Месца, дзе жывуць песні

28.08.2014
"Звязда", 28 жніўня 2014 г.


Карэспандэнт "Звязды" разам з тэлевізіёншчыкамі здзейсніла вандроўку наперад у мінулае.
Ужо не першы год творчая каманда Белтэлерадыёкампаніі вандруе па роднай зямлі ў пошуку таленавітых калектываў. Адметнасць тэлепраекту "Наперад у мінулае" перш за ўсё ў тым, што яго стваральнікі Анатоль і Аксана Вечар збіраюць песні па ўсёй Беларусі не толькі каб захаваць іх, але і даць ім новае жыццё: для аднаго з твораў робіцца сучасная аранжыроўка, і абноўленую кампазіцыю выконвае нехта з беларускіх артыстаў. Дарэчы, сёлета ў праграме нас чакаюць некаторыя кадравыя перамены. Юрыя Вашчука, які раней быў напарнікам Аксаны Вечар у праекце, цяпер заменяць іншыя аранжыроўшчыкі. А ў рэчышчы сумеснага праекта "Звязды" і тэлеканала "Беларусь 3" эфірныя выпускі атрымаюць працяг на старонках газеты. Каб папоўніць скарбонку песеннай творчасці, рушым у госці ў беларускую глыбінку.
Першая геаграфічнага кропка, дзе мы спыняемся,?- вёска Гаўрыльчыцы Салігорскага раёна Мінскай вобласці. Тут знаёмімся (а пазней знаёмім чытачоў і гледачоў) з народным ансамблем сям'і Бойка. Пакуль артысты настройваюцца на выступленне пад прыцэлам камер, спрабую завесці размову з удзельніцай гэтага калектыву.
Жанчыне 75 гадоў, і завуць яе Яня, хоць у пашпарце запісана як Ніна. Пра сваё незвычайнае па сённяшніх мерках імя кажа: "Бацька так захацеў. Казаў, недзе пры Польшчы была дзяўчына ў яго знаёмая прыгожая, дык вось так і назвалі".
- Ці даўно спяваеце? - пытаюся ў яе.
- З калектывам ездзілі выступаць больш за дзесяць гадоў, а так асабліва і не збіраемся ўжо, бо няма дзе,?- дзеліцца мая суразмоўца.
Цікаўлюся ў Ніны Ільінічны, ці праяўляе мясцовая моладзь інтарэс да спеваў. Адказ, на жаль, не аптымістычны:
- Усе параз'язджаліся, нікога няма. Скончыўшы школу, едуць вучыцца, а там, дзе робяць, то і застаюцца. Адно што ходзяць у школу. Але ніхто імі не займаецца, каб спявалі ці яшчэ нешта,?- з прыкрасцю кажа бабуля Яня, а потым дадае: - Я вось сваёй унучцы расказваю, што ведаю сама. Яна прыедзе ў госці і просіць, расказвай, маўляў, мне нешта пра тое, як было раней, але толькі праўду.
У самой жанчыны трое дзяцей: дзве дачкі і сын. Яна мае чатырох унукаў. Радасна і ў той жа час сумна, бо думаецца, што ў старасці нашым верным спадарожнікам становіцца адзінота, а дзеці - гасцямі пераступаюць родны парог... Аднак роздумы перарывае голас рэжысёра праекта Анатоля Вечара, які звяртаецца да ўдзельнікаў калектыву.
- Спяваем першую песню, каб мы маглі вас паслухаць, а потым пагаворым пра вас,?- раздае настаўленні артыстам Анатоль Уладзіміравіч.?- Пішам у тым парадку, як гэта будзе ў нас потым у праграме. І яшчэ вялікая просьба, калі вы расказваеце пра нешта, то хацелася б, каб усе выказваліся, але не разам, а паасобку. У нас вельмі якасныя мікрафоны, таму цішыня павінна быць ідэальнай.
Як вядома, рэжысёр на здымках чалавек галоўны, таму суразмоўца пакідае мяне, артысты рыхтуюцца да запеву, а я настройваюся на музычнае падарожжа.

"... Ой у лузе лаза,
Пад лазою вада.
Там дзяўчына воду брала
Чорнабрыва молода..."

