Магiлёў гаворыць i паказвае па-беларуску

22.10.2009
"Звязда", 22 октября 2009 г.


Вяртанне роднай мовы ў эфiр Магiлёўскага тэлерадыёаб'яднання пачалося з выпускаў навiн. Ад 19 кастрычнiка рэгiянальныя тэлевiзiйныя навiны ў Магiлёўскай вобласцi выходзяць па-беларуску.

- Гэта толькi пачатак, - паведамiла дырэктар абласнога тэлерадыёаб'яднання Iрына Акуловiч. - Мы цяпер рыхтуем рубрыку "Слоўца", якая будзе адмысловым вiдэаслоўнiкам роднай мовы. Мы нагадаем нашым гледачам аб паходжаннi многiх беларускiх слоў.

Пераход на беларускую мову для журналiстаў студыi тэлебачання ў Магiлёве не стаў лёгкай справай. Як мiнiмум апошнiя тры гады ў рэгiянальным тэлеэфiры пануе руская мова. Але сёння рэдактары абклалiся актуальнымi слоўнiкамi i напружана працуюць над мовай: працаваць па-руску было лягчэй, але ўсе разумеюць, што тэлепраграмы па-беларуску iстотна паўплываюць на вяртанне роднай мовы ў публiчнае жыццё.
Дарэчы, навiны на беларускай мове зараз робяць тэлевiзiйныя студыi i ўсiх iншых абласных цэнтраў: рашэнне аб пераходзе на родную мову было адзiным.
Гэта першыя крокi беларусiзацыi. Мяркуецца, што з тэлеэкранаў працэс пойдзе ў культуру, адукацыю i iншыя сферы жыцця. Магiлёўскi аблвыканкам завяршыў распрацоўку цэлага комплексу мераў па прапагандзе беларускай мовы. Цяпер яго вывучаюць прафесiяналы, дакумент плануецца прыняць да выканання ў 2010 годзе.

Iлона IВАНОВА.