"Мiс свету-2007" на Першым

30.11.2007
"Звязда", 30 лістапада 2007 г.


1 студзеня ў вячэрнiм эфiры Першы канал будзе трансляваць 57-ы Мiжнародны конкурс прыгажосцi "Мiс свету-2007", якi праходзiць сёлета ў Кiтаi, на востраве Хайнань. За тытул галоўнай прыгажунi свету спаборнiчаюць больш як 100 прадстаўнiц розных краiн, у тым лiку беларуска Алена Аладка. Паездку беларускай канкурсанткi, дарэчы, спансiруе Белтэлерадыёкампанiя, якая падтрымлiвае нашых удзельнiц з 2003 года.
Алена Аладка - мадэль Нацыянальнай школы прыгажосцi, уладальнiца тытулу "Мiс Фота" на нацыянальным конкурсе "Мiс Беларусь-2004". Дзяўчыне 22 гады, з iх у мадэльным бiзнэсе яна правяла амаль 8. Яна неаднаразова ўдзельнiчала ў Тыднi Высокай моды ў Маскве, здымалася для рэкламы буйных кампанiй i для глянцавых часопiсаў. Акрамя таго, што Алена прыгажуня, яна яшчэ студэнтка - вучыцца на гiстарычным факультэце БДУ.
Разнастайныя фестывальныя мерапрыемствы сёлета праходзяць на працягу ўсяго лiстапада, прычым частка з iх "падладжваецца" да будучай Алiмпiяды. Нядаўна, напрыклад, канкурсанткi запiсвалi спецыяльную песню, якая прагучыць у Пекiне падчас адкрыцця Алiмпiйскiх гульняў. Завершыцца конкурс 1 снежня фiнальным шоу, дзе журы i вызначыць самую прыгожую дзяўчыну. Пераможцы па традыцыi дастанецца карона, якую ўручыць пераемнiцы "Мiс свету-2006" чэшка Таццяна Кухаржова, i грашовы прыз у памеры 85 тысяч долараў. Беларускi, якiя бяруць удзел у конкурсе "Мiс свету" ў пяты раз, дагэтуль галоўнага тытулу нiводнага разу не заваёўвалi.

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.