Малодшых школьнікаў запросяць у квест-гульню

18.02.2016

"Звязда"

У новым сезоне тэлеканал "Беларусь 3" пры падтрымцы Міністэрства адукацыі плануе прадставіць некалькі новых праграм для дзяцей і падлеткаў.

Падчас цырымоніі падпісання ў Белтэлерадыёкампаніі пагаднення аб супрацоўніцтве міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў падкрэсліў, што стварэнне дзіцяча-юнацкіх праектаў і праграм - гэта складаны працэс, які патрабуе і часу, і намаганняў для ўвасаблення.

- Я рады, што нашы сумесныя праекты будуць рэалізаваны і праграмы ўбачаць тэлегледачы. Пры гэтым будзе ахоплена ўся аўдыторыя - ад малодшых школьнікаў і падлеткаў да студэнтаў і педагогаў, - дадаў кіраўнік ведамства.

Міністэрства адукацыі стала партнёрам трох вялікіх праектаў. Адзін з іх - тэлевізійная адукацыйна-забаўляльная квест-гульня для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту. Праграма дазволіць пашырыць веды дзяцей пра навакольны свет. Дэвіз праекта: "Быць адукаваным - прэстыжна".

Яшчэ адна праграма ў лёгкай і даступнай форме распавядзе пра маладзёжную навуку, дасягненні беларускіх вучоных.

Таксама плануецца, што Мінадукацыі акажа падтрымку праграме "Размаўляем па-беларуску", якая ўжо выходзіць на тэлеканале "Беларусь 3". Праграма накіравана на вывучэнне беларускай мовы: удзельнікі тэлевіктарыны адказваюць на пытанні на веданне роднай мовы, літаратуры, этнаграфіі і мастацтва. Пры гэтым яны дэманструюць не толькі свае веды, але і вытрымку, хуткую рэакцыю, рашучасць, уменне дзейнічаць у камандзе і выбудоўваць стратэгію каманднай гульні.

Надзея НІКАЛАЕВА.