Шматгалоссе мужчынскага хору пераплятаецца з галасамі жанчын, і такое адчуванне, быццам пераносішся ў іншы час, дзе жылі і кахалі, мірыліся з лёсам альбо спадзяваліся на лепшае заўтра... Слухаеш песню за песняй і думаеш: мабыць, не хлусяць тыя, хто кажа, быццам свет трымаецца на каханні... А яшчэ на турботах і марах пра шчасце... Так, напрыклад, у адной з песень расказваецца гісторыя дзяўчыны, якую маці аддала замуж за заможнага пана. І здавалася б, у таго і золата, і дабро, а маладая дзяўчына тужыць па хлопцу, у якога толькі сэрца і душа:

"... Выйдзі, мамо, подзівіся,
Ты на зоры паглядзі,
Ці не плача твая доня 
У чужой дальняй старане.

Не таго я, мама, плачу,
Бо чужая старана.
Ад таго я, мама, плачу,
Прайшла моладасць мая".

- Калектыў пачаў сваё існаванне ў 1957 годзе, калі мой бацька Бойка Мікалай Аляксеевіч вярнуўся з арміі. Спявалі яны дуэтам з маці. Потым падрасталі дзеці: я, сёстры Святлана і Ірына. Паступова і мы ўліваліся ў гэты калектыў. А яшчэ больш разросся наш ансамбль у 1986 годзе, калі я сам пасля арміі атрымаў музычную адукацыю, - расказвае Валерый Бойка.?- І тады да нас далучыліся пляменнікі Валодзя і Сцяпан, цётка Ксенія, Алеся, Яня і многія іншыя. Так вось ужо на працягу столькіх гадоў мы спяваем разам.
Не абышлося без гастроляў і ўзнагарод. Ансамбль быў адзначаны дыпломам аб прысваенні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі "Народная творчасць", з'яўляецца лаўрэатам ІІ Усебеларускага фестывалю народнага мастацтва "Беларусь - мая песня"... Не раз выступалі гаўрыльчыцкія артысты ў Палацы Рэспублікі і на "Дажынках" у Слуцку. У іх існуе традыцыя: калі едуць на выступленне, то абавязкова спяваюць у аўтобусе, а вяртаючыся з гастроляў, святкуюць сваю паездку. Песні выконваюць пераважна тыя, што дасталіся ад бабуль і дзядоў. Бывала, збіраліся на вечарыны і спявалі вясёлыя і даўнія песні, якія яшчэ іх бабулі ведалі. Недзе каля дзесяці самі зрабілі. Раней з калектывам спявала больш людзей. Як расказваюць удзельнікі, на рэпетыцыі збіралася па 40-50 чалавек, і песні для рэпертуару было лягчэй падбіраць.
- Існаваў у нас мужчынскі вакальны гурт, дзе былі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. І песні яны прынеслі, можна сказаць, з фронту. У гэтую скарбніцу зрабілі ўклад і нашы родныя цёткі - ад бабулек сваіх, якія гэтыя песні запомнілі. Жылі па хутарах тады і спявалі на вечарынах,?- дзеліцца Валерый Бойка.
...Каб перапыніць сумаваты настрой, ансамбль выконвае вясельную песню "Покуць, ты мая, покуць". (Покуць - чырвоны кут у хаце, дзе віселі абразы.?- Аўт.).

"Покуць, ты мая покуць,
Хто ж цябе шанаваць будзе,
Я ж цябе да шанавала
Штосуботу да прыбірала".

