Мачо пад нумарам 9

19.03.2008
"Звязда", 19 марта 2008 г.


Прадстаўнік Беларусi Руслан Аляхно выступiць у другiм паўфiнале мiжнароднага конкурсу "Еўрабачанне" 22 мая пад нумарам 9. Парадак выступлення канкурсантаў вызначыўся на жараб'ёўцы, якая адбылася ў Бялградзе падчас сустрэчы кiраўнiкоў дэлегацый краiн-удзельнiц.
"Еўрабачанне-2008", рэкорднае па колькасцi ўдзельнiкаў, нагадаем, складаецца сёлета з двух паўфiналаў, у кожным з якiх выступiць па 19 краiн, i фiналу, куды аўтаматычна трапiлi краiны - заснавальнiкi конкурсу - Вялiкабрытанiя, Германiя, Iспанiя, Францыя - i леташнi пераможца, цяперашнi арганiзатар - Сербiя. Першы паўфiнал адбудзецца 20 мая i яго, паводле жэрабя, адкрые Чарнагорыя, а закрые Грэцыя. Расiйскаму прадстаўнiку Дзiму Бiлану дастаўся перадапошнi, 18-ы нумар. У другой "квалiфiкацыi" 22 мая першай выступiць Iсландыя, а завершыць паўфiнал Партугалiя. Удзельнiцы з Украiны Анi Лорак выпаў нумар 4. З iншых постсавецкiх краiн у другiм паўфiнале выступаюць Лiтва, Латвiя i Грузiя, якую, нагадаем, прадставiць Дыяна Гурцкая. Што да жараб'ёўкi фiналу, то першая i апошняя пазiцыі засталiся вакантнымi для выхадцаў з паўфiналаў, нумар 2 дастаўся Вялiкабрытанii, пад нумарам 4 - Германiя, нумар 19 - у Францыi, 22 i 23 - адпаведна, у Iспанii i Сербii. Усяго ў фiнале конкурсу, якi, дарэчы, будуць весцi добра знаёмы нам спявак Жэлька Йоксiмавiч i папулярная тэлевядучая Йована Янковiч, выступяць прадстаўнiкi 25 краiн.
Акрамя вызначэння парадкавых нумароў канкурсантаў, кожная з краiн-удзельнiц прадставiла ў сербскай сталiцы неабходныя матэрыялы: фатаграфii ўдзельнiкаў, аўдыёзапiс i "мiнусавую" фанаграму конкурснай кампазiцыi, вiдэаклiпы, схему размяшчэння артыстаў на сцэне i г.д. Рыхтуючыся да конкурсу, напрыклад, прадстаўнiк нашай краiны Руслан Аляхно не толькi перапiсаў песню "Hаstа lа Vistа" ў больш "рокавым" варыянце, але i ўласны iмiдж з лёгкай рукi грэчаскiх стылiстаў памяняў на больш жорсткi, нават брутальны - гэткi няголены мачо. 
- Цi вядома ўжо, хто выйдзе разам з Русланам на сцэну ў Бялградзе? - пацiкавiлiся мы ў выканаўчага прадзюсара Белтэлерадыёкампанii Настассi Цiхановiч. 
- Плануецца, што гэта будзе балет i бэк-вакалiсты. Канкрэтных iмёнаў мы пакуль што не называем - магу сказаць толькi, што творчая каманда будзе iнтэрнацыянальнай.
 
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.