртання высветлiлася, што адзiн з чамаданаў спявачкi, з сувенiрамi i падарункамi, згубiўся ў Чэхii - яго вярнулi толькi пазаўчора... "Не ведаю, чаму так атрымалася, - разводзiць рукамi Палiна. - Але мы ўсе зацiкаўлены ў тым, каб у наступным годзе не сутыкацца з падобнымi праблемамi. I я са свайго боку гатова "даць майстар-клас", расказаць, куды варта iсцi, што апранаць, як паводзiць сябе з прэсай".
Свой майстар-клас, праўда, па танцах, даў харэограф Сяргей Епiхаў - на грэчаскай "Фабрыцы зорак" i непасрэдна на брыфiнгу. Беларуская падтанцоўка атрымала на "Еўрабачаннi" ўзнагароду за лепшую харэаграфiю - але балет вырашыў аддаць прыз Палiне як лепшай спяваючай вакалiстцы. Сама ж Палiна, паводле прызнання аргкамiтэта, увайшла ў пяцёрку самых сэксуальных i стыльных выканаўцаў. У жнiўнi спявачка запрошана з выступленнямi ў Грэцыю, ёсць таксама прапановы на кантракты ад Iспанii i Германii, дамоўленасцi з Лiтвой, Латвiяй, Фiнляндыяй...
На ток-шоу "Выбар", якое адбылося нядаўна, у чарговы раз высветлiлася, што ўсе ў нас разумеюць: выступаць трэба было не так. А як правiльна - чамусьцi нiхто не гаворыць...
- Я згодна з меркаваннем, што ў нас празмерна сур’ёзна ўспрымаюць "Еўрабачанне", - накручвае сябе Палiна. - Занадта многа пафасу. Так, гэта прэстыжны конкурс, мегаконкурс, але ён не самы важны i галоўны ў жыццi!
- Палiна, не ўзнiкала жадання сказаць крытыкам: "Калi вы такiя разумныя, едзьце самi"?
- А я так i кажу. Кажуць, песня была не тая. Можа, i голас у мяне "не той", i я сама "не тая"? Чаму ж не знайшлося ў нас кампазiтара, якi напiсаў бы "тую" песню? I чаму нам давялося як быццам загладжваць вiну, ламаць стэрэатыпы пасля ўдзелу Анжэлiкi Агурбаш, паказваць, што мы добразычлiвыя i адкрытыя для стасункаў?
- "Еўрабачанне" адметнае сярод iншых конкурсаў тым, што прымаць удзел у iм можна не аднойчы i, як паказаў вопыт мальтыйскай спявачкi К’яры, удаецца палепшыць вынiк. Вы паспрабуеце свае сiлы яшчэ раз?
- Пакуль што я не гатова адказаць на гэта пытанне, занадта многа ўсяго навалiлася. Але магу сказаць, што, калi мы ад’язджалi з Грэцыi, прадстаўнiкi аргкамiтэта двойчы падыходзiлi i гаварылi, што яны будуць рады бачыць мяне ў наступным годзе на "Еўрабачаннi". Я не ведаю яшчэ, як гэта расцэньваць, але факт быў...
- Вярнемся да таго, што ў Беларусi занадта сур’ёзна ставяцца да гэтага конкурсу. Вы гатовы былi б зрабiцца несур’ёзнай, памяняць iмiдж (я не маю на ўвазе, канешне, касцюмы фiнаў), паказацца не сэксуальнай, а забаўнай, напрыклад, начапiць заечыя вушкi?
- Не, заечыя вушкi - гэта для мяне, вiдаць, занадта, - смяецца Палiна, у той час як яе харэограф Сяргей Епiхаў горача вiтае iдэю. - Лепш бы апранула маску. Увогуле, людзi, якiя са мной працуюць, пацвердзяць, што я заўжды гатова эксперыментаваць, мяняцца, нават паводзiць сябе крыху па-вар’яцку — у плане iмiджу, стылю, рэпертуару...
Гатоўнасць мяняцца Палiна прадэманструе ўжо сёння - на фестывалi авангарднага мастацтва "Мамант". Спявачка выступiць у якасцi мадэлi; напрыклад, вядома, што яна пакажацца ў сукенцы з мноствам ланцугоў... З 1 па 5 чэрвеня спявачка накiруецца ў Албанiю - прэзентаваць на мiжнародным фестывалi клiп "Мама". Вельмi хоча як мага хутчэй выпусцiць новы альбом - спадзяецца прадставiць яго ўжо ў лiпенi, а разам з тым i клiп на песню "Сайт адзiноты".
У Палiны Смолавай зараз пачынаецца, як ахрысцiлi яго выканаўцы, "жыццё пасля Еўрабачання". А ў Беларусi ўвосень павiнна пачацца падрыхтоўка да наступнага сезона. Калi нарэшце скончыцца "разбор палётаў".

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.