Меню з "ключавой" роляй

05.11.2011
"Культура", 5 ноября 2011 г.


Пра "трэцюю кнопку", кінафестываль на экране і тэленэт 
Старшыня "Лістапада" Генадзь Давыдзька - асоба ў краіне больш чым вядомая: акцёр, рэжысёр, драматург, тэлевядучы... І ўжо цягам амаль года ён узначальвае Белтэлерадыёкампанію. Сімвалічна, што сёлета адкрыццё Мінскага міжнароднага кінафестывалю, старшынёй якога таксама з'яўляецца Генадзь Браніслававіч, супала па часе з найважнейшай падзеяй айчыннага тэлесезона - рэбрэндынгам тэлеканалаў. З 5 лістапада "Першы канал" зменіць назву на "Беларусь 1", а з 12-га замест "ЛАДа" на экранах з'явіцца "Беларусь 2". Але гэта яшчэ не ўсё: на змену "Беларусь-ТБ" бліжэй да 2012-га прыйдзе канал "Беларусь 24". Прыкладна ж праз год плануецца адкрыццё культуралагічнага канала "Беларусь 3". Вяшчаць ён мае цалкам на беларускай мове, а сваім гледачам прапануе шэраг культуралагічных праектаў, праграм на духоўную тэматыку, кінастужак, тэатральных паказаў...
У нумары, прысвечаным кінафестывалю "Лістапад", мы вырашылі даведацца, якой бачыць экранную прастору нашай краіны і замежжа чалавек, што непасрэдна яе і фарміруе.

- Генадзь Браніслававіч, як моцна змянілася ваша стаўленне да нашай телемедыяпрасторы за той час, што вы ўзначальваеце Белтэлерадыёкампанію?
- Гэтак сама, як для баксёра, які ўсё жыццё назіраў за чужымі баямі, а потым сам выйшаў на рынг! Для кагосьці тэлебачанне - шоу, а для некага - траўматычны, досыць балючы працэс. Метафара з баксёрам, можа, і не самая прыгожая, але, на мой погляд, вельмі трапная. Тэлебачанне для мяне - гэта праца. Я перастаў глядзець яго для задавальнення: мяне больш не забаўляюць перадачы, бо я найперш звяртаю ўвагу на тое, як яны зроблены, якая там аператарская работа, які закадравы каментарый, ці адпавядаюць праграмы псіхалогіі гледача, ягоным запытам...
Глядач, наогул, патрабуе ўвагі і павагі. Шмат часу займае само ўсведамленне таго, чаму людзі пераключаюцца з канала на канал, што і ў які час сутак яны хочуць глядзець, якая група людзей абірае пэўны тэлепрадукт... Трэба адзначыць, што шлях гэтага разумення напоўнены расчараваннем: на жаль, тыя перадачы, якія асабіста я лічу пустымі, часам нават пошлымі, даюць найвялікшы рэйтынг каналам... З іншага боку, калі гляджу статыстыку і бачу, што якасны прадукт, кшталту дакументалістыкі, усё-такі карыстаецца ўвагай значнай часткі аўдыторыі, мяне гэта вельмі радуе. Сёння тэлебачанне, як ні парадаксальна, існуе па прынцыпе "Дабро без ліха існаваць не можа". Даводзіцца паказваць забаўляльныя праграмы, якія нічога не даюць гледачу, але прыносяць вялікі рэкламны прыбытак, каб на гэтыя грошы здымаць па-сапраўднаму карысны для грамадства высакаякасны прадукт. Вось такі "кругаварот". І разарваць гэтае "кола" практычна немагчыма.

- А, у ідэале, тэлебачанне мусіць кіравацца запытамі аўдыторыі ці павінна само іх фарміраваць?
- Маё трывалае перакананне: тэлебачанне як самы дзейсны сродак фарміравання грамадскай думкі абавязана ўсімі намаганнямі падтрымліваць мараль, высокі ўзровень духоўнасці сваіх гледачоў. На жаль, паўтаруся, на сённяшні дзень мы пастаўлены ў жорсткія камерцыйныя рамкі. Але вырашаць жа праблемы духоўнасці ўсё роўна трэба, ці не так? Гэтак сама як бацькі, што даюць немаўляці кіслыя вітаміны разам з салодкім сіропам, мы намагаемся чаргаваць забаўляльнае і павучальнае. Выбіраем тыя прадукты, што нясуць у сабе і духоўны складнік, павагу да чалавека. Агітацыя наўпрост ужо даўно не працуе, бо час такі: "разумнае, добрае, вечнае" трэба прапанаваць гледачу ў прывабнай, яркай "абгортцы".

- Якое месца ў раскладзе зойме беларускі тэатр?
- Я глыбока перакананы: глядзець спектаклі па тэлебачанні - усё роўна што слухаць музыку па тэлефоне. Тэатр - зусім іншае, неэкраннае мастацтва, і знаёмства з ім па неадаптаваных тэлеверсіях толькі адцягвае аўдыторыю з глядзельнай залы. У мяне ёсць асабістая калекцыя запісаў класічных пастановак, але іх прагляд не выклікае таго адчування катарсісу, які ўзнікаў непасрэдна ў тэатры. Тое ж самае - опера і балет: толькі калі вы аднойчы бачылі гэтае прадстаўленне ўжывую, можна атрымаць перад экранам нейкі адбітак ранейшых адчуванняў.
У перспектыве тэлебачанне стане адаптаваць спектаклі для экраннай аўдыторыі! Паказы "Нацыянальнай тэатральнай прэміі", якія прайшлі сёлета першы раз, але, спадзяюся, будуць штогадовымі, таксама знойдуць сваё адлюстраванне на ТБ.

- Як будуюцца адносіны тэлебачання з айчынным кіно? Ці не надышоў для тэлеканалаў час больш актыўна ўмяшацца ў кінапрацэс: замаўляць нашым творцам менавіта тыя стужкі, якія чакаюць гледачы?
- Як і цяпер, мы будзем вельмі шчыльна супрацоўнічаць з беларускімі кінематаграфістамі, закупляць іх гатовую прадукцыю, а таксама ўдзельнічаць у вытворчасці. Але трэба разумець: сучасная аўдыторыя - вельмі разнастайная. Асабіста мае густы канцэнтруюцца вакол якаснага французскага і расійскага кіно, але высокіх рэйтынгаў такія стужкі не маюць. Найвышэйшыя рэйтынгі - у крымінальных серыялаў, але калі мы трансліруем савецкую кінакласіку, яна таксама атрымлівае велізарную аўдыторыю. Людзі сумуюць па такім кіно, дзе прапагандуюцца вечныя каштоўнасці, дзе няма гвалту і крыві, яны сумуюць па простым, чыстым поглядзе на свет. На жаль, здымаць такім чынам цяпер мала хто можа: знізіўся сам узровень кінарамяства - умення цікава распавесці гледачу нейкую гісторыю...

- Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад2011" будзе шырока асвятляцца ўсімі падраздзяленнямі Белтэлерадыёкампаніі. Запланаваны трансляцыі ўрачыстых цырымоній, на канале "Беларусь 1" будзе выходзіць дзённік свята. Але кіназалы, дзе пройдуць конкурсныя прагляды, не ў стане змясціць усіх ахвотных паглядзець фестывальныя стужкі. Ці плануе тэлебачанне паказаць найлепшае з праграмы "Лістапада-2011"?
- Цудоўныя арганізатары фестывалю сабралі сёлета бліскучую праграму стужак. Але не факт, што гэтыя карціны спадабаюцца абсалютна ўсім гледачам нашых каналаў і акупяць выдаткі на іх набыццё. Да таго ж, як і ў дачыненні да тэатра, я ўпэўнены: толькі вялікі экран сапраўднага кінатэатра і яго непаўторная атмасфера ў стане перадаць усе нюансы аўтарскіх фільмаў. Паказ на тэлеэкране - з рэкламай, рознымі фактарамі, што адцягваюць увагу, - адвучыў большасць людзей глядзець кіно. Хочацца, каб публіка сустракалася з сапраўдным мастацтвам у адпаведнай абстаноўцы. Таму будзе больш карэктна, калі найлепшыя карціны "Лістапада" закупіць усё ж такі кінапракат. А мы дапаможам, каб людзі пра тое даведаліся.

