Мары здзяйсняюцца

15.05.2015

"Звязда"

У камандзе тэлевядучых "Беларусь 2" - папаўненне

На рэаліці-шоу "Хачу ў тэлевізар!" вызначыліся з пераможцам. Запаветная мара трапіць у абойму вядучых тэлеканала "Беларусь 2" здзейснілася для Германа Малышчыцкага.

Зусім хутка яго працу можна будзе ацаніць у праграме "Тэлераніца". Тры фіналісты праекта таксама не засталіся ў пройгрышы. Вользе Мядзведзь і Яўгену Шуманскаму прапанавалі стажыроўку ў Агенцтве тэленавін, а Аляксандру Мойскаму - удзел у фінале конкурсу спартыўных каментатараў тэлеканала "Беларусь 5".

Мінулым летам Белтэлерадыёкампанія прэзентавала праект "Хачу ў тэлевізар!", а з часам за яго ўдзельнікамі тэлегледачы змаглі сачыць у аднайменным рэаліці-шоу. Па сутнасці, праект стаў першым у гісторыі беларускага тэлебачання, дзе ўдзельнікі маглі прайсці адкрыты курс падрыхтоўкі тэлевядучых. І на працягу трох месяцаў яны змагаліся за права стаць вядучым тэлеканала "Беларусь 2".

І вось "курс маладога байца" пройдзены і азы прафесіі, засвоеныя на праекце, цяпер пераможцы змогуць дэманстраваць на справе.

Таму чакайце сустрэчы з новым вядучым у эфіры "Беларусь 2".