"Млечны Шлях" Кузьмы Чорнага

10.05.2014
"Сельская газета", 10 мая 2014 г.

 
Прэм'ера на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. 9 і 10 мая ў праекце "Тэатр Беларускага радыё" - радыёспектакль у дзвюх частках "Млечны Шлях" паводле аднайменнага рамана класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага.
Між іншым, у фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат радыёспектаклей і пастановак паводле мастацкіх твораў пра вайну. І ў гэтым "ваенным летапісе" можна знайсці імёны многіх знакамітых пісьменнікаў: Мележа і Быкава, Шамякіна і Адамовіча, Губарэвіча і Чыгрынава, Стральцова і Дударава ды іншых.
Кузьма Чорны задуму свайго рамана "Млечны Шлях" сфармуляваў як "беларускі чалавек сярод сваіх еўрапейскіх суседзяў у часе Айчыннай вайны". Пісьменнік скончыў гэты твор незадоўга да сваёй смерці, у год вызвалення Беларусі. Праз сем дзесяцігоддзяў упершыню паводле рамана здзейснена радыёпастаноўка.
Гэта філасофскае прачытанне ваеннай тэмы як агульнага зла для ўсіх народаў Еўропы. Гэта роздум пра лёс чалавецтва і лёс цывілізацыі, якія цалкам залежаць ад людзей. А Млечны Шлях - сімвал вечнасці і чысціні, што аб'ядноўвае не толькі персанажаў твора, але і ўсе пакаленні, якія калі-небудзь жылі на Зямлі, з намі, сучаснікамі.
Ролі выконваюць: народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў, народныя артысты Беларусі Віктар Манаеў, Арнольд Памазан, Марыя Захарэвіч, Мікалай Кірычэнка і інш.

Вера ГНІЛАЗУБ, "СГ".