Мальтыйскi "Анёл" прыляцеў

15.04.2005
"Звязда" (дадатак - газета "Чырвоная змена"), 15 красавіка 2005 г.


У рамках узаемных прома-тураў удзельнiкаў конкурсу песнi "Еўрабачанне-2005" нашу краiну наведала спявачка К’яра - прадстаўнiца Мальты.
Нягледзячы на тое, што багаж мальтыйскай дэлегацыi згубiўся, i сама К’яра, i член савета па падрыхтоўцы песнi Мальты Джозеф Далмас былi ў цудоўным настроi. За некалькi дзён, якiя яна правяла ў беларускай сталiцы, К’яра паспела даць тэле- i радыёiнтэрв’ю, вывучыла слова "Прывiтанне" i кароткi тэкст-прэзентацыю сваёй песнi "Анёл". (Дарэчы, i словы, i музыку да гэтай надзвычай прыгожай балады спявачка напiсала сама i прысвяцiла кампазiцыю свайму мужу - "гэта сапраўды анёл майго сэрца").
Для 28-гадовай К’яры сёлетнi ўдзел у "Еўрабачаннi" - ужо другi за кар’еру. Упершыню яна выйшла на еўрасцэну ў Бiрмiнгеме, у 1998 годзе, з кампазiцыяй "Адзiны, каго я кахаю". Песня - зноў жа меладычная балада, паколькi гэта любiмы жанр спявачкi - сваёй шчырасцю i пранiкнёнасцю настолькi захапiла людзей, што адразу ж заняла лiдзiруючую пазiцыю. Да перамогi К’яры не хапiла ўсяго 7 балаў - лiтаральна ў апошнiя хвiлiны галасавання наперад вырвалася Дана International з Iзраiля, i мальтыйская канкурсантка заняла ў вынiку крыўднае трэцяе месца. Зараз К’яра мае цвёрды намер "рэабiлiтавацца" i пазмагацца з выканаўцамi з iншых краiн за вяршыню "Еўрабачання". Праўда, пакуль яна чула толькi шэсць кампазiцый-канкурэнтак, у тым лiку i беларускую. Наконт нашай канкурсанткi Анжэлiкi Агурбаш мальтыйская спявачка адзначыла, што лiчыць яе песню вельмi годнай, а саму Анжэлiку - моцнай сапернiцай. "Я думаю, мы будзем спрачацца за першае месца", - з сур’ёзным выглядам заўважыла К’яра.
Дарэчы, прадстаўнiцы Мальты ёсць з чым выходзiць на "другi круг" мiжнароднага конкурсу песнi. За плячыма ў К’яры - нацыянальная прэмiя лепшай выканаўцы ў 1998 годзе, 3 сольныя альбомы (чацвёрты рыхтуецца зараз), выступленне на адной сцэне з "Бонi М" у 2001 годзе, супрацоўнiцтва з аўтарамi песень са Швецыi, Бельгii i ЗША.
Пачаўшы свой прома-тур з Беларусi, мальтыйская спявачка наведае таксама Лiтву, Iзраiль i Кiпр. У сваю чаргу, паведамiла кiраўнiк прэс-службы БТРК Святлана Краскоўская, Белтэлерадыёкампанiя чакае прома-вiзiтаў выканаўцаў з Балгарыi (15-16 красавiка), Кiпра (16-18 красавiка), Лiтвы (18-19 красавiка) i Iзраiля (20 красавiка).

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.