"Мазырскі феномен" перарваўся

15.09.2007
"Звязда", 15 верасня 2007 г.


Сёлета пуцёўку на дзіцячае "Еўрабачанне" заваяваў мінчанін
Увечары 13 верасня было названа імя пераможцы рэспубліканскага дзіцячага конкурсу "Песня для Еўрабачання", які прадставіць нашу краіну 8 студзеня ў Ротэрдаме на міжнародным дзіцячым "Еўрабачанні-2007". Ім па суме балаў, пастаўленых усімі рэгіёнамі Беларусі, і па выніках галасавання прафесійнага журы стаў 11-гадовы Аляксей Жыгалковіч з Мінска.
Менавіта песню Лёшы, прысвечаную сяброўству, найбольш упадабалі тэлегледачы - 5 з 6 абласцей аддалі юнаму выканаўцу вышэйшы бал, 12. Толькі Віцебская вобласць ацаніла вышэй за ўсіх уласную прадстаўніцу, 8-класніцу Серафіму Кузняцову. Наогул, сёлета ўсё было зроблена дзеля таго, каб не пакрыўдзіць ніводнага з 10 фіналістаў - усе яны атрымалі прызы і падарункі ад партнёраў конкурсу, ды й нулявой ацэнкі ў выніковай табліцы таксама ні ў кога не было. Колькасць набраных балаў вагалася ад 11 да 67.
Журы на чале з народным артыстам Беларусі Васілём Раінчыкам аспрэчваць выбар гледачоў не стала - хоць, кажуць, у агульным заліку Алёшы Жыгалковічу ўдалося перамагчы з перавагай усяго толькі ў бал. Але ж галоўнае - удалося, прычым з другой спробы - у 2005 годзе нацыянальны адборачны тур хлопцу не пакарыўся.
Што вядома пра пераможцу? Лёша займаецца адразу ў трох эстрадных студыях - дакладней, у школе мастацтваў, у студыі "Верасяты" пры Маладзёжным тэатры эстрады, і ў студыі Пятра Елфімава. Вучыцца ў 6-м класе сталічнай СШ №161, прычым нароўні з гуманітарнымі прадметамі - літаратурай і маляваннем - любіць таксама матэматыку.
Спявае і займаецца музыкай з 7 гадоў, і за гэты час мае ўжо шэраг творчых дасягненняў - сярэбраную ўзнагароду конкурсу "Залаты цэхін" (Італія, 2005), 2-ю прэмію "Славянскага базару ў Віцебску" (2006), удзел у тэлевізійным конкурсе "Сузор’е надзей" і выступленні ў спектаклях Дзяржаўнага музычнага тэатра. Любімым кніжным героем называе Гары Потэра, а любімым выканаўцам - Дзіму Білана.
Спаборнічаць жа беларусу давядзецца з уладальнікам 1-й прэміі "Славянскага базару ў Віцебску-2007" Атарам Андрыядзе, які таксама ўдзельнічаў у гала-канцэрце ў якасці ганаровага госця. Менавіта Атара дэбютантка дзіцячага "Еўрабачання" Грузія выбрала сваім прадстаўніком. Усяго ж, як мяркуецца, у конкурсе будуць удзельнічаць ад 16 да 18 краін.
Што датычыцца гала-канцэрта ў Летнім амфітэатры, на ім, акрамя 10 фіналістаў і госця з Грузіі, выступілі таксама балгарскі дуэт Эліца Тодарава - Стаян Янкулаў, "сярэбраны" прызёр дарослага "Еўрабачання" Верка Сярдзючка і чацвёра ўдзельнікаў мінулых дзіцячых конкурсаў ад Беларусі - Вольга Сацюк, Ягор Ваўчок, Ксенія Сітнік, Андрэй Кунец. На жаль, пераможцы "Еўрабачання-2006" Насця і Маша Талмачовы прыехаць у Віцебск не змаглі.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.