"Маiх пачуццяў словамі не перадаць..."

11.10.2013
"Звязда", 11 кастрычніка 2013 г.


Разам з Ільёй Волкавым, які сёлета будзе прадстаўляць Беларусь на дзіцячым конкурсе "Еўрабачанне-2013", у Кіеў паедзе інтэрнацыянальны танцавальны гурт. Пра гэта паведаміла падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік працоўнай групы дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне-2013" Людміла Барадзіна. Таксама яна адзначыла той факт, што прымаючы бок плануе выбіраць і ўзнагароджваць на гэты раз не аднаго, а адразу трох пераможцаў.
Сярод дзяўчат, якія задзейнічаны ў нумары Ільі, - грузінка, азербайджанка, полька, латышка і дзяўчынка з Расіі. Усе яны займаюцца ў вакальна-інструментальнай студыі "Максі брыз", што дзейнічае на базе 202-й школы Мінска. Па словах Людмілы Барадзіной, у нумары нашага ўдзельніка нічога кардынальна мяняць не плануецца. Будуць хіба што невялікія карэкціроўкі ў касцюмах і ў паводзінах саліста на сцэне, а яшчэ запішуць новую аранжыроўку. У склад беларускай дэлегацыі, якая адправіцца з Ільёй у Кіеў, - творчая група Белтэлерадыёкампаніі, маці хлопчыка, харэограф і педагог па вакале.
Ілья Волкаў ужо другі раз выступіць на сцэне міжнароднага конкурсу, але хлопец зазначае: "Для мяне вялікае шчасце, што я буду прадстаўляць сваю краіну на "Еўрабачанні". Гэта вельмі пачэсна. Маіх пачуццяў не перадаць словамі".
Акрамя музыкі, Ілья займаецца прафесійна спартыўна-бальнымі танцамі. І тут на яго рахунку не адна заслужаная перамога. Калі раней хлопчык марыў быць знакамітым дырыжорам, то сёння мара - стаць вялікім вакалістам і танцорам.
Летась ён займаўся плаваннем, але з-за недахопу часу з заняткамі прыйшлося развітацца. Сумяшчаючы заняткі танцамі і вакалам, юны талент знаходзіць час, каб пагуляць з сябрамі ў футбол, паглядзець фільмы пра фантастычныя падарожжы, а таксама пачытаць пра касмічныя прасторы.

Алена ДРАПКО.