Варта адзначыць, што месца вясельным песням і сёння ёсць у жыцці гэтай вёскі. Няхай і не ва ўсіх сем'ях, але пачуць іх можна. Таксама не зніклі яшчэ і некаторыя абрады, якія існуюць у гэтай мясцовасці здаўна.
Так, жыве традыцыя, што раніцай на Вялікдзень на самым досвітку трэба ісці на могілкі і занесці сваім памерлым "валачэнне". Гэта можа быць кавалачак булкі, яйка велікоднага. "Можна нейкага чалавека не бачыць пяць гадоў, а потым пайсці на могілкі на Вялікдзень і пабачыць усіх, хто з'ехаў,?- расказваюць месцічы.?- Гэтак сама робяць і на Спас, толькі нясуць яблыкі альбо грушкі ў пачастунак продкам".
- Ёсць абрад, які вясной спраўляўся, падчас Дабравешчання, 7 сакавіка, калі наступае ўжо сапраўдная каляндарная вясна. Тады "Закалыхванне" праводзілі. Цяпер тое крыху забылася. А раней, яшчэ гадоў трыццаць альбо дваццаць таму ў гэты дзень збіралася моладзь, дзеці і на нейкім вялікім дрэве вешалі калыску. І на ёй, як кажуць, трэба было закалыхацца, каб год прайшоў удала. Хлопцы бралі ручнік і высока-высока яго разгойдвалі. Такі вось мясцовы абрад цікавы,?- распавядае Алена Грынько, настаўніца геаграфіі ў мясцовай школе, якая па сумяшчальніцтве яшчэ і курыруе школьны гісторыка-краязнаўчы музей.
Музей даволі малады - створаны ў 1998 годзе, экспазіцыя не вялікая, каля 300 экспанатаў, і ў асноўным сельскагаспадарчай тэматыкі. Размеркаваны яны па трох раздзелах: "Ільнаводства", "Рамёствы" (бортніцтва, бандарства), "Славутыя імёны Бацькаўшчыны".
На жаль, як давялося пачуць не ад аднаго чалавека, вёска Гаўрыльчыцы сёння вымірае. І зацікаўленасць песеннай спадчынай не настолькі яскрава праяўляецца, як хацелася б: іншы час і іншыя людзі. Але, ведаеце, чалавек рана ці позна вяртаецца да сваіх вытокаў, бо нельга ўцячы ад сябе, змяніўшы месца пражывання ці аддаючы перавагу толькі таму, што модна. Быць сабой і ведаць гісторыю роднай зямлі - гэта не проста модна ва ўсе часы, а па-сапраўднаму стыльна.
У вас ёсць жаданне ў чарговы раз пераканацца ў гэтым і пачуць непаўторныя спевы беларускай глыбінкі? Тады не прапусціце восеньскія выпускі праграмы "Наперад у мінулае" на тэлеканале "Беларусь 3".

Алена ДРАПКО.

Аксана Вечар, аўтар і вядучая праграмы "Наперад у мінулае":
- У новым сезоне з намі на пастаяннай аснове будзе супрацоўнічаць Кірыл Ермакоў, вядомы многім як удзельнік нацыянальнага фіналу дзіцячага "Еўрабачання", куды трапляў неаднаразова. У свой час ён нават напісаў песню, якая стала своеасаблівым гімнам конкурсу, а цяпер завочна вучыцца на аранжыроўшчыка ў Інстытуце сучасных ведаў імя Шырокава. Мае свой гурт і стаў фіналістам ад Беларусі на праекце "Голас". Таксама ў нас будуць, так бы мовіць, разавыя аранжыроўшчыкі, таму што ёсць музыканты, якія могуць самі апрацаваць для сябе песню.

Сяргей Макарэй, намеснік галоўнага дырэктара тэлеканала "Беларусь 3":
- Артыстаў для ўдзелу ў праекце мы выбіраем "з колаў" у залежнасці ад песні. Па-першае, улічваючы песенны матэрыял, мы выбіраем аранжыроўшчыка, а па-другое,?- выканаўцу. Артысты таксама маюць выбар, у якім стылі выканаць песню. Гэта ўсё-такі творчы працэс, які не дазваляе наперад казаць, хто дакладна будзе ўдзельнікам таго ці іншага эфіру. Безумоўна, амаль усе артысты за гэтыя два гады існавання праекта выступалі ў ім . Хаця, зразумела, знаходзяцца і маладыя, мы эксперыментуем, заахвочваем, ды яны і самі прыходзяць. Бо праект дае ім магчымасць папоўніць свой рэпертуар, а нам адкрываць новыя імёны. Гэта добры старт. Мы адкрыты для супрацоўніцтва. З аднаго боку, мы аднаўляем пласт нацыянальнай культуры, а з другога боку, папулярызуем беларускую эстраду. Таму ўпэўнены: у гэтым годзе мы пачуем новыя песні і ўбачым новыя твары на экране.
Наконт афармлення. Мы пра гэта думаем, але, як кажуць, лепшае - вораг добрага. Ёсць праект, яго можна трансфармаваць новай графікай ці яшчэ нечым. Але ці варта гэта рабіць увогуле? У нас бывае так: з'яўляецца праект, а праз нейкі час яго закрылі і забыліся. Гэта, я лічу, няправільна, таму што ёсць нейкія брэндавыя рэчы, якія нельга закрываць. У праграме "Наперад у мінулае" графіка стылізаваная, у ёй адлюстравана аб'яднанне мінулага і сучаснасці. Таму ці варта мяняць гэты вобраз? Хаця думаем, можна нешта асвяжыць. Але не кардынальна. Музыка на тэлебачанні - гэта магчымасць нават без карцінкі пазнаць, якая праграма пачалася, таму гукавую застаўку мяняць не будзем. У нас сёння таксама ёсць мара - зрабіць усё, каб зрабіць праграму запатрабаванай у моладзі.