Мiстэр i мiсiс Х, або Многа невядомых

01.11.2007
"Звязда", 1 лістапада 2007 г.


Фаварыты ў адборы не ўдзельнiчаюць, а iншых - самi не хочам?
Новыя правiлы 53-га мiжнароднага конкурсу песнi "Еўрабачанне-2008", якi пройдзе ў Бялградзе, афiцыйна зацверджаныя Еўрапейскiм вяшчальным саюзам. Конкурс падзяляецца на два паўфiналы, а вынiкi леташнiх выступленняў, акрамя першага месца, анулююцца.
Але кiраўнiк праекта "ЕўраФэст" Аляксандр Цiхановiч мяркуе, што нiчога страшнага ў любым выпадку не адбылося. "Для любога выканаўцы, калi ён добра падрыхтаваны i ў яго фарматная песня, i калi ён праходзiць з паўфiналу ў фiнал, двойчы паказацца ў Еўропе па тэлебачаннi - я лiчу, гэта вялiкi плюс", - адзначыў Аляксандр Цiхановiч падчас онлайн-канферэнцыi, што адбылася на сайце Белтэлерадыёкампанii.
Разам з мiжнароднымi правiламi змянiўся i нацыянальны адбор - цяпер да яго дапускаюцца толькi беларусы, а таксама замежныя грамадзяне i асобы без грамадзянства, якiя пастаянна пражываюць у нашай краiне. Тым не менш кiраўнiк праекта перакананы, што рыхтаваць канкурсанта, якi будзе вызначаны ў вынiку, трэба мiжнароднай камандай з прыцягненнем замежных прафесiяналаў - рэжысёраў, прадзюсараў, кампазiтараў, танцораў i г.д. Што дакладна не паўплывае на працэс адбору, гэта мова песнi - можна дасылаць кампазiцыi як на рускай, так i на англiйскай, i на беларускай мовах. Гэтаксама не мае значэння статус удзельнiкаў - аднолькава аб’ектыўна разглядаюцца "зорныя" заяўкi i кандыдатуры з перыферыi. Iншая справа, што падмецiлi прыхiльнiкi конкурсу - як стартуе адбор, так усе верагодныя ўдзельнiкi, як адзiн, спасылаюцца на занятасць i непадрыхтаванасць. У "зорак", шчыра кажучы, стаўленне да адкрытага адбору халаднаватае: адны тут жа робяцца "нефарматнымi" для конкурсу, другiя проста не хочуць стаяць у агульнай чарзе, быццам чакаючы спецыяльнага запрашэння. "Крыўдна, натуральна, што некаторыя нашы прафесiйныя артысты не разумеюць, што ўдзел у адборачным туры для iх - таксама вялiкi прамоўшн, - пагадзiўся з назiраннямi публiкi Цiхановiч. - Многiя выканаўцы, якiя ўдзельнiчалi ў адборачным туры летась, трапiлi ў еўрапейскiя краiны са сваiмi песнямi, iх ведаюць, iх творчасцю цiкавяцца на сайтах у Iнтэрнэце. Мне б хацелася, каб было значна больш i прафесiйных, i маладых выканаўцаў, з якiх можна было б выбраць спачатку 15 прэтэндэнтаў, потым 3 i г.д.".
Наведвальнiкi сайта www.tvr.bу тут жа зацiкавiлiся - а цi маглi б "Верасы" ў свой час прадставiць краiну на падобным конкурсе? Аляксандр Цiхановiч не разгубiўся:
- Тады гэты конкурс ужо быў, проста нас у той час туды не адпраўлялi, бо Беларусь не з’яўлялася членам ЕВС! Думаю, што на тым конкурсе маглi быць i "Песняры", i "Верасы", i "Сябры", i многiя iншыя беларускiя выканаўцы, бо наша эстрада мае цудоўныя традыцыi. Заўжды, ва ўсе часы ў нас былi свае "зоркi" i тыя, хто мог з годнасцю прадстаўляць дзяржаву на любых конкурсах, што i рабiлася. "Песняры", напрыклад, былi першымi, хто прыехаў у ЗША на гастролi, атрымалi там вялiзную ўвагу прэсы i самыя лепшыя водгукi. Што датычыцца "Верасоў", то яны паспяхова выступалi на мiжнародным фестывалi ў Фiнляндыi, заняўшы гран-пры фестывалю...
Тым жа, хто заўважае, што дарослыя артысты маглi б павучыцца ва ўдзельнiкаў дзiцячага "Еўрабачання", на якiм апошнiя гады Беларусь паказвае выдатныя вынiкi, кiраўнiк "ЕўраФэсту" адказаў, што гэта - два розныя конкурсы, кожны са сваiм фарматам. "Проста складнiкi поспеху розныя. Былi, напэўна, i няўдалыя песнi, але ж мы вучымся", - аптымiстычна настроены Цiхановiч.

