Матуля і яе Надзея

30.10.2014
"Рэспублiка", 30 октября 2014 г.

 
Падстаў пагутарыць з Вольгай Місяковай можна знайсці некалькі. Па-першае, яна проста мілы чалавек, па-другое, паспяховы спецыяліст у сферы прыгажосці, па-трэцяе, шматдзетная мама і добрая жонка. Але жыццё так устроена, што часам нават такія цікавыя людзі застаюцца ў цені. Вольгу Мікалаеўну з яго вывела дачка Надзея - прадстаўніца Беларусі на дзіцячым "Еўрабачанні-2014". За некалькі дзён да ад'езду на Мальту мы сустрэліся з зорнай мамай.

- Вольга, раскажыце, як выхаваць дзіця, якім можна ганарыцца?
- Надзейка з самага нараджэння была, калі так можна выказацца, зручным дзіцем, не стварала нам праблем. Ніякіх лішніх капрызаў нават у першыя месяцы жыцця: толькі давала сігналы аб тым, што хоча есці ці адчувае нейкія іншыя патрэбы. Вельмі стараннае дзіця. Напрыклад, вучыцца есці лыжкай, у яе не атрымліваецца, але яна не здаецца. Добра памятаю, як збіраліся на вуліцу: месца ў кватэры мала, таму ў кожнага з траіх дзяцей быў свой пакет са зменным адзеннем для прагулкі. Надзя брала яго, усё раскладвала на канапе і вельмі хутка пераапраналася. Такіх дзяцей, як дачушка, можна нараджаць і нараджаць. З ёй вельмі лёгка, гэты чалавечак умее абагрэць. Калі ў мяне "садзяцца батарэйкі", я абдымаю дзяцей і падсілкоўваюся іх добрай энергіяй.

- У вас усе дзеці такія "зручныя"?
- Кожнае - гэта індывідуальнасць. Ва ўсіх розныя характары, свае моцныя і слабыя бакі. Да кожнага патрэбен свой падыход. Але ўсе дзеці ў нас творчыя, маюць музычную адукацыю. Напрыклад, у старэйшай Лізы, якой ужо 17 гадоў, вельмі яркі асобасны пачатак, які яна дэманстравала з самага ранняга дзяцінства, з ёй трэба было ўмець дамовіцца і знайсці нейкі кампраміс. Малодшы сын досыць рахманы, праўда, гадоў да сямі былі цяжкасці: трэба было своечасова накіраваць яго несуцішную энергію ў патрэбнае рэчышча. Зараз яму ўжо 12 гадоў, і ніякіх праблем няма: ён адгукаецца на нашы пажаданні, стараецца быць мужчынам.

- Гэта гены ці выхаванне?
- Гены многае вызначаюць. Але нельга не браць пад увагу, што бацькам трэба назіраць за сваімі дзецьмі і своечасова вызначыць іх схільнасці і здольнасці. Лічу, што, пакуль яны маленькія, ім трэба прапаноўваць розныя напрамкі для рэалізацыі сябе. У пачатковай школе, у кагосьці - крыху пазней, ужо вырысоўваецца карціна, максімальна раскрываюцца здольнасці. Важна даць дзіцяці магчымасць для самавызначэння.

- Музычная адукацыя ў вашай сям'і - гэта жаданне бацькоў або просьба дзяцей?
- Гэта наша жаданне. Я бачыла, што Ліза - дзяўчынка музыкальная, добра спявае. Яшчэ да школы вадзіла яе ў розныя вакальныя і танцавальныя студыі, на гімнастыку, на маляванне. На мой погляд, калі дзіця мае музычныя здольнасці, трэба аддаваць яго ў спецыялізаваную школу. Нам вельмі пашанцавала з педагогамі, усе трое дзяцей трапілі ў добрыя рукі.
Для мяне было відавочным, што Надзін інструмент - гэта фартэпіяна. Яна яшчэ зусім маленькай з задавальненнем садзілася за яго. Я бачыла, як у яе пальчыкі правільна клаліся на клавішы. У нас у сям'і ўсе маюць пачатковую музычную адукацыю. Я займалася па класе акардэона, а муж - фартэпіяна, хоць яго заўсёды больш прыцягваў спорт.

