Мае песні тройчы маглі паехаць на "Еўрабачанне"!

26.04.2014
"Звязда", 26 красавіка 2014 г.

 
Літаральна некалькі дзён засталося да старту міжнароднага конкурсу песні, які адбудзецца сёлета ў Даніі. Ужо ў панядзелак наша дэлегацыя вылятае ў Капенгаген, а там - рэпетыцыі, здымкі, промамерапрыемствы, стасункі з еўрапейскай прэсай... Так што на "перадстартавае" інтэрв'ю Тэа, ён жа Юрый Вашчук, прыйшоў да нас ужо ў "чамаданным" настроі.

- Юра, нашы чытачы прасілі перадаць, што ты вельмі стыльны, і цікавіліся - няўжо так можна апранацца ў Беларусі?
- Ого! - весела здзівіўся спявак. - Дзякуй, вельмі прыемна. Насамрэч я заўжды меў слабасць да добрых касцюмаў. Таму і сцэнічны вобраз для конкурснай песні адразу прыдумаў. Чуў меркаванне, што песня "Cheesecake" вясёлая, пазітыўная і з пэўнай самаіроніяй, і яе стылістыка прадугледжвае крыху іншыя ўборы. Але я лічу, што пасыпаць цукар цукрам - гэта дрэнна, таму вырашыў не падкрэсліваць настрой нейкімі тынейджарскімі элементамі - красоўкамі, бейсболкамі, шырокімі джынсамі і ўсім астатнім, - а сыграць на супрацьпастаўленні, каб праз гэткі тэатральны прыём выклікаць у гледачоў правільныя эмоцыі. І - так, апранаўся ў Беларусі, прычым я даўнавата гэты касцюм не надзяваў, а для адбору якраз і спатрэбіўся. Настолькі зжыўся з вобразам, што з рэжысёрам-пастаноўшчыкам вырашылі нічога карэнным чынам не мяняць. Зразумела, для "Еўрабачання" касцюмчык будзе новы, і не адзін...

- Так, прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі паведаміла, што адных толькі кашуль табе пашылі сем, усе розных колераў, а яшчэ для беларускай дэлегацыі падрыхтавана 38 каляровых гальштукаў-бабачак. Куды ў яркіх фарбах будзеце хадзіць?
- Гальштукі сапраўды яркія, абсалютна розных колераў, так што, думаю, буду кіравацца ўласным настроем: сёння ў зялёным, заўтра ў белым. (Усміхаецца). Сапраўды, ва ўсёй нашай дэлегацыі будзе своеасаблівая ўніформа, каб нават візуальна падкрэсліць карпаратыўны дух. Выходзіць у свет будзем у агульнай стылістыцы, гэткае спалучэнне стылю casual і класікі.

"Хочаце пахудзець - адпраўляйцеся на "Еўрабачанне"

- Мне так здалося, што пры слове "чызкейк", у гастранамічным сэнсе, ты адразу насцярожваешся - крый Божа, зноў будуць частаваць. Колькі чызкейкаў давялося з'есці за час падрыхтоўкі?
- У грамах і паштучна я не лічыў, але вельмі, вельмі шмат. Першыя інтэрв'ю пасля перамогі ў нацыянальным адборы ішлі, як пад капірку: "А давайце мы будзем размаўляць у кавярні, дзе вы ясце чызкейк!". Была нават асцярога, што перастану любіць гэты дэсерт, хоць у класічным варыянце ён - вельмі смачная штука. Але знайшоў у гэтым свой плюс - калі яшчэ на халяву паясі столькі салодкага?.. І тое не спрацавала: колькі б ні еў чызкейкаў, усё адно худзеў! (Смяецца.)

- З гэтага моманту падрабязней - мноства дзяўчат жадалі б ведаць сакрэт такой салодкай дыеты...
- Шчыра кажучы, ніякіх спецыяльных дыет і рэжымаў я не прытрымліваюся, яно неяк міжволі адбываецца. Хутчэй за ўсё, гэта з-за таго, што не хапае часу паўнавартасна харчавацца. Плюс перыядычна ўзнікаюць (што называецца, знянацку) сітуацыі, якія трэба тэрмінова вырашаць, і ты нервуешся, перажываеш з гэтай нагоды. Дык вось у выніку дзясятак кіло і скінуў. Таму, калі хто хоча пахудзець - займіцеся падрыхтоўкай да "Еўрабачання"! Насамрэч (тут Юра робіцца вельмі сур'ёзным) пры ўсёй вонкавай салодкасці, якую відаць у тэлеэфірах ці публікацыях, за поспехам артыста стаіць вельмі вялікая праца, і я не буду ўтойваць, ёсць моманты, калі рэальна бывае вельмі цяжка справіцца з гэтай нагрузкай.

- А не бывае крыўдна, што 10 гадоў Юрый Вашчук працаваў як саліст аркестра Фінберга, кампазітар, аранжыроўшчык, а славу здабыў сцэнічны вобраз Тэа?
- Не, у мяне няма раздваення асобы, і ўнутры не змагаюцца два чалавекі, хто з іх больш круты. Па шчырасці, я наогул пра гэта не думаў - колькі працаваў і калі прыйшло шырокае прызнанне. Бо ў мяне ніколі не было мэты "прачнуцца славутым". Самая значная для мяне ацэнка, уласнае гэта выступленне ці аранжыроўка для іншага артыста - калі я бачу шчаслівыя вочы гледачоў і атрымліваю падзякі калег-артыстаў за песні. Вось гэта найлепшая ўзнагарода.

Ад "Чардаша" да "Cheesecake"

- Наколькі я ведаю, у цябе і "Еўрабачання" ў спісе асноўных прыярытэтаў не было. І ўсё ж такі, калі прачнулася цікавасць да гэтага конкурсу і адчуванне "на месцы гэтага ўдзельніка мусіў быць я"?
- О, "Еўрабачанне" я глядзеў з дзяцінства, разам з бацькамі. Гэта было такой добрай традыцыяй - усёй сям'ёй перажываць за тых, хто больш спадабаўся. Наколькі я памятаю, тады транслявалі яшчэ і конкурс у Сан-Рэма. І гэта былі дзве такія значныя падзеі, музычныя форумы, якія грэх прапусціць... Пазней ужо былі ўласныя спробы далучыцца да "Еўрабачання", напрыклад, у дуэце з Ганнай Благавай мы спрабавалі прайсці адбор. Ды наогул, штогод я прымаў у гэтым пэўны ўдзел - у ролі аранжыроўшчыка ці аўтара песень. Мае песні (у суаўтарстве з Леанідам Шырыным) тройчы маглі паехаць на "Еўрабачанне" - два гады мы пісалі для Алены Ланской, рабілі песню для гурта "3 плюс 2", але ўвесь час здараліся замены. Я на гэты конт асабліва не перажываў - калі ўсё так адбылося, напэўна, так павінна было быць. Калі раней было яскравае жаданне прабіцца на конкурс, то цяпер, па шчырасці, я атрымліваў задавальненне ад самога працэсу, пачынаючы з напісання песні і да фіналу нацыянальнага адбору.

- Значную долю поспеху нумару даў танец. Гэта прыроджаная пластыка, або ты спецыяльна займаўся харэаграфіяй?
- Не, у маім дыпломе няма такіх "галачак", як харэаграфія, - усміхаецца Юра, - але з дзяцінства ўдзельнічаў ва ўсякіх фальклорных гуртках. Хоць да цяперашняга танца гэта мае мала дачынення, бо тады я больш спецыялізаваўся па такіх танцах, як лысы, падэспань, кракавяк...

- Калі ўзгадаць, што ты яшчэ і ў музычнай школе па класе баяна займаўся, то мог атрымацца танцор-гарманіст, а зусім не эстрадны спявак?
- Напэўна, мог. Але ў нейкі перыяд я зразумеў, што эстрада мне бліжэйшая. У 8-м класе прапанавалі праслухоўванне ў Мінску, у ліцэі пры кансерваторыі. Там я ўбачыў хлопцаў са здаравеннымі баянамі, паўсагнутых пад гэтым цяжарам, і падумаў: што, і я так буду хадзіць? Тады я ўжо займаўся ў эстраднай студыі пры школе, іграў на сінтэзатарах. А ў тыя часіны той, хто валодаў сінтэзатарам, не пабаюся гэтага слова, валодаў светам: мы выступалі ў школах, піянерскіх лагерах; новыя знаёмствы, захапленні дзяўчат - зразумела, гэта вабіла. І я ўсведамляў, што з баянам будучыню звязваць не буду. Хоць форму падтрымліаў, узгадваў перыядычна любімыя творы - "Чардаш" Монці, "Палёт чмяля"... Добра, што ў сям'і не было наказаў, маўляў, ты, сын, музыкай не займайся, а займайся банкаўскай справай. Тата сказаў мне толькі адно: "Не важна, якую прафесію ты абярэш - галоўнае, каб у ёй імкнуўся стаць адным з лепшых". Нават у музычную школу я сам запісаўся, потым толькі бацькам прынёс квіток на аплату.

Каб мама не дарэмна хвалявалася

- Пры цяперашнім шчыльным графіку як удаецца сумяшчаць падрыхтоўку да "Еўрабачання" і вядзенне двух тэлепраектаў?
- Прызнаюся - складана. Для праекта "Наперад у мінулае", напрыклад, яшчэ месяц таму давялося вельмі актыўна папрацаваць, каб пакінуць задзел на некалькі праграм. Займацца пяццю справамі адначасова цяжкавата. І гэта мне яшчэ пашанцавала, сёлета не было маштабнага проматура. Для перадконкурснай "раскруткі" мы здзейснілі літаральна некалькі паездак, у тым ліку ў Амстэрдам і Маскву.

- Дарэчы, пра нядаўняе выступленне ў Маскве. Напярэдадні конкурсу паміж удзельнікамі адчуваецца канкурэнцыя, ці для вас гэта адна вялізная тусоўка?
- Як я адчуў атмасферу, дух саперніцтва адсутнічае наогул - гэта не нацягнутыя ўсмешкі і дзяжурныя прывітанні, а сапраўды цікавыя знаёмствы і новыя стасункі. Спадзяюся, у Капенгагене якія-небудзь з гэтых знаёмстваў перарастуць у дружбу і далейшае супрацоўніцтва.

- Ведаю, што многія артысты прымхлівыя. У цябе ці ёсць нейкі амулет на ўдачу?
- Я спрабую пазбягаць усіх гэтых прымхаў і звязаных з імі трывог, але сапраўды ёсць талісман, які будзе са мной на конкурсе.

- Наступны тыдзень ты ўжо сустрэнеш у Капенгагене. Хоць колькі слоў на дацкай вывучыў?
- Думаю, давядзецца. Але пакуль што, шчыра прызнаюся, не вывучыў ні слова, так што нават не пытайце, як будзе па-дацку "добры вечар" ці "дзякуй"! Вярнуся - скажу.

- Хто для цябе самы строгі крытык?
- Гэта мае бацькі. Калі я патэлефанаваў пасля нацыянальнага фіналу, пацікавіўся ўражаннямі, сказалі: "Нешта з праходкай у цябе было не тое..." (Смяецца.) Насамрэч яны вельмі хвалююцца. Я столькі не перажываю, колькі перажывае мама, і як бы я яе ні ўгаворваў, яна ўсё адно не можа стрымаць эмоцыі, дый тата, хоць вонкава рэагуе больш спакойна, таксама за мяне хварэе. Вельмі хачу, каб іх перажыванні не былі дарэмнымі.

- І мы ад усяго сэрца на тое ж спадзяёмся. Дай, Божа, каб было ўсё гожа!
- Дзякуй. З Богам!

Да ведама

Юрый Вашчук, 31 год, па гараскопе Вадалей. Выпускнік эстраднага аддзялення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, саліст Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Прадстаўнік Беларусі на міжнародным конкурсе песні "Еўрабачанне-2014". Выйдзе на сцэну ў другім паўфінале, 8 мая, пад нумарам 10, з песняй "Cheesecake". Акрамя яго, у нумары ўдзельнічаюць 3 бэк-вакалісты і 2 танцоры.
Сёлетні конкурс пройдзе ў Капенгагене з 6 па 10 мая пад лозунгам "Joіn Us" - "Далучайцеся". Удзел у ім бяруць прадстаўнікі 37 краін. Дарэчы, беларусы ўбачаць абодва паўфіналы і фінал конкурсу ў трансляцыі "Беларусь 1" і "Беларусь 24". 

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.