Мiнус “Юр’я”, плюс Петрасян

24.01.2004
“Звязда”, 24 студзеня 2004 г.


Коней на пераправе, кажуць, не мяняюць. А вось удзельнiкаў фiнальнага канцэрта нацыянальнага адборачнага этапа мiжнароднага конкурсу “Еўрабачанне”...
Гэта можна лiчыць нават сенсацыяй: лiтаральна за некалькi дзён да запiсу канцэрта са спiса 15 фiналiстаў iмклiва выбыў гурт “Юр’я” (мiж iншым, адзiны калектыў, астатнiя ў спiсе - салiсты). Праўда, прычына замены больш чым уважлiвая. У адпаведнасцi з Палажэннем аб нацыянальным конкурсе выканаўцаў песнi (ён жа адборачны этап мiжнароднага конкурсу) абавязковай умовай удзелу ў другiм - фiнальным - туры з’яўляецца падпiсанне ўдзельнiкам i атрыманне арганiзатарам праектаў дагавораў. Калi не ўдавацца ў лiшнiя падрабязнасцi, то дамова прадугледжвае прынцыповую згоду выканаўцы на ўдзел у фiнальным канцэрце i перадачу да гэтага часу Белтэлерадыёкампанii эксклюзiўных правоў на выконваемую ў канцэрце песню (каб конкурсны твор аднаго цi некалькiх выканаўцаў не рацiраваўся ў радыё- i тэлеэфiры раней за канцэрт; такiм чынам забяспечваецца прыблiзная роўнасць умоў для ўсiх удзельнiкаў).
Апошняй датай прыняцця арганiзатарам падпiсанага дагавора было прызначана 18 студзеня. Аднак прадстаўнiкi гурта “Юр’я” гэты факт проста праiгнаравалi, спасылаючыся на празмерную занятасць. У вынiку падлiковая камiсiя конкурсу i прыняла рашэнне аб выключэннi гурта са спiса фiналiстаў. А замянiў iх наступны па колькасцi набраных галасоў канкурсант - Адэлiна Андранiкаўна Петрасян (папрашу без аналогiй) з песняй “Кажуць”. У астатнiм жа спiс фiналiстаў застаўся без змен: Ганна Багданава (экс-гурт “Лета”), Аляксандра Гайдук, Iрына Дарафеева, Janet (Жанет Бутэрус), Corriana (Кацярына Качына), дуэт “Аляксандра i Канстанцiн”, Яна (Таццяна Лiпнiцкая), Вольга Малчанава, Палiна Сарока, Наталля Тамела, Максiм Сапацькоў, Наталля Падольская, Аляксандр Саладуха, Дзмiтрый Старавойтаў (салiст гурта “MiLR”). Нагадаю, трансляцыя канцэрта - i прамое iнтэрактыўнае галасаванне - у эфiры БТ адбудзецца 31 студзеня. Зрабiце свой выбар!

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.