- У складзе Белтэлерадыёкампаніі - чатыры каналы. Якім прадуктам запоўніцца іх эфірная прастора: сваім, адаптаваным, або пакупным?
- Наша кампанія будзе старацца выпускаць максімальную колькасць тэлепрадукту самастойна. Тым больш, наш штат складае амаль тры тысячы чалавек, і было б няправільна не задзейнічаць такую колькасць спецыялістаў. Канешне, можна пайсці па шляху найменшага супраціўлення і аптымізавацца, але мы дзейнічаем інакш: людзі будуць адначасова працаваць і павышаць свой прафесійны ўзровень. Канешне, шмат што будзем закупляць - гэта датычыцца той самай дакументалістыкі, тых фарматаў, якія мы сёння не ў стане распрацаваць самастойна. Але набываць мы плануем толькі самае лепшае!

- Як вы ацэньваеце сучасны ўзровень падрыхтоўкі творчых кадраў, якія прыходзяць працаваць на тэлебачанне?
- З кожным годам узровень кожнага асобнага спецыяліста ўсё больш залежыць ад яго асабістых якасцей, таленту. У нашых ВНУ, у тым ліку на факультэце экранных мастацтваў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, Інстытуце журналістыкі БДУ, працуюць выдатныя педагогі, але раней удавалася зрабіць з чалавека добрага спецыяліста, рамесніка, нават, калі ён асаблівымі талентамі і не валодаў. Пасля сустрэч з цяперашнімі студэнтамі ў мяне часам узнікае адчуванне, што многія сёння вучацца не для таго, каб атрымаць прафесію, а каб павесіць на сценку дыплом аб заканчэнні ВНУ. Таму калі яны прыходзяць да нас на працу, усё ўпіраецца ў асабістае жаданне: хто мае натхненне і намер стаць спецыялістам, той таго дабіваецца.

- Персанаж адной папулярнай стужкі абяцаў, што хутка "не будзе ні тэатра, ні кіно, ні газет - застанецца адно тэлебачанне". Сёння множацца галасы тых, хто абяцае, што "хутка застанецца адзін Інтэрнэт". Чым можа адказаць тэлебачанне энтузіястам Сусветнага павуціння?
- Тэлебачанне - прадукт экранны, і няма ніякай розніцы, будзе гэта экран тэлевізійнага прыёмніка, камп'ютара або мабільнага тэлефона. Ужо сёння з'яўляюцца тэлевізары, якія дазваляюць карыстацца Інтэрнэтам, а ў бліжэйшым будучым, думаю, адзін экран аб'яднае адразу ўсе функцыі - і забаўляльныя, і камунікацыйныя. Тэлеканалы прыйдуць да нас праз глабальную сетку, вось і ўся розніца.

- Ці плануеце вы вярнуцца да мастацкай творчасці: выступіць у кіно ці на сцэне ў якасці акцёра або іншай асобы?
- Гэтая мая мара! На жаль, на сённяшні дзень абсалютна недасяжная: тэлебачанне аднімае ўвесь час. Я не імкнуўся ўзначаліць Белтэлерадыёкампанію, але Кіраўнік дзяржавы аказаў мне гонар, прапанаваўшы такую адказную пасаду, і я абавязаны дастойна выконваць даручаную мне справу. Так што, мастацкай творчасцю буду займацца, відаць, на пенсіі.

- А калі старшыня НТРК агледзіць працу нашых каналаў з фатэля "сярэдняга" тэлегледача, то якую перадачу ён параіць паглядзець сабе самому?
- Ведаеце, наш сярэдні глядач, па статыстыцы, - гэта жанчына з вышэйшай адукацыяй ва ўзросце, большым за сорак пяць гадоў, таму сесці ў яе фатэль мне ніякім чынам не ўдасца... А калі сур'ёзна, дык абсалютна ўсім гледачам я хачу пажадаць больш уважліва чытаць тэлепраграму. Упэўнены, тэлевізар не павінен працаваць бесперапынна! Бо калі вы ўключаеце яго, то пускаеце ў дом цэлы натоўп чужых людзей. У жыцці мы наўрад ці адчынім дзверы незнаёмцам, а ўключыўшы тэлевізар, робім менавіта так! Перадачы здымаюць людзі з рознай энергетыкай, рознымі намерамі. З тэлеэкрана да нас прыходзяць незразумелыя ідэі, чужыя праблемы... І потым мы часта скардзімся: з нашымі дзецьмі нешта не тое... Таму трэба вельмі ўважліва ставіцца да таго, што глядзіш сам і што паказваеш сваім дзецям. Ды і на кнігі, спорт, жывую гутарку таксама не варта забывацца. А што да тэлебачання... Трэба быць разборлівым у тэлевізійнай "ежы"!

Антон СІДАРЭНКА.