- Але музычная школа - гэта ўжо не модна, цяпер ёсць шмат іншых гурткоў. Вашы дзеці не супраціўляліся?
- Заняткі музыкай для іх не муштра. Мы не прымушаем іх ад відна да відна сядзець за інструментам і "пілаваць" гамы. У нас іншы падыход: у гасцінай стаіць фартэпіяна, дзяўчынкі выключна па сваім жаданні падыходзяць і граюць на ім хвілін 10-15 па некалькі разоў на дзень. Паверце, калі дзіця робіць гэта з задавальненнем, то гэтага дастаткова. Вядома, перад экзаменамі даводзіцца пасядзець даўжэй. Прымушаць ніколі не даводзілася. Лічу, калі ж у сям'і такое здараецца, то варта задумацца, ці ў тыя дзверы ты барабаніш. Хоць не выключана, што проста абраны няправільны падыход.

- Вы хацелі б, каб Надзя звязала сваё жыццё са сцэнай?
- Я не схільная па жыцці навязваць свой пункт гледжання, імкнуся ўспрымаць людзей такімі, якія яны ёсць, з іх поглядамі і жыццёвай пазіцыяй. Гэтага ж прынцыпу мы прытрымліваемся і ў адносінах да дзяцей. У Надзі я бачыла яркую энергію, якой быў неабходны выхад на сцэне. У нас дома так заведзена: сямейныя святы - гэта заўсёды міні-канцэрты, спектаклі. Надзя заўсёды іх з задавальненнем арганізоўвала (прыдумвала сцэнарый) і ўдзельнічала. З майго боку было важным даць ёй магчымасць рэалізаваць сябе. Няхай яна цяпер зразумее, гэта яе шлях ці не.
І зробіць свядомы выбар. Не выключана, што яе дарослае жыццё не будзе звязана са сцэнай. Ёй вельмі падабаецца прафесія настаўніка, і я бачу ў ёй добрыя задаткі для гэтага. У яе добрыя арганізатарскія здольнасці, можна пайсці і ў гэтым кірунку. Раней яна разважала і аб медыцыне.
Іншая справа, што ў яе вельмі шмат творчых ідэй. І я бачу, што яна пакуль не гатова адмовіцца ад іх. Літаральна некалькі дзён таму я даведалася, што яна піша аповесць. У яе рана пачалі нараджацца песні, цяпер, як мінімум, тры кампазіцыі чакаюць свайго часу. Як гэта пакінуць? Вершы яна піша з ранніх гадоў. Я сабрала іх і выдала зборнік. Прачытаўшы яго, можна адразу зразумець, што гэта за дзіця. Гэта чалавек з пачуццём гумару, але ў той жа час з глыбокім унутраным зместам. У дзесяць гадоў яна разважала пра дабро і зло, аб справядлівасці...

- У шоу-бізнесе, як кажуць, не ўсё годна і светла, а вы зараз акунуліся ў гэта жыццё. У Надзі не знікла жаданне быць на публіцы?
- На шчасце, можа быць таму, што Надзя вельмі светлы чалавек, мы не заўважаем побач дрэнных людзей. Так, ёсць інтэрнэт, дзе пасля нацыянальнага адбору былі ўсякія выказванні. Дачка хутка ўсё адфільтравала і зразумела, як на гэта трэба рэагаваць. Да нашага шчасця, усё ж негатыўных водгукаў вельмі мала. Можна сказаць, што зараз мы агорнутыя цеплынёй, падтрымкай.

- Падрыхтоўка да конкурсу не адбіваецца на вучобе?
- Адбіваецца. Надзя вучыцца на выдатна, але ў гэтай чвэрці даводзілася прапускаць урокі, таму і паспяховасць крыху горай. Але я сама дзіўлюся яе адказнасці: яна паставіла мэту пасля "Еўрабачання" вярнуцца да ранейшых адзнак.

- На каго з музыкантаў раўняецца ваша дачка?
- У яе няма куміраў. Яна аналітычна, глыбока да ўсяго ставіцца. Ёй цікава знайсці свой шлях. Яна складае музыку і вершы, такім чынам шукае сябе. Напрыклад, ёй падабаюцца некаторыя песні Ані Лорак, Уітні Х'юстан, Крысціны Алігеры, іншых спявачак. Але калі паглядзець яе аўдыяплэер, то там няма нейкіх пераваг пэўнага стылю, канкрэтнага выканаўцы. Яна выхоплівае адусюль патроху.

- Якой бачыце будучыню дачкі?
- Самае галоўнае, каб яна жыла ў гармоніі з сабой. Калі гэта ёсць, то ўсё роўна тэлезорка ты, настаўнік у школе або хатняя гаспадыня: ты проста шчаслівы чалавек.

Наталля СЦЯПУРА.