З iншага боку

Пакуль аргкамiтэт збiрае заяўкi (апошнi тэрмiн - 20 лiстапада), "сарафаннае радыё" традыцыйна складае свой уласны спiс тых артыстаў, хто мог бы прадставiць краiну на еўрапейскiм узроўнi. Даходзiць да таго, што хутка на кававай гушчы будуць гадаць, вызначаючы найбольш верагодных кандыдатаў. Чаму б не паступiць прасцей, даведаўшыся, чым насамрэч збiраюцца займацца лiдары ў рэйтынгу "еўраадбору"?
Iрына Дарафеева - нават калi вельмi пажадала б, не зможа ўзяць удзел у сёлетнiм адборачным туры. Прычына вельмi празаiчная i разам з тым важкая: заслужаную артыстку Беларусi нароўнi з многiмi iншымi прафесiяналамi ўключылi ў склад журы. Дарэчы, дзве спробы ў Iрыны Дарафеевай ужо былi - у самым першым адборы 2004 года i ў 2006 годзе яна трапiла ў 15 паўфiналiстаў.
Георгiй Калдун спрабаваў штурмаваць "Еўрабачанне" двойчы, на конкурс 2005 i 2007 года (у першым выпадку ўвайшоў у 13 паўфiналiстаў, у другiм - да фiналу дапушчаны не быў). Пакуль што, нягледзячы на чуткi, быццам прадзюсар Бiлана Яна Рудкоўская жадала адправiць Георгiя на "Еўрабачанне", падаваць заяўку не збiраецца, i без таго спраў хапае - здымкi ў навагоднiм мюзiкле "Паўлiнка-NЕW", праца тэлевядучым на АНТ, падрыхтоўка да запiсу дэбютнага альбома. Зрэшты, магчымасцi заявiцца на адборачны тур Георгiй усё ж не выключае - калi паспее дапрацаваць новую песню, паспрабуе.
Пётр Елфiмаў у адборы нiводнага разу не ўдзельнiчаў i зараз не збiраецца. Спяваць ён будзе ў iншым месцы i на iншым канале - у праекце "Дзве зоркi-2", разам з Тамарай Лiсiцкай.
Самымi ўпартымi i пастаяннымi ўдзельнiкамi адборачных тураў некалькi гадоў запар аказвалiся прадстаўнiцы як быццам слабага полу - Жанэт, Наталля Тамела, Аляксандра Гайдук, Палiна Смолава. Аляксандра Гайдук пасля чарговай няўдачы абяцала нават, што ў наступны год проста ляжа на сцэне i папросiць: "Ну, вазьмiце мяне на "Еўрабачанне!" - але, вiдаць, з цягам часу крыўда забылася, а жаданне "адабрацца" астыла. Зараз Аляксандра Гайдук вядзе аўтарскую тэлепраграму, прадзюсуе амаль што ўласны тэлеканал i здаецца цалкам задаволенай справамi. Палiне Смолавай тактыка "бог тройцу любiць" прынесла ў рэшце рэшт жаданы вынiк - i нягледзячы на невысокае месца, занятае на самiм "Еўрабачаннi", яшчэ ў красавiку гэтага года спявачка рабiла праграмныя заявы, што збiраецца штурмаваць адбор у чацвёрты раз. Хутчэй за ўсё, не адмовяцца ад дадатковага пiяру i тэлеэфiру Алена Валошына (летась выступала як LЕNА), гурт "Далi", Аня Шаркунова. У сцэнiчных кулуарах называлася таксама iмя Руслана Аляхно, тым больш што прадзюсар артыста Кiм Брэйтбург цесна працуе з Беларуссю i нават прадстаўляе зараз у Расii iнтарэсы той жа Дарафеевай. З iншымi верагоднымi кандыдатамi, як кажуць, многа няяснага - падобна на тое, што многiя артысты i самi яшчэ не вызначылiся, цi трэба iм тое "Еўрабачанне". Гледачам, мяркуючы па гарачых абмеркаваннях у Iнтэрнэце i рэальнасцi - трэба.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК