Марына Драгіна: "Радыёжурналіста ў кут не загоніш"

12.04.2004
“Культура”, 10 - 16 красавіка 2004 г.


12 красавіка ў 13.10 на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё зноў выйдзе ў эфір новая гісторыка-адукацыйная праграма "Мая краіна - Беларусь". Але на гэты раз яе вядучая - "залаты голас" Беларускага радыё, даўно знаёмы нам па такіх праграмах, як "У абедзенны перапынак", "Музычныя скрыжалі", "Мелодыі блакітнага экрана", "Музычны салон", "Сinema", "Беларускія старонкі" і "Дыскусійны клуб", "Свет кіно", "Тэатральны пад'езд", "Беларускі альбом". Напэўна, вы ўжо вымавілі гэта імя? Вы не памыліліся. Гэта - Марына ДРАГІНА. Сёння мы запрасілі яе ў нашую "V.І.Р." залу, каб распытаць і пра новую праграму, і пра тое, як ёй удаецца знайсці падыходы і "геlах"аваць сваіх вядомых і тытулаваных суразмоўцаў, і пра радыё XXI стагоддзя. Настройцеся на хвалю і ўявіце сабе гэты голас...

- Гэты выпуск праграммы будзе прысвечаны дзяржаўнай сімволіцы. "Мая краіна Беларусь" - гэта, нагадаю, гісторыка-адукацыйная праграма, якая будзе раскрываць розныя аспекты жыцця нашай краіны. Культура, палітыка - закрануты будуць розныя сферы. Мы пачнём з вытокаў той альбо іншай галіны культуры, палітыкі, пададзім ейную гісторыю - як развівалася яна на працягу апошняга стагоддзя, і скончым сённяшнім днём: у якім стане знаходзіцца сёння. Гэта будзе абсалютна панарамны зрэз падзеі, з'явы. Напрыклад, гэта праграма прымеркавана, паўтаруся, дзяржаўнай сімволіцы. Потым раскрыем некаторыя загадкі тапанімікі Мінска; успомнім і юбілей Веры Паўлаўны Рэдліх, колішняга рэжысёра Дзяржаўнага рускага тэатра. Будзем расказваць пра ўсё, што можа раскрыць адметнасць і унікальнасць Беларусі.

- Як часта выходзіць праграма?

- Кожны другі і чацвёрты панядзелак месяца 30 хвілін у эфіры.

- Яна такая ж неабдымная, як і "Беларускі альбом"? Дарэчы, удзел у "Маёй краіне..." не значыць, што вы пакінеце "БА"?

- У аніякім разе. I спадзяюся, што "Мая краіна - Беларусь" будзе гэткай жа неабдымнай. На пачатку выхаду "Беларускага альбома" мае калегі нават жартавалі з нашае каманды. Маўляў у вас усё: ад існавання першабытнага грамадства да XIX стагоддзя. Ці не занадта? Вы, кажуць, усё роўна хутка пойдзеце по крузе. I вось прайшоў час, і мы ніколі не паўтарыліся. "Беларускі альбом" - альбом бясконцы. Тут і музыка, і навука, і гісторыя...
Справа ў тым, што мы трошкі самаіранічныя. У гісторыка-пазнавальных перадачах нізавошта не трэба чытаць натацый. Сёння, у XXI стагоддзі, неабходна быць лёгкім і сучасным. Таму мы кожны матэрыял адаптавалі да сучаснасці. Што нас - сучаснікаў - можа зацікавіць у тым далёкім XVI стагоддзі ці ў першабытным грамадстве, на што мы б звярнулі ўвагу? Калі глядзець на прадмет менавіта так, адкрываюцца зусім нечаканыя рэчы.
Дарэчы, летась з "Беларускім альбомам", дзякуючы падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Малдове, я пабывала на Міжнародным форуме радыёжурналістаў. Абмяркоўвалася тэма, як дастукацца да сэрца слухачоў сродкамі радыё. На форуме прысутнічалі журналісты з сямі краін: Румыніі, Польшчы, Расіі, Украіны, само сабою - Малдовы і іншых. I мы аказаліся на вышыні. I таму, што нам удаецца дастукацца да адкрытых сэрцаў нашых слухачоў і таму, што беларускія "радыйшчыкі" сумяшчаюць у сабе не толькі журналістаў але і гукарэжысёраў. Таму што мы - у нейкім сэнсе універсалы. I гэта я магу сказаць пра ўсю нашу выдатную каманду "Беларускага альбома": пра Рамана Мышкоўскага, Людмілу Мітаковіч, Таццяну Песнякевіч, Святлану Хатылёву, Маргарыту Прохар...

- Марына, вы закранулі тэму радыё XXI стагоддзя. Якім яно, на вашу думку, павінна быць?

- Па-першае, тэхнічна дасканалым. Мы перайшлі з "аналагаў" на "лічбу", і гэта значна паляпшае ўмовы працы, не кажучы пра тое, што гэта проста захапляльна. Няма ў студыі перагародкі і разам з ёю адчування "акварыума". Па-другое, неабходна больш вобразная, выпуклая, але разам з тым і больш кароткая форма выпускаў. Псіхолагі сцвярджаюць, што ўвага чалавека рассейваецца праз 7 - 8 хвілін. Радыё не мае аніякага відэараду, і таму, каб затрымаць слухача, неабходна уга як пастарацца. Неабходны калейдаскоп з малых форм. I па-трэцяе, нам, журналістам, трэба быць усё больш віртуозамі, каб за кароткі адрэзак часу здолець расставіць акцэнты, знайсці цікавага суразмоўцу і яскрава падаць матэрыял. Час усё больш сціскаецца...

- Інтэрв'ю ў студыі. Ці павінна яно стаць болыы адкрытым, магчыма - больш падобным на дуэль?

- Не. Журналісту, гэта мая асабістая думка, не трэба пераступаць мяжу прыватнага. У кожнага з нас у жыцці былі ці ёсць трагедыі, і гэтую старонку мы не хочам гартаць. Не трэба да канца агаляць душу чалавека, няхай ён толькі трошкі прыадкрые сябе. А яго асабісты свет пакіньце для блізкіх яму людзей. Няхай нешта застанецца недагавораным. Гэта, дарэчы, мне падабаецца ў бяседзе больш за ўсё. Менавіта ў гэтых паузах у інтэрв'ю і жыве магія радыё.
Так, радыё не павінна маўчаць. Але часам паўзы ў дыялогу больш эмацыянальныя за словы. Часта пасля такіх момантаў тэлефануюць акцёры, рэжысёры і кажуць: вось у гэтую хвіліну ў мяне спынілася сэрца... Вось тут канцэнтруецца магія радыё - магія голасу, гульня і ўвага вядучага.

- Але госці бываюць розныя...

- Так, ёсць суразмоўцы, якія, скажам, увогуле на цябе не глядзяць. Што рабіць? Тады таксама на яго не глядзіш. I адбываецца ўсё нармальна. Ёсць і ахвотнікі "заваліць" пытаннямі, праверыць тваю эрудыцыю. Пасля гэткіх экзаменаў я проста ўпэўнілася ў адной "радыйнай" ісціне: радыёжурналіста ніхто ў кут не загоніць. Ён усё роўна будзе гаварыць. Праз некалькі хвілін "экзаменатар" здасца.

- Які ваш госць быў самым нечаканым у паводзінах?

- Быў такі. На пачатку маёй кар'еры мне быў дадзены дванаццаціхвілінны эксклюзіў з Віталем Мяфодзіевічам Саломіным. Мне сказалі быць вельмі дакладнай, не пытацца нічога лішняга, калі што не так - будзе скандал. Я прыйшла ў прызначаны час, а Віталя Мяфодзіевіча - няма. Я пабегла за кулісы, нагадала пра сябе арганізатарам інтэрв'ю: маўляў, мне абяцалі дванаццаць хвілін. I ў гэты момант размовы адкрываецца грымёрка і выходзіць Саломін. Той, хто павінен быў яму мяне прадставіць, стаіць проста ў шокавым стане і маўчыць. Што рабіць? Я падыходжу і называю сябе. I тут Саломін проста бялее ад гневу. Ведаеце, я ніколі такога ўсплёску эмоцый у жыцці за паўтара метра ад сябе не бачыла. "Я вас чакаў, а вы не палічылі патрэбным своечасова з'явіцца!", - выціснуў ён з сябе. У адказ працягваю яму мой гадзіннік: "Я не спазнілася", - шапчу. Ён глядзіць на мой гадзіннік, потым на свой, і тут высвятляецца, што паміж Мінскам і Масквой розніца ў гадзіну, і ён чакаў мяне па маскоўскім часе. I як дождж змывае пыл, так увесь гнеў умомант пакідае Саломіна, ён усміхаецца сваёй абаяльнай усмешкай і кажа: "Ну, добра, заходзьце. Вінаваты час, я вам дарую". I за тыя вызначаныя дванаццаць хвілін ён сам вырашыў расказаць мне пра сваю сям'ю. Вось такая гісторыя. Цяпер я ведаю, што значыць "спапяліць позіркам".

- Гэта гісторыя яшчэ вучыць і таму, як важна быць дакладным...

- Так. Сёння трэба быць вельмі арганізаваным чалавекам. Час да нас няўмольны. Але ўсё ж не забывацца на пачуцці і эмоцыі, бо яны - гэта наша жыццё. I радыё павінна не прапускаць гэтае самае важнае. Добра, што мы не можам забягаць наперад, а ідзём разам: час і радыё.

Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ.